Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line

90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Васіль Кірылавіч Бандарчык (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Васіль Кірылавіч Бандарчык (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательство Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 3, 2000 (C. 138--140)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Каспяровіч Г.І.
Васіль Кірылавіч Бандарчык (Да 80-годдзя з дня нараджэння)

Да людзей такога паважанага ўзросту і, зразумела, багатага жыццёвага вопыту заўсёды ставішся звычайна з адчуваннем некаторага піетэту. Калі ж гэта яшчэ і выдатная асоба, якая працуе ў галіне тваіх непасрэдных інтарэсаў, то піетэту як такога недастаткова, з'яўляецца пачуццё глыбокай павагі да яе, да яе дасягненняў.

У сферы навукі такі падыход асабліва значны. І не толькі пункту гледжання вучонага. Тыя асобы, якія ў дасягненнях сваіх узнімаюцца да агульнанародных разваг, пошукаў, заслугоўваюць нават большага. Мала сказаць, што народ гадуе сваіх сыноў. Сыны таксама ўзнімаюць яго на пэўную вышыню, даюць крылы і накірунак палёту. Стваральная рухаючая жыццё ўзаемасувязь непазбыўна і высакародна.

Такая наша прадмова да той падзеі, што 1 жніўня 2000 года спаўняецца 80 гадоў вядомаму і слыннаму беларускаму этнографу, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, заслужанаму дзеячу культуры БССР, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Кірылавічу Бандарчыку.

Нарадзіўся Васіль Кірылавіч у вёсцы Цароўцы (цяпер Кірава), што на Случчыне. Яго біяграфія, лёс непарыўна звязаны з жыццём беларускага народа, вывучэнню культуры і побыту якога ён прысвяціў свой талент і энергію. Васіль Кірылавіч належыць да таго старэйшага пакалення беларусаў, чыі дзіцячыя гады і юнацтва супалі з станаўленнем беларускай дзяржавы, з цяжкімі выпрабаваннямі ў час калектывізацыі, калі сям'я з дзесяці чалавек апынулася без прытулку і толькі дзякуючы кемнасці, ініцыятыўнасці бацькі не прапала ў віхуры сацыяльных пераўтварэнняў.

Яго бацька, Кірыл Максімавіч, паходзіў з маламаёмных сялян, аднак на той час быў адукаваным чалавекам, добра пісаў і чытаў, ведаў музычную грамату. Маючы разважлівы, нават, можна сказаць, філасофскі склад розуму, ён актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць, быў старшынёй калгаса, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Менавіта пад уплывам сям'і, моцных сялянскіх каранёў абудзілася ў вясковага хлопца цяга да навукі, ведаў. Магчыма, уражанні дзяцінства, якія былі атрыманы назіральным хлапчуком у гэтыя гады, у нейкай ступені паўплывалі на выбар будучай прафесіі, вызначыўшы інтарэс да народнага побыту. Пасля заканчэння Цароўскай сямігодкі Васіль Бандарчык паступіў у Слуцкае педвучылішча, якое паспяхова скончыў, а потым працаваў настаўнікам у адной з вясковых школ Заслаўскага раёна. З 1939 года служыў у арміі ў якасці камандзіра супрацьтанкавай гарматы.

Маладосць В.К. Бандарчыка была абпалена страшэннай вайной. Зведаны і горач адступлення, і радасць Перамогі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, В.К. Бандарчык узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны II ступені і пятнаццаццю медалямі.

Адразу пасля перамогі над фашысцкай Германіяй служыў на Далёкім Усходзе, потым дэмабілізаваўся, працаваў настаўнікам у Чарнаўцах і адначасова вучыўся завочна на гістарычным факультэце Чарнавіцкага дзяржаўнага універсітэта. Аднак яго, як магнітам, пацягнула дадому, у родную Беларусь. Васіль Кірылавіч скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, працаваў завучам Смалявіцкага спецыяльнага дзіцячага дома № 1, потым пераехаў у Мінск, выкладаў гісторыю і займаў пасаду дырэктара сярэдняй школы. Ён ужо добра ведаў традыцыйную беларускую культуру, глыбока разумеў народнае жыццё. Аднак пры яго высокай адукацыі ці дзякуючы ёй чагосьці яму ўсё-такі не хапала ў асэнсаванні свайго народа.

