Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.09.2019

Вучоныя Беларусі, Расіі, Кітая і Украіны выпрацуюць прагнозы развіцця навукова-тэхнічнай сферы

26 верасня 2019 года ў НАН Беларусі адкрылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сістэма “навука-тэхналогіі-інавацыі”: метадалогія, вопыт, перспектывы”. Арганізатар мерапрыемства – Дзяржаўная навуковая ўстанова “Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі”.

Гэта навукова-арганізацыйнае мерапрыемства, якое стала традыцыйным, сабрала навукоўцаў і экспертаў Беларусі, Расіі, Украіны і Кітая па шырокім коле пытанняў, якія ахопліваюць актуальныя трэнды, мадэлі і прагнозы развіцця навукова-тэхнічнай сферы, працэсы дыфузіі (пранікнення) тэхналогій у сістэме “навука – вытворчасць”; рэсурсы і інфраструктуру інавацыйнага развіцця. У яе ходзе будзе дадзены глыбокі аналіз актуальных трэндаў, мадэляў і прагнозаў развіцця навукова-тэхнічнай сферы. Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў, сёння асаблівая ўвага надаецца аб’яднанню намаганняў спецыялістаў розных напрамкаў навукі ў вырашэнні важных задач і стварэнню творчых калектываў спецыялістаў на між- і мультыдысцыплінарных асновах, якія працуюць па прыярытэтных кірунках. “Шырокі міждысцыплінарны дыялог вучоных дапаможа выпрацаваць новы погляд на развіццё эканомікі і навукова-тэхнічнай сферы”, – падкрэсліў Валерый Ганчароў. У якасці перспектыўных вектараў на сярэднетэрміновую перспектыву вучоныя разглядаюць цэлы пакет задач навуковага забеспячэння, якія трэба будзе вырашыць: ад атамнай, аднаўляльнай энергетыкі і развіцця электратранспарту да тэхналогій для чалавека будучыні і IT-краіны, авіякасмічных і біятэхналогій, дакладнай сельскай гаспадаркі, тэхналогій інтэлектуалізацыі грамадства і забеспячэння яго бяспекі і шэрагу іншых.

На Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сістэма “навука-тэхналогіі-інавацыі”: метадалогія, вопыт, перспектывы», якая праходзіць у Мінску 26 - 27 верасня, навукоўцы і практыкі розных краін абмяркуюць канцэптуальныя аспекты фарміравання мадэлі эканомікі інтэлекту; магчымыя рашэнні па ўрэгуляванні праблемных пытанняў развіцця вытворча-эканамічнай кааперацыі ў ЕАЭС; роля Беларусі ў глабальных ланцужках гандлю паслугамі; актуальныя напрамкі ўдасканалення працэсу атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі; напрамкі інавацыйнай палітыкі ва ўмовах гуманітарна-тэхналагічнай рэвалюцыі. Не абыдуць увагай удзельнікі форуму і такія праблемы, як: сацыяльныя вынікі цыфравізацыі і роля нейронаў у сцэнарыях развіцця тэхналогій будучыні.

Праграма канферэнцыі