Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line





Магистратура НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Васіль Уладзіміравіч Івашын (Да 90-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Васіль Уладзіміравіч Івашын (Да 90-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательство Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 2, 2003 (C. 121--124)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Жураўлёў В.П.
Васіль Уладзіміравіч Івашын (Да 90-годдзя з дня нараджэння).

Акадэміку НАН Беларусі, замежнаму члену Расійскай акадэміі адукацыі Васілю Уладзіміравічу Івашыну 9 мая 2003 г. споўнілася 90 год. Гэтага знакамітага вучонага-гуманітарыя, доктара філалагічных навук, прафесара, члена Саюза пісьменнікаў, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны і проста цікавага, яркага чалавека з поўным правам можна назваць сёння старэйшынай беларускай літаратурнай навукі і адной з галоўных творчых постацей на адукацыйна-педагагічнай ніве рэспублікі.

За плячыма Васілія Уладзіміравіча багаты, шматгранны і ў многім павучальны для нашага сучасніка жыццёвы і духоўна-прафесійны вопыт. Важна ў гэтай сувязі хоць бы пункцірна акінуць позіркам яго біяграфічны шлях, кола яго заняткаў. Нарадзіўся і выхоўваўся ў сялянскай сям'і. У 1933 г. заканчвае Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум і год працуе тэхнікам-эканамістам. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1938), аспірантуру пры Акадэміі навук БССР (1949). Працаваў выкладчыкам у Віцебскім педвучылішчы (1938 -- 1941), Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ (1946 -- 1954), старшым навуковым супрацоўнікам (1949 -- 1954), загадчыкам сектара ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР (1954 -- 1967). У 1967 -- 1978 гг. -- дырэктар НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР. З 1978 г. -- старшы навуковы супрацоўнік-кансультант, з 1995 -- галоўны навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Нярэдка можна пачуць, што для кіраўніка буйной установы дастаткова і таго, каб быць добрым арганізатарам, а самому актыўна ўдзельнічаць у вытворчым працэсе нібыта не абавязкова. Быць кіраўніком такой установы і на поўную сілу займацца прафесійна-вытворчымі справамі -- задача сапраўды складаная і не заўсёды вырашальная, дзеля карысці агульных інтарэсаў падчас даводзіцца тут і чымсьці ахвяраваць.

Аднак і ў такіх умовах вялікай занятасці, займаючы (і часта працяглы час) кіруючыя пасады, В.У. Івашын імкнуўся і ўмеў спалучаць адміністрацыйную працу з творчай. Яго пяру належаць звыш 300 прац, прысвечаных пытанням гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, праблемам развіцця рэалізму, беларуска-рускіх, беларуска-ўкраінскіх узаемасувязей, методыкі і метадалогіі выкладання літаратуры ў школе. Сярод іх такія сур'ёзныя і грунтоўныя манаграфіі, як "Янка Купала. Творчасць 1905--1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры", "М. Горкі і беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя", "Да вышынь рэалізму", "Выверанае жыццём", "З пазіцый гуманізму" і інш.

Кожная з гэтых кніг заслугоўвае асобнай гаворкі. Большасць з іх вытрымала выпрабаванне часам. Нават у святле сённяшніх скептычных, строгіх і залішне ўжо тэндэнцыйна-непрымірымых ацэнак мастацкіх твораў, літаратуразнаўчых прац і асабліва літаратурнай крытыкі савецкага перыяду асноўныя манаграфіі і артыкулы В.У. Івашына не здаюцца ўстарэлымі. I нашы словы тут -- зусім не даніна юбілейнаму жанру. Сумленнасць і высокі літаратурна-тэарэтычны прафесіяналізм надзейна і трывала засцерагалі даследчыка ад пагрозы трапіць у палон ідэалагізаванай спрошчанасці і сацыялагізатарскага схематызму.

