Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.08.2019

Пайшоў з жыцця акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Карабанаў

3 жніўня 2019 года на 67-м годзе жыцця памёр акадэмік НАН Беларусі, вядомы вучоны ў галіне рэгіянальнай геалогіі, геадынамікі, геамарфалогіі і палеагеаграфіі, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, дырэктар ДНУ “Інстытут прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Карабанаў Аляксандр Кірылавіч.

Развітанне з акадэмікам Карабанавым А.К. адбудзецца 6 жніўня (аўторак) 2019 г. у 11:00 у вялікай канферэнц-зале НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66).

Грамадзянская паніхіда пачнецца ў 12:00

Усё жыццё акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Карабанава звязана з навукай. Пасля заканчэння ў 1974 г. геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Карабанаў А.К. працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: з 1985 г. – старшым навуковым супрацоўнікам, з 1992 г. – загадчыкам лабараторыі. З 2008 г. яго працоўная біяграфія звязана з Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі, дзе ён працаваў спачатку загадчыкам лабараторыі геадынамікі і палеагеаграфіі, а з лютага 2009 года – дырэктарам Інстытута. У 1983 г. А.К.Карабанаў паспяхова абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата, у 2002 г. – доктара геолага-мінералагічных навук. У 2004 г. абраны членам-карэспандэнтам, а ў 2014 годзе – акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2011 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара.

Акадэмікам А.К. Карабанавым распрацавана канцэпцыя і створана тэарэтычная мадэль найноўшай і сучаснай геадынамікі тэрыторыі Беларусі і сумежных рэгіёнаў Усходне-Еўрапейскай платформы, прапанавана методыка складання неатэктанічных карт, якія маюць важнае значэнне для практыкі правядзення геолага-здымачных і геолагаразведачных работ, абгрунтавання выбару аптымальных пляцовак для будаўніцтва адказных інжынерных збудаванняў, а таксама ацэнкі найноўшай і сучаснай тэктанічнай актыўнасці разрыўных парушэнняў у сувязі з задачамі забеспячэння бяспечнай эксплуатацыі і планавання горных работ. Пад кіраўніцтвам А.К.Карабанава выкананы комплекс інжынерна-геалагічных работ па выбары пляцоўкі для размяшчэння Беларускай атамнай электрастанцыі і ацэнцы яе ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, распрацаваны прагноз і асновы фарміравання стратэгіі асваення мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі. Вынікі дадзеных даследаванняў выкарыстаны Дэпартаментам па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, геафізічнай экспедыцыяй Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белгеалогія”, Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Космааэрагеалогія”.

Толькі за апошнія пяць гадоў А.К.Карабанаў распрацаваў тэктона-неагеадынамічную мадэль і выявіў заканамернасці глыбіннай будовы і геадынамікі зямной кары і літасферы Беларусі і сумежных рэгіёнаў, склаў тэктанічную карту Беларусі маштабу 1: 500000, на якой удакладнены межы рэгіянальных тэктанічных структур. Ім праведзена тыпізацыя і вызначана пазіцыя платформенных і даплатформенных разломаў, выканана неатэктанічнае раянаванне тэрыторыі. Па выніках гэтых даследаванняў апублікавана дзве манаграфіі.

Акадэмік А.К.Карабанаў – аўтар звыш 300 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій. Вынікі яго даследаванняў атрымалі прызнанне навуковай грамадскасці як у Беларусі, так і за яе межамі.

А.К.Карабанаў з’яўляўся арганізатарам і навуковым кіраўніком Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся (2010-2015 гг.), Дзяржаўнай праграмы “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый” (2011-2015 гг.), дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял” (2011-2015 гг.), “Прыродакарыстанне і экалогія” (2016-2020 гг.). Акадэмік Аляксандр Карабанаў быў галоўным рэдактарам зборніка навуковых прац “Прыродакарыстанне”, членам рэдкалегіі пяці замежных навуковых часопісаў. Шмат увагі надаваў педагагічнай дзейнасці, з’яўляючыся кіраўніком філіяла кафедры дынамічнай геалогіі геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.