Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line



90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Георгій Георгіевіч Паплаўскі (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Георгій Георгіевіч Паплаўскі (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательство Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 1, 2001 (C. 128--130)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Пікулік А.М.
Георгій Георгіевіч Паплаўскі (Да 70-годдзя з дня нараджэння).

Сёлета спаўняецца 70 гадоў народнаму мастаку Беларусі, сапраўднаму члену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сапраўднаму члену Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэату самых прэстыжных міжнародных прэмій і ўзнагарод Георгію Георгіевічу Паплаўскаму. Юбілей сваёй сталасці адзначае чалавек, без якога сапраўды немагчыма ўявіць развіццё беларускага выяўленчага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў.

Георгій Паплаўскі ўвайшоў у мастацтва нашай рэспублікі больш за чатыры дзесяцігоддзі назад у кагорце тых, каго мы сёння з пашанай называем пакаленнем "шасцідзесятнікаў". 3а плячыма маладога мастака было ваеннае дзяцінства, жах фашысцкай акупацыі, цяжкія пасляваенныя гады, вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы, дыплом Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Наперадзі... Наперадзі было ўсё жыццё, галоўнай мэтай, галоўнай марай якога было сапраўднае і шчырае мастацтва, тое самае мастацтва, якое, здаецца, нанава нараджалася ў тыя дні.

Пакаленню шасцідзесятнікаў, "дзецям хрушчоўскай адлігі" самім лёсам было наканавана пэўным чынам змяніць, ажывіць культурнае жыццё краіны. Пераацэнка каштоўнасцей, выкліканая зменамі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, адкрыла перад маладымі мастакамі новыя далягляды. Г.Г. Паплаўскі разам са сваімі паплечнікамі стаяў ля вытокаў так званага "суровага стылю", вернасць якому мастак здолеў зберагчы на працягу ўсяго свайго творчага шляху.

За апошнія дзесяцігоддзі Г.Г. Паплаўскі неаднойчы дэманстраваў на выстаўках жывапісныя творы, але галоўнай у яго творчасці засталася графіка -- станковая і кніжная -- якая, дарэчы. асабліва гучна заявіла аб сабе ў сучасным беларускім мастацтве. Г.Г. Паплаўскі заўсёды здзіўляў сваіх гледачоў надзвычай шырокім творчым дыяпазонам, ён віртуозна валодае тэхнікамі лінагравюры, літаграфіі, сухой іголкі, малюнка пяром, любіць акварэль. Мастак звяртаецца да самых розных тэм, працуе ў самых разнастайных графічных тэхніках. але заўсёды яго гворы адметныя. Іх лёгка пазнаць, яны вылучаюцца непаўторным абліччам, сваім асабістым поглядам на свет, у якім усе мы жывём.

Здаецца, вельмі рана, яшчэ ў самых першых творах у Г.Г. Паплаўскага склаўся свой тыпаж героя, свая пластыка. І незалежна ад таго, каго мастак адлюстроўвае -- рыбака, шахцёра, касманаўта ці звычайнага беларускага селяніна, -- гэта заўсёды мужная, суровая, часам нават жорсткая асоба з пазнавальна рэзкімі рысамі скуластага твару. Героі графічных лістоў Г. Паплаўскага -- людзі прафесій рамантычных і будзённых, з якімі сам мастак не можа не адчуваць унутранае адзінства, роднасць, бо яны, як і ён, усё жыццё не хаваюцца за чужыя спіны, а няспешна і ўпарта робяць сваю справу, без якой урэшце рэшт нічога і не было б на нашай зямлі.

Любоў да роднай Беларусі, глыбокая пашана да яе старадаўняй мінуўшчыны і сучаснасці --пастаянная тэма творчасці Г.Г. Паплаўскага. Закаханы ў азёрную Браслаўшчыну, мастак праводзіць тут шмат часу. Менавіта тут знаходзіць ён крыніцу свайго натхнення, тут, як нідзе ў іншым месцы, востра адчувае сувязь са "сваёю" зямлёй. Браслаўшчына, яе прырода і людзі сталі героямі графічных серый мастака "Браслаўшчына -- край азёрны" (1971--1972), "Азёрны край" (1975), "Прагулкі з Ганешам" (1977--1979), "Ільны Браслаўшчыны" (1982) і інш.