А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? -- Беларусы. (Я. Купала)

Васіля Кірылавіча хвалявалі пытанні -- хто мы такія, беларусы? Адкуль мы? Як і калі з'явіліся, як раслі? Калі падыходзіць да справы сур'ёзна, а не абстрактна, то неабходна заняцца этнаграфіяй. І ён зрабіў выбар -- у 1956 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР, а потым у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзе працуе і зараз галоўным навуковым супрацоўнікам.

Кандыдацкую дысертацыю абараніўу 1961 годзе. Праз чатыры гады завяршыў доктарскую. Асноўным прадметам яго даследавання стала гістарыяграфія, этналагічнае вывучэнне культуры і побыту беларусаў. У працы над гэтымі праблемамі ў поўнай меры праявіліся якасці выдатнага даследчыка -- бязмежная адданасць навуцы, шырокая эрудыцыя і сялянская цягавітасць. Толькі для напісання доктарскай дысертацыі было абследавана звыш 30 архіваў і рукапісных фондаў, бібліятэк Ленінграда, Масквы, Вільнюса, Мінска, Магілёва, Варшавы, Кракава і Вроцлава. У доктарскай дысертацыі В.К. Бандарчыка разглядаюцца асноўныя тэндэнцыі і навуковыя плыні ў дзейнасці навуковых даследчыкаў, а таксама навуковых цэнтраў па вывучэнню беларускага этнасу ў XIX -- пачатку XX ст.

В.К. Бандарчык прайшоў усе этапы службовай лесвіцы ад пасады малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара Інстытута (1969--1976).

70--80-я гады былі найбольш плённымі для вучонага. У гэты перыяд са ўсёй шырынёй разгарнулася рознабаковая навукова-арганізацыйная дзейнасць Васіля Кірылавіча. Разам са сталеннем даследчыка на новы якасны ўзровень узнімаецца беларуская этнаграфічная навука. Пад непасрэдным кіраўніцтвам В.К. Бандарчыка вялася работа над гісторыка-этнаграфічным атласам Беларусі, вынікам якой з'явіліся тры манаграфіі па жыллю, адзенню, сельскагаспадарчай тэхніцы беларусаў. Вывучаліся промыслы і рамёствы, святочна-абрадавая культура народа, сямейны і грамадскі побыт, этнакультурныя, этнаканфесіянальныя, этналінгвістычныя працэсы. З 70-х гадоў разгортваюцца этнасацыялагічныя даследаванні культуры і побыту народа, супастаўленне іх вынікаў дало магчымасць усебакова падысці да разгляду асноўных тэндэнцый і заканамернасцей этнакультурнага развіцця беларусаў. Распрацоўваюцца найбольш складаныя і заблытаныя праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў. У даследаваннях, дыскусіях, палеміцы выкрышталізоўваецца больш дакладнае і сістэмнае бачанне вузлавых пытанняў гісторыі паходжання і этнакультурнага развіцця беларусаў. Вылучаюцца новыя даследчыя накірункі: этнаграфічная урбаністыка, этнічны аспект дэмаграфічных працэсаў, этнапсіхалагічныя даследаванні.

З пад пяра Васіля Кірылавіча выйшла звыш 20 манаграфій і брашур, больш чым 200 артыкулаў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам і непасрэдным удзелам надрукавана яшчэ 27 манаграфій і зборнікаў.

В.К. Бандарчык арганізоўваў і часта ўзначальваў этнаграфічныя экспедыцыі, штогод выязджаючы "ў поле" -- у блізкія і самыя аддаленыя куточкі Беларусі. Ва ўмовах палявых даследаванняў даволі яскрава праяўляліся як арганізатарскія, так і асабістыя якасці вучонага. Гэта высокая ўнутраная культура, добразычлівасць, прастата, таварыскасць, уменне выклікаць прыхільнасць да сябе насельніцтва вёсак, дзе спыняўся экспедыцыйны атрад. Нішто чалавечае яму не чужое. Калі-нікалі вечарам, прама на беразе ракі ці ў школе-інтэрнаце збіраліся на "вячоркі" этнографы, адметнасцю іх была рыбная поліўка, смажаныя ў смятане карасі, якіх вылавіў заядлы рыбак -- наш юбіляр. Потым спявалі народныя песні, расказвалі быліны аб этнаграфічных выпадках і зноў вылучаўся пачуццём гумару, вобразнага беларускага слова, прыказкамі і прымаўкамі, танцамі Васіль Кірылавіч.

