Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line

90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Васіль Васільевіч Барысенка (Да 100-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Васіль Васільевіч Барысенка (Да 100-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательство Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 2, 2004 (С. 124--125)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Івашын В.У.
Васіль Васільевіч Барысенка (Да 100-годдзя з дня нараджэння).

В.В.Борисенко Прыгадаць мінулае -- значыць як бы нанова перажыць яго, паглядзець на яго яшчэ раз, з вышыні сучаснасці, зноў сустрэцца ў думках-успамінах з людзьмі, якіх добра ведаў, з якімі разам працаваў, сябраваў і якія ўвайшлі ў тваё духоўнас жыццё, пакінулі ў ім незабыўны след.

Мне давялося сустрэць на сваім жыццёвым шляху нямала добрых і цікавых людзей, і ў кожнага з іх я чаму-небудзь навучыўся. Першы мой і наш агульны настаўнік -- школа. Назаўсёды я захаваў у сваёй памяці вобраз майго першага настаўніка. Пасля ў сямігодцы і тэхнікуме былі многія іншыя. У Мінскім педагагічным інстытуце я слухаў лекцыі акадэміка I. Замоціна, прафесараў М. Піятуховіча, Я. Барычэўскага. Сярод гэтых маіх настаўнікаў быў і Васіль Васільевіч Барысенка. Ён чытаў курс беларускай літаратуры. Маладым, поўным энергіі і захаплення чалавекам запомніўся ён мне тады.

Выкладаць літаратуру ў той неспакойны час было не так проста. Перашкаджаў яшчэ не пераадолены, асабліва ў выкладанні, вульгарны сацыялагізм. Маладому педагогу прыходзілася пераадольваць гэтыя цяжкасці. Лекцыі яго падабаліся, мы, студэнты, упершыню па-сапраўднаму далучаліся да літаратуры, пазнавалі літаратуру як мастацтва слова. I ці мог я тады падумаць, што ў будучым прыйдзецца мне не толькі сустракацца з Васілём Васільевічам, але і працаваць разам з ім, пад яго кіраўніцтвам, і што ён стане мне блізкім і дарагім чалавекам. I хто ведае, можа быць у тым, што я стаў літаратуразнаўцам, немалую ролю адыгралі і лекцыі Васіля Васільевіча Барысенкі, якія прывівалі нам, студэнтам, любоў да літаратуры.

У пачатку 1946 года, пасля дэмабілізацыі з арміі, я сустрэўся з Васілём Васільевічам ужо будучы аспірантам Інстытута літаратуры, мовазнаўства і фальклору. Неўзабаве ён стаў дырэктарам гэтага Інстытута і маім навуковым кіраўніком.

Помніцца, першая наша рабочая сустрэча была прысвечана выбару тэмы дысертацыі. Васіль Васільевіч параіў спыніцца на творчасці Янкі Купалы. Я згадзіўся. I тут жа Васіль Васільевіч параіў мне больш чытаць, паглыбляцца ў змест купалаўскага слова, крытычна ставіцца да існуючай літаратуры аб творчасці паэта і абавязкова звярнуцца да архіваў. Так пачаліся мае пошукі новых матэрыялаў. У выніку гэтых пошукаў у 1950 годзе ў часопісе "Полымя" з'явіўся мой артыкул "Янка Купала і газета "Северо-западный край".

Апрача мяне, першымі пасляваеннымі аспірантамі Васіля Васільевіча Барысенкі былі вядомыя літаратуразнаўцы Марыя Мікітаўна Барсток і Антон Аляксандравіч Семяновіч. Мы прыйшлі ў Інстытут літаратуры ў пачатковы перыяд яго пасляваеннага абнаўлення, калі не было яшчэ памяшкання і адчуваўся востры недахоп навуковых кадраў.

Станаўленне Інстытута адбывалася на новай аснове, распрацоўваўся перспектыўны план яго развіцця, вызна-чаліся структура, асноўныя кірункі навуковых даследаванняў. Галоўным клопатам дырэктара і невялікага калектыву супрацоўнікаў была арганізацыя даследчай працы і падрыхтоўка навуковых кадраў.

В.В. Барысенка ўплываў на нас -- тады зусім маладых навукоўцаў і аспірантаў -- сваёй эрудыцыяй, глыбокім веданнем гісторыі і тэорыі літаратуры, шчодрасцю душы, усёй сваёй асобай. Наша аспіранцкая праца была арганізавана такім чынам, што мы з самага пачатку ўдзельнічалі ў навуковых даследаваннях. Мы пісалі артыкулы для падручніка па беларускай літаратуры.