Напісаная, напрыклад, дваццаць гадоў таму, кніга В.У. Івашына "Да вышынь рэалізму" актуальна ўспрымаецца на цяперашні час. Аргументавана і тонка раскрываецца тут заўсёды важная для мастацкай практыкі і літаратурнай тэорыі думка аб тым, што літаратура пры ўсіх сваіх шырокіх і фактычна бязмежных правах і паўнамоцтвах на эстэтычны пошук і наватарскі эксперымент павінна заставацца чалавеказнаўствам і жыццезнаўствам. Гэта палажэнне знаходзіць глыбокую інтэрпрэтацыю і з'яўляецца па сутнасці лейтматыўным у сур'ёзнай манаграфіі даследчыка "З пазіцый гуманізму" (1998), скіраванай на высвятленне важнейшых тэарэтыка-метадалагічных і метадычных праблем літаратурнай адукацыі. Паслухаем, аднак, самога аўтара: "Безумоўна, літаратура, як і мастацтва ўвогуле, у кожную гістарычную эпоху выражае свой час... Аднак галоўная ўласцівасць і прызначэнне літаратуры -- быць чалавеказнаўствам, выяўляць агульначалавечую меру. I гэта мера як эстэтычная і маральная каштоўнасць павінна вызначаць усю сістэму навучання, усе яе параметры і вымярэнні, увесь змест яе тэарэтыка-літаратурных паняццяў".

Да гэтых меркаванняў слыннага даследчыка і тэарэтыка літаратуры варта ўважліва прыслухацца. I асабліва тым маладым літаратарам, якія схільны лічыць, што праўдзіва-рэалістычнае адлюстраванне жыцця і мастацкае пазнанне псіхалагічных глыбінь чалавека без асаблівых пярэчанняў і затрымак павінна саступіць сваё месца такім кірункам у літаратуры, як мадэрнізм і постмадэрнізм, дзе мастацкая літаратурная традыцыя з яе пільнай увагай да ўнутраных рухаў чалавечай душы звычайна адсоўваецца на задні план.

Зразумела, мы жывём у новым гістарычным часе XXI ст., калі складванне і фарміраванне новай парадыгмы мыслення і ведаў у літаратуры і аб літаратуры, як і ў любой іншай галіне чалавечай дзейнасці, могуць стаць пазітыўна выніковым працэсам і прыносіць свой плён пры абавязковай умове выкарыстання новых ці кардынальна абноўленых метадалагічных падыходаў. Таму не будзем глухімі, няўважнымі і індыферэнтнымі і да такіх з'яў у літаратуры, як мадэрнізм і постмадэрнізм. Аднак ім яшчэ трэба даказаць (прынамсі, на нашай нацыянальнай глебе) і ў тэорыі, і ў практычнай сферы выяўлення мастацкага слова сваю жыццеўстойлівасць, жыццяздольнасць і заваяваць у чытача адпаведную ўвагу, павагу і аўтарытэт. А рэалізм і рамантызм такую маштабную і тытанічную работу прарабілі, і вынікі яе з'яўляюцца агульнавядомымі: на аснове гэтай метадалогіі створаны выдатныя мастацкія шэдэўры, якія і ў наш не вельмі чытэльны час маюць, мяркуючы аб іх бібліятэчнай запатрабаванасці, даволі шырокую прыхільную і ўдзячную аўдыторыю чытачоў.

В.У. Івашын перакананы, што чытача-вучня і чытата-студэнта ў першую чаргу трэба далучаць "да багацейшых мастацкіх каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай літаратуры", бо менавіта на гэтай аснове найперш і магчыма выхаванне "творча актыўнага, духоўна багатага, высокакультурнага і эстэтычна развітога чалавека-патрыёта, грамадзяніна, гуманіста, адданага высокім нацыянальным і агульначалавечым ідэалам".

Гэтыя і падобныя думкі і меркаванні набываюць у працах В.У. Івашына тым большую вагу і значэнне, што падаюцца яны, як правіла, не ў форме аголенай публіцыстычнай дыдактыкі, а знаходзяць сваё выяўленне ў заглыбленай аналітычнай аргументацыі і з'яўляюцца лагічным вынікам засяроджанага разгляду самага разнастайнага літаратурнага матэрыялу. У сваіх ацэнках, вывадах і падагульненнях ён грунтуецца на аналізе канкрэтных твораў, умее раскрыць характэрную сутнасць паэтыкі, уласцівай таму або іншаму мастацкаму жанру, выявіць рэальную функцыю ў фарміраванні пэўнай стылёва-жанравай структуры мастацкага таленту, жыццёвага вопыту аўтара, яго грамадзянскай пазіцыі, метадалагічнай арыентацыі.