Шмат сіл і часу аддае В.К. Бандарчык выхаванню і падрыхтоўцы навуковых кадраў. 22 яго вучня атрымалі ступень кандыдата навук і 3 -- доктара навук. Вучонаму ўласцівы прынцыповасць, патрабавальнасць і разам з тым добразычлівасць, жаданне і ўменне адстаяць працу сваіх вучняў, дапамога слушнай парадай, выяўленне ў даследчым пошуку моцных і слабых бакоў. У дыскусіі, як заўсёды, з'яўляецца ісціна.

На думку вядучых вучоных і слынных этнолагаў СНД, у Беларусі склалася адметная беларуская этналагічная школа, роданачальнікам якой з'явіўся менавіта В.К. Бандарчык. Яна вылучаецца сваёй рознабаковай і шматпланавай дзейнасцю. Беларускія навукоўцы першымі ў былым Саюзе выпусцілі энцыклапедыю, прысвечаную этналагічным пытанням ("Этнаграфія Беларусі". Мн., 1989), першымі пачалі рыхтваць серыю тамоў па быту і культуры народа пад агульнай назвай "Беларусы".

І сёння вучоны не спыняецца на дасягнутым, мае добрую навуковую "форму", заўсёды ў творчым пошуку. У 1996 годзе ім выдадзены атлас "Беларусы. Этнагеаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі", першае вьщанне на постсавецкай прасторы, якое адкрыла новы канцэптуальны напрамак у вывучэнні этнічнага складу насельніцтва. У атласе прадстаўлены багаты матэрыял аб рассяленні беларусаў, дынаміцы нацыянальнага складу, натуральнага і міграцыйнага рухаў, некаторых асаблівасцей моўных і канфесіянальных працэсаў. Працягам гэтай працы з'явіцца новы атлас "Народы Беларусі", які рыхтуе калектыў на чале з В.К. Бандарчыкам. Вучоны з'яўляецца навуковым рэдактарам і аўтарам манаграфіі "Беларусы" (М., 1998). Кніга працягвае пачатую Інстытутам этналогіі і антрапалогіі РАН серыю "Народы і культуры". Менавіта беларускім навукоўцам выпаў гонар услед за першым томам "Рускія" прадставіць на суд шырокага чытача калектыўную фундаментальную працу, у якой даецца комплекснае этнаграфічнае апісанне беларускага народа: этнічнай гісторыі, культуры, побыту. Вельмі важным для этналагічнай навукі стала выданне кнігі В.К. Бандарчыка па гісторыі этналагічнага вывучэння, якая выйшла асобным трэцім томам з серыі "Беларусы" ("Беларусы": У 8 т. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999).

Лёс Васіля Кірылавіча дае, між іншым, павучальныя ўрокі. Маладым -- асабліва. Жыццё яго не было гладкім, як можа паказацца на першы погляд. Ён быў і застаецца непасрэдна ўцягнутым у творчы працэс, у віхуру думак, пазіцый, палітычных паваротаў. Сама па сабе ўжо гэта дзейсная прысутнасць патрабуе ад вучонага, а яшчэ больш ад грамадзяніна вытрымкі і спакою, а часам і ўмення знаходзіць разумныя кампрамісы. Час не выбіраюць. Наш час і сапраўды не той, які ўстаяўся. Пры ўсім гэтым у юбіляра ёсць шчаслівая магчымасць застацца задаволеным зробленым, тым больш служэнне навуцы працягваецца. Зроблена шмат, наперадзе, аднак, непачаты край работы. Здаецца, сам народ, адчуваючы добрыя да сябе адносіны вучонага, адорвае яго творчым даўгалеццем.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 18 ноября 2006 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2000-2008 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2000 Издательство "Беларуская навука"