Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.06.2019

Прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі расказалі аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Аперацыя “Багратыён”

12 чэрвеня 2019 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя на тэму “Аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Аперацыя “Багратыён” (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі)”. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Андрэй Салаўянаў, вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Сяргей Траццяк, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Анатоль Крыварот, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Ірына Варанкова, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Навукоўцы Інстытута гісторыі расказалі пра падрыхтоўку да форуму, які адбудзецца ў Акадэміі навук 27-28 чэрвеня 2019 г. “Гэта маштабны міжнародны навуковы форум, які збярэ больш за сто ўдзельнікаў з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Германіі, Літвы, Расіі. Мерапрыемства пройдзе не толькі як навуковая канферэнцыя, але і як праект патрыятычнай накіраванасці, – расказаў Вячаслаў Даніловіч. – Акрамя навукоўцаў, у адкрыцці канферэнцыі будуць прымаць удзел прадстаўнікі вучнёўскай моладзі, ветэраны. Форум будзе канцэнтраваць намаганні ўсіх грамадскіх навуковых арганізацый, навучальных устаноў па захаванні аб’ектыўнай памяці пра падзеі, звязаныя з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў”.