На працягу многіх гадоў В.У. Івашын, як мы ўжо сказалі, актыўны працаўнік на адукацыйна-педагагічнай ніве. I тут яго творчая прысутнасць з'яўляецца такім жа натуральным фактам, як і сталы літаратуразнаўчы інтарэс. На гэтай дзялянцы павінны працаваць, безумоўна, людзі з асабліва чуйным сэрцам, чыстым сумленнем і маштабным патэнцыялам ведаў. Як чалавек і вучоны, В.У. Івашын адпавядае і гэтым высокім патрабаванням. Багатым на свежую думку і канцэптуальную метадычную і метадалагічную ідэю з'яўляюцца яго працы, напісаныя ў сааўтарстве ("Вывучэнне рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай", "Канцэпцыя рэфармавання літаратурнай адукацыі", "Урок літаратуры"). Чынны ўдзел прымаў акадэмік у стварэнні падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Некаторыя з іх у добрым сэнсе слова можна назваць "доўгажыхарамі". Так, падручнік для 8-га класа вытрымаў 27 выданняў. Да выдання ў трэці раз падрыхтаваны падручнік для 10-га класа (аўтары В. Івашын і М. Лазарук). Трэба спадзявацца, што і гэтаму нязменнаму спадарожніку вучня і настаўніка-філолага будзе суджана працяглае жыццё. На наш погляд, тут захаваны і вытрыманы найбольш важныя праблемна-жанравыя асаблівасці кніг падобнага роду. Даходлівасць і прастата выкладання думкі дасягаецца тут не за кошт звужэння межаў яе выхаду на складанае кола праблемных пытанняў, а смела ідучы ім насустрач. У добрай кампазіцыйнай і дыялагічнай суладнасці "працуюць" у падручніку такія паняцці і катэгорыі, як форма і змест твора, этычнае і эстэтычнае, нацыянальнае і агульначалавечае.

На такі шлях цэласнага сістэмна-комплекснага аналізу літаратурнага твора нацэльвае і праграма па беларускай літаратуры для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з 60-х гадоў XX ст. да 2002 г. I тое, што ў ліку аўтараў гэтай працы мы зноў-такі бачым В.У. Івашына, таксама ёсць свая глыбокая логіка. Многія істотна важныя палажэнні, якія лаканічным пункцірным планам адлюстраваліся ў праграме, знайшлі разгорнутую апрабацыю ў шэрагу ранейшых даследаванняў аўтара.

Праграма і навуковыя літаратуразнаўчыя працы В.У. Івашына завастраюць, напрыклад, увагу на неабходнасці новых, засяроджаных падыходаў да вывучэння гуманістычнай праблематыкі нацыянальнай і замежнай літаратуры. Думка гэта актуальна гучыць у кантэксце даследавання гісторыка-тэарэтычных законаў развіцця літаратуры і яе выкладання ў сярэдняй школе і вышэйшых навучальных установах. Мы сёння па-новаму пачынаем усведамляць, што толькі ў шырокай сістэме параўнальна-тыпалагічнага аналізу мастацкіх твораў розных гістарычных перыядаў і культурных адгалінаванняў па-сапраўднаму і магчыма максімальна поўнае і глыбокае вызначэнне адметнасці нацыянальнай літаратуры, яе маральна-этычных прыярытэтаў, важнейшых асаблівасцей мастацкай праўды і самой сутнасці мастацкасці ў шматмернасці праяў яе праблематыкі і стылёва-жанравых асаблівасцей. Шматвяковы гістарычны вопыт жыцця і вывучэння літаратуры сведчыць, што любая іманентна замкнутая літаратурная тэндэнцыя, паслабляючы творчы дыялог з плённай мастацкай традыцыяй, хутка выдыхалася і ніколі не садзейнічала заглыбленаму выхаду на актуальныя грамадскія праблемы і авалоданню шматварыянтнымі эстэтычнымі спосабамі і падыходамі ў пазнанні ісціны і пераўтварэнні жыццёвай праўды ў праўду мастацкую.