Па-рознаму нараджаліся гэтыя цыклы. Серыя "Браслаўшчына -- край азёрны" створана па матывах твораў Янкі Купалы. Іншыя творы з'явіліся ў выніку асабістых назіранняў, сустрэч і падарожжаў. У выніку ў гэтых цыклах мастак удала ўвасабляе як жанрава-канкрэтнае прачыганне вобразаў, так і свядома імкнецца да стварэння абагульненых паэтычна-ўзвышаных вобразаў народнага жыцця, народнага этычнага ідэалу. Філасофска-сімвалічнае асэнсаванне тэмы народа, да якога паступова і мэтанакіравана набліжаўся мастак, у апошні час заканамерна прывяло яго да стварэння значнага "Біблейскага цыкла". Прытчы і сюжэты вечнай кнігі дазволілі мастаку выказаць свае адносіны да вечных тэм. Вераломства і праўдалюбства, здрад ніцтва і любоў не зніклі з нашага свету, яны ёсць усюды, у тым ліку і ў далёкіх беларускіх вёсачках, жыццё якіх пераасэнсавана мастаком на ўзроўні ўсяленскіх абагульненняў.

Г.Г. Паплаўскі -- мастак, які не пазбягае драматычных, нават трагічных сюжэтаў. Таму тэма мінулай вайны займае ў яго творчасці важнае месца. 3вяртанне да ваеннай тэматыкі для майстра не толькі даніна павагі свайму народу, які, як вядома, прыняў на сябе асноўны цяжар фашьгсцкай навалы, але і незабыўныя пранізлівыя ўспаміны асабістага ваеннага дзяцінства.

На кожным этапе свайго творчага развіцця мастак шукае і знаходзщь у гэтай тэме новыя вырашэнні, новыя вобразы. Значнай падзеяй беларускага выяўленчага мастацтва канца 60-х гадоў стала графічная серыя Паплаўскага "Памяць". Велічныя, падобныя на скульптурны рэльеф, цікавыя па пластыцы літаграфіі мастака заснаваны на дакументальным матэрыяле і ў той жа час яны ўспрымаюцца як манументальны рэквіем народу, яго трагедыі і яго сіле.

У 70-я гады мастак экспануе на выстаўках графічныя серыі па матывах літаратурных твораў А. Адамовіча і В. Быкава. Створаныя на найвышэйшым прафесійным узроўні, гэтыя палотны сведчаць аб імкненні вырашыць тэму з дапамогай ёмістых графічных сімвалаў, паповаму інтэрпрэтаваць узаемаадносіны прасторы і чалавека, таго асяродазя, у якім адбываюцца трагічныя падзеі, і героя, які супрацьстаіць яму.

У графічнай серыі пачатку 80-х гадоў "Час доўгіх нажоў" (1982) Г.Г. Паплаўскі імкнецца ахапіць усю неабсяжную тэму ўзнікнення і існавання фашызму, мастак спрабуе выявіць глыбокуіо аснову гэтай з'явы, пазнаць патаемную прыроду той "адцэнтравай" сілы, якая так паўплывала на нашу планету ў ХХ стагоддзі. У выніку з'явілася рэзкая гратэскавая серыя каляровых літаграфій, кожная з якіх прасякнута непрымірымай нянавісцю да фашысцкай ідэалогіі.

Ніколі не абыходзіў мастак і тэмы сённяшняга дня. Пачуццё сучаснасці, яе глыбокае псэнсаванне нібы закладзены ў светаўспрыманні майстра. Асабліва адметна гэта ў графічных серыях, прысвечаных засваенню космасу. Незвычайнасць, фантастычнасць падзей у серыі літаграфій "Высокае неба" (1974), серыі афортаў "Радзіма касманаўтаў" (1976--1978) дазваляе мастаку ў поўнай меры выявіць кампазіцыйныя і фактурныя магчымасці ўмоўнай графічнай мовы. Вострыя ракурсы, складаны мантаж разначасавых і разнамаштабных выяў, спалучэнне "неспалучальнага", дакладная, амаль ювелірная апрацоўка паверхні кожнага ліста -- усё гэта нараджае непаўторную вобразнасць названых цыклаў. Галоўны пафас гэтых твораў -- няпросты, нават драматычны, як заўсёды ў Г.Г. Паплаўскага, дыялог свету прыроды і свету тэхнікі.

