Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line



90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси Анатоль Мікалаевіч Рубінаў Да 60-годдзя з дня нараджэння

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Анатоль Мікалаевіч Рубінаў (Да 60-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларуси
СЕРИЯ ФИЗИКО-МАТЕМАТИЧЕСКИХ НАУК

Издатель: Институт математики НАН Беларуси, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 2, 1999 (C. 135--137)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Аляхновіч М.М., Апанасевич П.А., Буракоў В.С. і інш.
Анатоль Мікалаевіч Рубінаў (Да 60-годдзя з дня нараджэння)

15 красавіка 1999г. споўнілася 60 гадоў выдатнаму беларускаму вучонаму ў галіне лазернай фізікі і спектраскапіі, акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару фізіка-матэматычных навук, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, лаўрэату Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, загадчыку лабараторыі Iнстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава, прафесару Анатолю Мікалаевічу Рубінаву.

А.М. Рубінаў нарадзіўся ў г. Магілёве ў сям'і інжынера. У 1961 г. ён з адзнакай заканчвае фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і пачынае паспяховую навуковую дзейнасць у Інстытуце фізікі АН БССР пад кіраўніцтвам Б.І. Сцяпанава. У 26 гадоў ён абараняе кандыдацкую, а ў 33 гады -- доктарскую дысертацыі. У трыццаць адзін год ён назначаецца загадчыкам арганізаванай ім навуковай лабараторыі. Цяпер сярод вучняў Анатоля Мікалаевіча пяць дактароў і трыццаць кандыдатаў навук. Ён аўтар звыш 300 навуковых работ, некалькіх манаграфій і многіх вынаходак.

Першыя работы А.М. Рубінава былі звязаны з даследаваннем лазераў на рубіне і неадымавым шкле. Ім распрацаваны арыгінальныя метады вызначэння ўласцівасцей лазерных асяроддзяў пры іх апраменьванні магутнымі светлавымі патокамі, упершыню выяўлена і вывучана паглынанне ўзбуджанага рубіну. Гэтыя работы адыгралі важную ролю ў састаўленні поўнага балансу энергіі рубінавага лазера і вызначэнні яго гранічна дасягальнай эфектыўнасці. Распрацаваныя ім метады пасля паспяхова выкарыстоўваліся ў Інстытуце крышталяграфіі АН БССР.

У 1963--1964 гг. А.М. Рубінаў разам з Б.І. Сцяпанавым тэарэтычна абаснаваў магчымасць атрымання лазернай генерацыі на растворах арганічных фарбавальнікаў, вызначыў неабходныя ўмовы яе рэалізацыі і прадказаў галоўныя ўласцівасці. У 1966 г. ён разам з В.А. Мастоўнікавым такую генерацыю атрымаў эксперыментальна (адначасова і незалежна ад вучоных ЗША і ФРГ).

Названыя работы адкрылі шырокі фронт даследаванняў і распрацовак лазераў на фарбавальніках ва ўсім свеце. Лазеры на фарбавальніках як прыборы, здольныя забяспечыць плаўную перастройку частаты кагерэнтнага выпраменьвання, занялі прыкметнае месца ў арсенале лазернай тэхнікі. Гэтаму ў значнай меры садзейнічалі і далейшыя піянерскія працы А.М. Рубінава і яго вучняў. Імі ў 60-я і наступныя гады быў праведзены абшырны комплекс даследаванняў, прысвечаных высвятленню механізма генерацыі і звязанных з ёй фотахімічных і фотафізічных працэсаў у растворах фарбавальнікаў, распрацоўцы спосабаў пампавання, плаўнай перастройкі частаты і звужэння спектра генерацыі, пошуку і даследаванню новых шырокапалосных тыпаў актыўных асяроддзяў. Усё гэта прывяло да стварэння ў Інстытуце фізікі цэлай серыі лазераў на фарбавальніках рознага прызначэння, якія дазваляюць генерыраваць кагерэнтнае выпраменьванне ва ўсім бачным і прылягаючым да яго інфрачырвоным і ультрафіялетавым дыяпазонах.

У 1972 г. за адкрыццё і распрацоўку лазераў на фарбавальніках А.М. Рубінаў разам з Б.І. Сцяпанавым і В.А. Мастоўнікавым узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Плёнными і значнымі працамі А.М. Рубінава і яго вучняў (Т.Ш. Эфендзіева і інш.) аказаліся даследаванні і распрацоўкі лазераў на фарбавальніках з размеркаванай зваротнай сувяззю (РЗС-лазераў), у тым ліку галаграфічных РЗС-лазераў. У РЗС-лазерах зваротная сувязь і перастройка частаты генерацыі ажыццяўляюцца шляхам кіравання параметрамі выпраменьвання пампоўкі ў актыўным асяроддзі, што робіць іх даволі зручнымі і параўнальна таннымі для розных спажыўцоў.

Значны ўклад унёс А.М. Рубінаў у даследаванне характарыстык нелінейнага інтэрферометра Фабры--Перо і з'явы нелінейнага поўнага ўнутранага адбіцця, а таксама ў развіццё метаду ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Ён упершыню даказаў магчымасць і вывучыў асаблівасці прымянення гэтага метаду пры выкарыстанні лазераў на фарбавальніках, прапанаваў варыянты вымярэнняў, якія істотна павышаюць яго адчувальнасць і спяктральную раздзяляльную здольнасць.