На высокім узроўні аналітыкі і дэмакратызму мыслення выяўляе сябе думка В.У. Івашына на шляху вызвалення школьных праграм і літаратуразнаўчых даследаванняў ад ідэалагічных дэфармацый, празмернай палітызацыі і сацыялагізатарства літаратуры. Нельга не пагадзіцца з тым меркаваннем даследчыка, што на працягу доўгага часу мэты і задачы літаратурнай адукацыі ў школьных праграмах і падручніках "падаваліся вельмі спрошчана, аднабакова", у шэрагу выпадкаў прыглушалася ці нават, "скажалася само разуменне агульначалавечай прыроды мастацтва, яго эстэтычнай спецыфікі, асаблівасцей вобразнага мыслення". Некаторыя з гэтых недахопаў учарашняга дня ў пэўным сэнсе адгукаюцца яшчэ і сёння. Пытанні пісьменніцкага майстэрства, паэтыкі і эстэтыкі працягваюць заставацца найбольш цяжкімі ў праграмах і курсах сярэдняй і вышэйшай школы выкладання літаратуры і засваенні іх школьнікамі і студэнтамі. Вось чаму, настройваючыся на пераадоленне такіх цяжкасцей, пісьменніку і даследчыку літаратуры варта сур'ёзна задумацца над слушным меркаваннем В.У. Івашына аб важнасці "захоўваць эстэтычную меру, правяраць ёю маральную, філасофскую, псіхалагічную праблематыку твора", бо ўсё тут "набывае эстэтычнае вымярэнне" і толькі ў кантэксце эстэтычнага "становіцца формай вобразнага пазнання".

Добрага слова заслугоўвае В.У. Івашын як навуковы рэдактар многіх літаратуразнаўчых і метадычных даследаванняў, у тым ліку "Псторыі беларускай савецкай літаратуры" (т. 1--2, 1968--1969 гг.).

Апрача таго, ён -- аўтар двух вершаваных зборнікаў "Слова" (1995) і "Покліч памяці" (1998). Для многіх, хто доўгі час ведаў В.У. Івашына як даследчыка-літаратуразнаўца даволі строгай рацыянальна-лагізаванай тэарэтычнай скіраванасці, яго паэтычны дэбют у паважаным узросце з'явіўся нечаканым сюрпрызам. Аднак назваць вершы В.У. Івашына нейкім пенсіянерскім "хобі" і пабочным "дэкаратыўным" дадаткам да асноўнага літаратуразнаўчага занятку было б несправядліва. Аўтар і тут раскрываецца як цікавая, таленавітая і арыгінальная творчая асоба.

Дазволім сабе спыніцца на гэтым аб'екце захапленняў юбіляра зусім коратка, улічваючы жанравую спецыфіку дадзенай публікацыі і адведзеныя для яе памеры. Пераважна напісаныя ў традыцыйнай манеры, без нейкіх асаблівых прэтэнзій на версіфікацыйныя тонкасці і фармальнае мудрагельства, вершы В.У. Івашына вызначаюцца, між тым, мудрым, праблемна-філасофскім пафасам і вельмі шчырай даверлівай інтанацыяй. А шчырасць, адкрытасць і даверлівасць у мастацкай творчасці і асабліва ў паэзіі -- надзвычай каштоўная якасць, што адначасна з'яўляецца і выразнай прыкметай паэтычнага таленту творцы. На звычайныя рэчы і з'явы В.У. Івашын умее зірнуць свежым вокам, і тады часта вядомая і, здавалася б, аксіяматычная ісціна набывае адценне сэнсавай навіны і актуальнага гучання.

Ну хто, напрыклад, будзе аспрэчваць тое, што "ўсё можна скасаваць, спісаць, ды толькі немагчыма аніколі само жыццё перапісаць". Аднак многія аксіяматычныя ісціны, як вядома, засвойваюцца вельмі цяжка. Аўтар не спрабуе некага папракаць ці абвінавачваць за тое, што задуманае і запланаванае яму далёка не ўсё ўдавалася занатаваць на скрыжалях жыцця толькі на чыставік. Такіх шчасліўчыкаў лёсу проста, відаць, няма. Нават бліжэйшая будучыня ў найбольш аптымальным, праўдзівым і справядлівым яе варыянце ў многім з'яўляецца для нас загадкай і таямніцай. Аднак гэта, як вынікае з многіх вершаў В.У. Івашына, не дае чалавеку ніякага права на расшырэнне поля яго промахаў, памылак, недаглядаў, адарваных ад рэальнасці суб'ектывісцкіх пражэктаў, каб потым зноў і зноў не пачынаць усё спачатку, з нуля, разлічваючы такім чынам апраўдаць сваю паслабленую грамадзянскую адказнасць за ход падзей.

