Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.10.2019

У НАН Беларусі пачаў работу Першы міжнародны кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”

31 кастрычніка 2019 г. у НАН Беларусі пачаў работу Першы міжнародны кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”, прысвечаны 90-годдзю заснавання аднаго з найстарэйшых інстытутаў у сістэме Акадэміі навук – Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

У форуме прымае ўдзел больш за 130 навукоўцаў-беларусістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы.

Асноўныя напрамкі ў рабоце навуковага форуму: сучасная беларуская мова ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, міжславянскія моўныя і культурныя кантакты, роля IT у правядзенні лінгвістычных даследаванняў, фразеалогія і моўная карціна свету, стылістыка тэксту, праблемы перакладу, роля мовазнаўства ў сучаснай гуманітарыстыцы і інш.

Увазе ўдзельнікаў Кангрэсу была прадстаўлена спецыяльная выстава, прысвечаная гісторыі беларускага мовазнаўства. На ёй можна было ўбачыць шэраг унікальных і рарытэтных выданняў, створаных вучонымі Інстытута за 90 гадоў, якія складаюць залаты фонд айчыннага мовазнаўства. Сярод іх: “Граматыка беларускай мовы” ў 2 тамах, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” ў 37 выпусках, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 6 тамах, “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” і інш.