У творчасці Г.Г. Паплаўскага арганічна спалучаюцца адданасць і любоў да роднай Беларусі з прагным імкненнем да далёкіх падарожжаў. Мастак-рамантык (ці не апошні рамантык нашых часоў?), мастак-вандроўнік, Г.Г. Паплаўскі сапраўды пабачыў шмат. Некалькі разоў мастак перасякаў экватар, пабываў і на суровай Поўначы і далёка на Усходзе, сваімі вачыма бачыў Аўстралію, Новую Зеландыю, Вялікі каньён і Камандоры. Заўсёды мастака прьщягвалі нязведаныя кантыкенты, нябачаная раней прырода, новыя людзі. Яго ўражанні адлюстраваны ў шматлікіх замалёўках, хуткіх, але дакладных накідах, якія запаўняюць дзесяткі блакнотаў. Але ніколі мастак не спыняўся на гэтым. Г. Паплаўскі ўвайшоў у беларускае мастацтва не як майстар дарожных рэпартажаў. Новыя ўражанні для яго -- толькі зыходны пункт для сур'ёзнай аналітычнай працы, для стварэння буйнамаштабных графічных серый, кожная з якіх мае сваю выразную пластычную мову, выказвае свае непаўторныя адносіны да Сусвету. Размах і напружанасць творчасці мастака можна адчуць нават і па назвах яго графічных цыклаў: "Паўночны Казахстан" (1963--1964), "Мора Берынга" (1979), "Енісейскі альбом" (1980), "Белы кантынент" (1970), "Камандоры" (1973), "10 старонак мексіканскага альбома" (1983--1984) і інш.

Асобнае месца ў творчасці мастака займае Індыя. Індыйскія ўражанні, якія Г. Паплаўскі на працягу некалькіх гадоў адлюстроўваў у акварэлях, жывапісных і графічных творах, склалі славуты "Індыйскі дзённік" -- адну з цэнтральных работ мастака. За гэтыя творы і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх прытчаў "Цурукурал" мастак быў у 1974 годзе адзначаны індыйскім урадам Міжнароднай прэміяй імя Джавахарлала Нэру.

Індыя ў творах мастака прадстае перад гледачом сапраўднай краінай цудаў, "краінай высакародных". Закаханы ў гарачыя індыйскія колеры, рытмы, экзатычныя краявіды, Г. Паплаўскі не абмяжоўваецца паказам знешняга. За яго імкненнем адлюстраваць свае ўражанні ад быту, тыпажаў, шумных вуліц, непаўгорных рэалій паўсядзённага жыцця індыйскай сталіцы і правінцьи заўсёды стаіць і іншая, больш складаная задача. Мастак наведаў дрэва, пад якім Будда выводзіў сваё вучэнне, дакрануўся да старажытнай культуры і глыбока асэнсаваў убачанае. Лепшыя творы з "Індыйскага дзённіка" сведчаць аб найвышэйшым узроўні прафесіяналізму мастака, аб тым, як прыцягвае яго да сабе мудрасць і свабода, узнёсласць і мужнасць вялікага народа, якія назаўсёды засталіся ў велічным індыйскім эпасе, у чаканных формах скульптурных рэльефаў Элоры, у непаўторным строі індыйскага нацыянальнага адзення.

Асобная старонка творчасці Георгія Георгіевіча -- яго кніжная графіка. Праз усё жыццё пранёс мастак сваю любоў да кніжнай ілюстрацыі, яму пашчасціла працаваць з выключна цікавым літаратурным матэрыялам: майстар ілюстраваў класіку беларускіх песняроў, сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы Шылера, Шэкспіра, Петраркі, Джэка Лондана, Рабіндраната Тагора, казкі для дзяцей, падручнікі. І кожная такая праца -- з'ява ў гісторыі беларускага кніжнага мастацтва.