Шчырае і даверлівае паэтычнае слова В.У. Івашына ў некаторых яго вершах набывае падчас даволі адкрытыя ацэначна-філасофскія і публіцыстычна-роздумныя формы звароту да чытача. Аднак і ў такіх выпадках яно, гэтае слова, тактычна ўстрымліваецца ад катэгарычных маралізатарскіх парад. А наогул В.У. Івашыну больш даспадобы выклікаць чытача на размову, натхняць яго на асацыятыўны шлях мыслення, шукаць сябе самога ў гэтым складаным, альтэрнатыўным, дыскусійна-палемічным свеце.

Цікавым з'яўляецца ў гэтым сэнсе яго верш "Прыцягненне роднае зямлі", дзе аўтар паэтызуе, узвышае такую пазіцыю, такі погляд, такую канцэпцыю, якія адхіляюць, адмаўляюць і не прымаюць каноны і схематызм, аднабаковасць і "аднамернасць жыцця" і валодаюць здольнасцю, грунтуючыся на духоўнай "сіле прыцягнення роднае зямлі", убіраць у сябе ўсе "шматфарбныя акрасы-віды свету". Пасля такіх нязмушаных разважанняў "я-героя" паўней і глыбей акрэсліваецца падтэкставая думка верша аб тым, што мы як самастойная нацыя і суверэнная краіна павінны, абавязаны свята захоўваць і засцерагаць сваю ўласную ментальнасць і закліканы ў той жа час самім гістарычным лёсам падтрымліваць, развіваць і расшыраць мнагавектарную і дружалюбную духоўную сувязь з усёй сусветнай супольнасцю народаў і нацый.

Паэтычнае слова вершаў В.У. Івашына не абмінае і драматычныя звівы эпохі, "трывожны час пераўтварэнняў... пераацэнак, адмаўленняў... няпэўных, страчаных надзей, перабудоваў, адхіленняў" і г. д. Але крытычна-філасофскае стаўленне чалавека да пэўных грамадскіх падзей і з'яў не перарастае ў яго творах у формы нейкага дрымотнага скепсісу і недаверу да жыцця. На думку аўтара, усім нам трэба паменей стагнаць, плакацца ды наракаць, бо наспеў час "ніву сваю засяваць на шырокім адроджаным полі", а дзеля здзяйснення такой вялікай і высакароднай задачы варта найперш добра папрацаваць "над самім сабою" і ўласным самаўдасканаленнем. Пошук, дарога, вера, любоў, надзея, краса, гармонія -- у пэўным сэнсе ключавыя словы ў лексіконе паэтычных твораў аўтара. Невыпадковай у гэтай сувязі з'яўляецца і назва падрыхтаванага да друку новага паэтычнага зборніка вершаў В.У. Івашына "З надзеяй і верай".

А ў заключэнне нагадаем адзін з характэрных, паводле свайго абагульняючага сэнсу, вершаў В.У. Івашына "Ёсць жа песня яшчэ няспетая...", дзе аўтар гаворыць аб нейкай вельмі важнай для яго песні-мары, якую ён даўно і нястомна шукаў і працягвае шукаць

На ўсіх шляхах-дарогах веку, Дзе шчасце свеціць чалавеку, Дзе мудрасць з вечнасцю жыве, Дзе сэрца верыць і заве.

Агульны кірунак пошуку, як вынікае з гэтых радкоў, вызначаны надзейна, а таму хочацца верыць, што чуйная, таленавітая і працавітая душа самога шукальніка ў асобе акадэміка Васіля Уладзіміравіча Івашына выведзе яго на сустрэчу з гэтай запаветнай песняй-ідэалам, і мы шчыра жадаем яму сказаць сваё новае і мудрае слова ў літаратуразнаўстве, педагагічнай навуцы і паэтычнай творчасці.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 9 ноября 2009 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2003-2009 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2003 Издательство "Беларуская навука"