Другі шырокі напрамак навуковай дзейнасці А.М. Рубінава -- спектраскапія раствораў складаных арганічных злучэнняў і распрацоўка метадаў кінетычнай лазернай спекраскапіі, У гэтым напрамку Анатоль Мікалаевіч і яго вучні (М.М. Асімаў, Б.А. Бушук, М.А. Нямковіч, В.І. Томін і інш.) атрымалі шэраг вынікаў, якія маюць вялікае навуковае і прыкладное значэнне. У прыватнасці, яны развілі фізічныя асновы флуктуацыйных мікранеаднароднасцей у растворах арганічных злучэнняў і вывучылі іх праявы ў спектрах паглынання і выпраменьвання. Упершыню выяўлена неаднароднае пашырэнне спектраў малекул фарбавальнікаў у растворах, вызначаны новыя з'явы і ўласцівасці раствораў, прапанаваны новы метад спектральнага даследавання гетэрагенных сістэм, які знайшоў шырокае прымяненне ў многіх лабараторыях свету і атрымаў назву "Спектраскапія чырвонага гранічнага ўзбуджэння".

Шырокую папулярнасць і прызнанне атрымалі таксама працы ў галіне кінетычнай лазернай спектраскапіі. Тут былі распрацаваны арыгінальныя палярызацыйныя метады вымярэння кінетыкі звышхуткіх спектраскапічных працэсаў, якія ўпершыню дазволілі даследаваць кінетыку ўтварэння і разрыву міжмалекулярных вадародных сувязей у растворах і вызначыць уплыў гэтых працэсаў на іх спектраскапічныя ўласцівасці.

За фундаментальныя даследаванні флуктуацыйных мікранеаднароднасцей у растворах А.М. Рубінаў у саставе аўтарскага калектыву быў узнагароджаны ў 1994 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Значны цыкл работ А.М. Рубінава і яго вучняў прысвечаны развіццю метадаў вымярэнняў і даследаванню спектраскапіі ўзбуджаных станаў арганічных малекул. Яны даследавалі ўласцівасці ўзбуджаных станаў многіх арганічных злучэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў квантавай электроніцы, устанавілі шляхі і механізмы рэлаксацыі ў такіх сістэмах і іх ўплыў на характарыстыкі лазераў.

Выкарыстоўваючы метады спектраскапіі чырвонага гранічнага ўзбуджэння і лазернай спектраскапіі часавага раздзялення ў камбінацыі з метадам флуарэсцэнтнага зонда, А.М. Рубінаў і яго вучні развілі новы падыход да даследавання біялагічных мембран. Такі падыход дазволіў атрымаць унікальную інфармацыю аб прасторавым размеркаванні мікрапараметраў мембраны па яе глыбіні, а таксама адкрыў новыя магчымасці да даследавання гэтага важнага класа медыка-біялагічных аб'ектаў.

Побач з даследаваннямі фундаментальнага характару А.М. Рубінаў удзяляе вялікую ўвагу і прыкладным распрацоўкам. Ён быў адным з ініцыятараў развіцця лазернага прыборабудавання ў нашай Акадэміі навук. Распрацаваныя пад яго кіраўніцтвам арыгінальныя лазерныя прыборы неаднаразова адзначаліся дыпломамі і медалямі ВДНГ, былі ўдастоены залатога медаля міжнароднай Лейпцыгскай ярмаркі, выпускаліся серыйна і пастаўляліся не толькі ў рэспублікі СССР, але і за мяжу.

А.М. Рубінаў карыстаецца высокім аўтарытэтам у навуковых колах краін былога Савецкага Саюза і далёкага замежжа. Ён уваходзіць у склад рэдакцый шэрагу вядомых расійскіх і міжнародных часопісаў, рэгулярна ўключаецца ў аргкамітэты прэсціжных навуковых канферэнцый, актыўна ўдзельнічае ў міжнародным супрацоўніцтве. Як загадчык лабараторыі і намеснік дырэктара па навуковай працы (1987--1998 гг.), Анатоль Мікалаевіч уносіў і ўносіць вялікі ўклад у фарміраванне навуковай тэматыкі Інстытута фізікі, у развіццё і падтрымку ў інстытуце дзелавой, творчай атмасферы.

Сваё шасцідзесяцігоддзе вучоны сустракае ў росквіце творчых сіл. Шматлікія калегі і вучні Анатоля Мікалаевіча сардэчна віншуюць яго з юбілеем, жадаюць яму добрага здароўя і новых творчых поспехаў.

М.М. АЛЯХНОВІЧ, П.А. АПАНАСЕВІЧ, В.С. БУРАКОЎ, М.С. КАЗАК, В.А. МАСТОЎНІКАЎ, А.С. РУБАНАЎ

Журнал

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 16 ноября 2006 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 1999-2006 Национальная академии наук Беларуси
Копирайт © 1999 Издательство "Беларуская навука"