Чула, з бацькоўскім клопатам ставіўся Васіль Васільевіч Барысенка да навуковых кадраў. У Інстытуце была створана атмасфера для росту іх прафесійнага майстэрства. Увагай Васіля Васільевіча былі агорнуты не толькі супрацоўнікі Інстытута, але многія выкладчыкі беларускай літаратуры Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага, якія былі яго аспірантамі. Можна сказаць (і тэта не будзе перабольшаннем), што шэраг знакамітых беларускіх літаратуразнаўцаў былі вучнямі В.В. Барысенкі і з яго дапамогай рабілі першыя крокі ў навуцы.

3 Васілём Васільевічам было лёгка і прыемна працаваць. За дваццаць гадоў сумеснай працы ў Інстытуце я ніколі не чуў ад яго крыўднага слова. Для ўсіх нас -- супрацоўнікаў Інстытута -- аўтарытэт Васіля Васільевіча быў непахісны. Патрабавальны да самога сябе, ён такой жа патрабавальнасці чакаў і ад іншых.

3 імем В.В. Барысенкі звязана на працягу многіх і многіх гадоў станаўленне і плённае развіццё беларускага літаратуразнаўства. Больш за 30 гадоў ён узначальваў Інстытут літаратуры, які стаў, дзякуючы яго стараннай працы, найбуйнейшым цэнтрам літаратуразнаўчай думкі, асяродкам даследавання важнейшых гісторыка-літаратурных, тэарэтычных і метадалагічных праблем літаратуразнаўства ў рэспубліцы. Пры яго ўдзеле -- кіраўніка, навуковага рэдактара і сааўтара -- створана першая навуковая Гісторыя беларускай літаратуры, падрыхтаваны і выдадзены Зборы твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага і іншых беларускіх класікаў.

Увага В.В. Барысенкі як даследчыка была засяроджана галоўным чынам на даследаванні класічнай спадчыны беларускага народа, творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Дуніна-Марцінкевіча. Яму належыць грунтоўная манаграфія, "Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя". Выдадзеная ў 1957 годзе, яна атрымала шырокі водгук і прызнанне.

Усёй сваёй дзейнасцю вучонага, арганізатара навукі В.В. Барысенка дапамагаў сярэдняй і вышэйшай школе ў выхаванні маладога пакалення. Пры яго ўдзеле ў Інстыгуце літаратуры былі створаны першыя падручнікі і хрэстаматыі па роднай літаратуры.

Прыгадваецца наша сумесная праца над падручнікам па беларускай літаратуры для 8-га класа сярэдняй школы. Гэта была нялёгкая справа. Трэба было бліжэй пазнаёміцца з праграмай, методыкай школьнага выкладання літаратуры. Успамінаюцца нашы "паходы" ў Міністэрства асветы, сустрэчы з настаўнікамі, папярэднія абмеркаванні. Васіль Васільевіч уважліва адносіўся да кожнай заўвагі, кожнай рэкамендацыі. У 1959 годзе падручнік выйшаў першым выданнем, прыхільна сустрэты і высока ацэнены настаўнікамі. Ён перавыдаваўся дзевятнаццаць разоў і пакінуў аб сабе добры ўспамін. Праца над падручнікам была першым вопытам нашага творчага супрацоўніцтва, якое працягвалася і ў далейшым.

У 1963 годзе мы прыступілі да навуковага рэдагавання двухтомнай "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры". Тут раскрыўся багаты вопыт Васіля Васільевіча як вучонага, дасканалага знаўцы літаратуры і строгага, патрабавальнага рэдактара. Такое фундаментальнае даследаванне стваралася ўпершыню маладым аўтарскім калектывам, і таму цяжкасці былі вялікія. Патрэбна была сур'ёзная дапамога, асабліва маладым аўтарам, якія рабілі толькі першыя крокі ў навуцы. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву В.В. Барысенкі цяжкасці паспяхова пераадольваліся. Навуковыя супрацоўнікі працавалі зладжана, згуртавана, як адзіны калектыў аднадумцаў.

Запомнілася і наша апошняя сустрэча, якая была вельмі кароткай. У канцы мая 1984 года я сустрэў Васіля Васільевіча ў паліклініцы. Я ведаў, што здароўе Васіля Васільевіча пагоршылася, але ён не скардзіўся. Так мы і развіталіся.

Праз два месяцы В.В. Барысенкі не стала. Назаўсёды абарвалася жыццё блізкага і дарагога мне чалавека, якога я любіў і шчыра паважаў. Сціпласць, сумленнасць, дабрыня, чуласць да людзей -- усе гэтыя душэўныя якасці выдатнага чалавека, вучонага Васіль Васільевіч Барысенка пранёс праз жыццё, і такім ён застаўся ў маёй памяці.

Журнал

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 26 апреля 2009 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2004-2009 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2004 Издательство "Беларуская навука"