Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.10.2019

НАН Беларусі сфарміравала “праекты будучыні”

НАН Беларусі сфарміравала “праекты будучыні”. Пра гэта паведаміў 9 кастрычніка 2019 года на нарадзе па пытанні рэалізацыі “праекта будучыні” па развіцці электроннай прамысловасці краіны Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўжо ўнесла ў ДКНТ прапановы аб фарміраванні шэрагу такіх праектаў, а сёння прапаную разгледзець “праект будучыні”, правобразам якога з’яўляецца інавацыйна-прамысловы кластар “Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка”, створаны ў 2017 годзе намаганнямі шэрагу акадэмічных арганізацый, арганізацый Міністэрства прамысловасці, Дзяржкамваенпрама і Міністэрства адукацыі”, – адзначыў кіраўнік Акадэміі навук.

Сфарміраваныя па даручэнні ўрада “праекты будучыні” будуць арыентаваны на новыя вытворчасці, тэхналогіі і тавары, якія адпавядаюць сусветным тэндэнцыям, з улікам развіцця рынкаў збыту. “Плануецца, што структурныя “праекты будучыні” будуць адначасова інстытутамі развіцця і пунктамі росту новай эканомікі. У іх будуць выкарыстоўвацца ўсе прагрэсіўныя падыходы да арганізацыі вытворчасці: праектныя прынцыпы, карпаратыўнае кіраванне, энергаэфектыўнасць, экалагічнасць, выкарыстанне новых тэхналогій, а таксама стварэнне новых вытворчасцей. Рэалізацыя “праектаў будучыні” будзе ажыццяўляцца з удзелам Акадэміі навук і зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў пры навукова-тэхнічным суправаджэнні Акадэміі навук, а таксама на аснове перспектыўных замежных тэхналогій у рамках міжнароднага супрацоўніцтва”, – паведаміў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Мэтай прапанаванага Акадэміяй навук “праекта будучыні”, які базіруецца на дасягненнях і патэнцыяле арганізацый-удзельнікаў кластара, можа стаць выпрацоўка апераджальных навуковых падыходаў і прарыўных тэхналагічных рашэнняў у галіне вытворчасці абсталявання і матэрыялаў для цвёрдацельнай электронікі, а таксама стварэнне інавацыйных экспарта-арыентаваных і імпартазамяшчальных вырабаў мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі грамадзянскага і спецыяльнага прызначэння. Як было адзначана на нарадзе, ад эфектыўнасці ўзаемадзеяння арганізацый у кластары шмат у чым залежыць будучыня мікра-, опта-, ЗВЧ-электронікі, мікрасістэматэхнікі і ўсяго электроннага машынабудавання ў Беларусі.

9 кастрычніка ў НАН Беларусі адбылася нарада па пытанні ўдзелу інавацыйна-прамысловага кластара “Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка” ў рэалізацыі “праекта будучыні” па развіцці электроннай прамысловасці краіны “Новыя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы для электронікі, інавацыйныя экспартаарыентаваныя і імпартазамяшчальныя вырабы мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі грамадзянскага і спецыяльнага прымянення”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрства прамысловасці, міністэрства адукацыі, ДКНТ, Дзяржкамваенпрама, прамысловых прадпрыемстваў (ААТ “Інтэграл”, ААТ “Планар”, ААТ “Мінскі НДІ радыёматэрыялаў”), вышэйшых навучальных устаноў (БДУ, БДУІР, БНТУ), акадэмічных арганізацый (ДНВА “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка”, Інстытут фізікі НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве), якія ўваходзяць у склад інавацыйна-прамысловага кластара “Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка”. Удзельнікі нарады выказалі прапановы па актуальных напрамках развіцця мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі для магчымага ўключэння ў канцэпцыю праекта, абмеркавалі навуковае забеспячэнне праекта і фарміраванне Дзяржаўнай праграмы развіцця гэтай галіны на 2021-2025 гады, пытанні прыцягнення інвестыцый на развіццё даследчай матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэнне новых вытворчасцей у ходзе рэалізацыі прапанаванага “праекта будучыні”.

Інавацыйна-прамысловы кластар “Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка” быў створаны ў пачатку 2017 года ў мэтах пашырэння міждысцыплінарнага супрацоўніцтва розных арганізацый Рэспублікі Беларусь, якія спецыялізуюцца ў галіне мікра-, опта- і ЗВЧ-электронікі, а таксама для знаходжання новых галін навуковай і вытворчай дзейнасці. Дзейнасць кластара накіравана на прыняцце арганізацыямі-удзельнікамі ўзгодненых рашэнняў, у адпаведнасці з сусветнай кан’юктурай на рынку мікраэлектронікі і электроннага машынабудавання. На сённяшні дзень кластар з’яўляецца адным з рэальна працуючых аб’яднанняў падобнага роду і прыкладам плённага ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі і ведамствамі. Яго функцыянаванне дазволіла рэалізаваць зладжаную сумесную працу арганізацый Акадэміі навук, ВНУ, прамысловых прадпрыемстваў. На сённяшні дзень ужо сфарміраваны 11 рабочых груп па найбольш актуальных, перш за ўсё для прамысловых прадпрыемстваў, напрамках дзейнасці.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”


Тэгi
#праекты