Працягваючы класічныя традыцыі савецкай кнігі, Г. Паплаўскі ўспрымае кнігу як адзіны цэльны арганізм, усе элементы якога цесна і непарыўна знітаваны паміж сабой. Таму ён з задавальненнем працуе не толькі над ілюстрацыямі, але і над застаўкамі, к:анцоўкамі, усімі кампанентамі кніжнай аздобы. Кожная кніга, створаная Г. Паплаўскім, -- сапраўдны твор графічнага мастацтва.

Значнай падзеяй у беларускай кніжнай графіцы з'явіўся цыкл ілюстрацый мастака да паэмы Янкі Купалы "Яна і я" (1978). Рамантычная ўзнёсласць гэтых паэтычных радкоў беларускага песняра натхніла мастака на стварэнне прыгожых лірычных твораў, нібы цалкам пабудаваных на хвалістых гнугкіх лініях. Па-іншаму падышоў мастак да ілюстравання выбраных твораў Якуба Коласа (1982). Каля трыццаці афортаў, мноства заставак гэтай кнігі вылучаюцца мэтанакіраваным імкненнем спалучыць сучаснае мастацкае мысленне, сучасныя веды і эмоцыі з традыцыйнымі ўяўленнямі аб народным жыцці. Графік шырока выкарыстоўвае элементы этнаграфіі, звяртаецца да фальклорных матываў, якія тым не менш асэнсаваны ім на ўзроўні ёмістых і выразных сімвалаў.

Кніжная графіка Георгія Паплаўскага шырока вядома не толькі ў Беларусі. Мастак неаднойчы паспяхова ўдзельнічаў у самых прэстыжных міжнародных выстаўках і конкурсах: у міжнародным біенале графікі ў Любліне, Кракаве, Венецыі. А за афармленне кнігі Якуба Коласа "Новая зямля" на конкурсе ў Лейпцыгу Г.Г. Паплаўскі атрымаў дыплом "Найпрыгажэйшая кніга свету" (1968). За ілюстрацыі да кнігі Якуба Коласа "Выбранае" мастак узнага-роджаны сярэбраным медалём Акадэміі мастацтваў СССР (1984), шмат разоў кніжная графіка Г.Г. Паплаўскага адзначалася дыпломамі імя Ф. Скарыны.

У апошнія гады мастак нібы нанава асэнсоўвае даўно знаёмыя графічныя тэхнікі. Ён стварае серыі пяшчотных празрыстых акварэляў, працуе ў жывапісу, дзе з дапамогай акрылавых фарбаў дабіваецца яскравых каларыстычных эфектаў. Дыяпазон яго творчых інтарэсаў па-ранейшаму вельмі шырокі. Мастак выстаўляе інтымныя па настрою партрэры, серыі нацюрмортаў. Праз няспешны дыялог з прадметам разважае майстар аб надзённым і сучасным і аб сапраўды адвечным.

Увесь шлях Георгія Георгіевіча ў мастацтве -- гэта шлях уверх, нарастаючая дынаміка творчасці, нарастаючы рытм жыцця... За найвышэйшым прафесійным узроўнем яго работ, безумоўна, стаіць вялікі талент, але яшчэ -- незвычайная працавітасць і настойлівасць, без якіх ніколі немагчыма рэалізаваць нават самыя бліскучыя прыродныя здольнасці. Таго, што мастак здолеў зрабіць у беларускім мастацтве, напэўна хапіла б не на адно жыццё, але і сёння Георгій Георгіевіч у творчым пошуку. Мастак сустракае свой юбілей у росквіце сіл і таленту, яго па-ранейшаму цікавяць свет і людзі, якія ў ім жывуць, па-ранейшаму прыцягвае далёкае і блізкае. Са святам Вас, Георгій Георгіевіч! Плённай Вам працы!

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 18 ноября 2006 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2001-2008 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2001 Издательство "Беларуская навука"