Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line



90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Аляксандр Іванавіч Лакотка (Да 50-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Аляксандр Іванавіч Лакотка (Да 50-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Статья из номера 1, 2005 (С. 124--125)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Піліпенка М.Ф.
Аляксандр Іванавіч Лакотка (Да 50-годдзя з дня нараджэння).

У студзені 2005 года споўнілася 50 гадоў выдатнаму беларускаму вучонаму, дырэктару Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члену-карэспандэнту, доктару гістарычных навук і доктару архітэктуры, прафесару Аляксандру Іванавічу Лакотку.

А.I. Лакотка нарадзіўся 25 студзеня 1955 года ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 1972 годзе паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на архітэктурны факультэт. Пасля заканчэння інстытута кіраваў рабочай групай па стварэнню Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, а потым працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце гэтага музея. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю па этналогіі (этнаграфіі) і яму прысуджаецца навуковая ступень доктара гістарычных навук. У 1995 годзе А.I. Лакотка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела архітэктуры. У 1997 годзе яго прызначаюць намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. У 2001 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю па тэорыі і гісторыі архітэктуры, рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў і яму прысуджаецца навуковая ступень доктара архітэктуры. У красавіку 2004 года яго выбіраюць членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў верасні гэтага года Аляксандр Іванавіч Лакотка прызначаецца дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы.

Аляксандр Іванавіч Лакотка -- буйны вучоны ў некалькіх гуманітарных навуках -- архітэктуры, мастацтвазнаўстве, этналогіі. Ён аўтар звыш 200 навуковых прац, у тым ліку 18 манаграфій, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца: "Беларускае народнае дойлідства" (1991), "Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры" (1991), "Бераг вандраванняў, ці адкуль у Беларусі мячэці" (1994), "Беларусы. Т. 2. Дойлідства" (1997), "Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры" (1999), "Гістарычна-культурныя рэгіёны Беларусі" (2002), "Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі" (2003), "Архітэктурна-ландшафтная тапаграфія беларуска-рускага этнічнага пагранічча" (2003), "Архітэктурная спадчына Беларусі" (2004) і інш. А.I. Лакотка распрацаваў новы комплексны метадалагічны падыход, які грунтуецца на спалучэнні гістарычна-параўнальнага, архітэктуразнаўчых і мастацтвазнаўчых метадаў і дазваляе выявіць этнічныя рысы і рэгіянальныя асаблівасці беларускай архітэктуры. Таленавіты вучоны стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў. А.І. Лакотка вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, якая ўлічвае не толькі канструктыўныя асаблівасці, але і сацыяльна-эканамічныя і культурна-гістарычныя фактары, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля, выявіў прычыны рэгіянальных адрозненняў беларускага сакральнага дойлідства, да якіх адносяцца адчуванне маштабу і суразмернасці ў асяроддзі (нізіннае і ўзгорыстае), традыцыйнае разуменне суадносін гармоніі і памераў, светапоглядныя ўяўленні аб прыгажосці той ці іншай формы, кампазіцыі (яруснай, восевай). У сваіх працах А.I. Лакотка яскрава паказаў, што беларускае дойлідства з'яўляецца адной з выразных культурных адзнак беларускага этнасу. Неабходна адзначыць, што навуковыя працы Аляксандра Іванавіча Лакоткі маюць грунтоўную базу крыніц. Пад яго кіраўніцтвам і з непасрэдным асабістым удзелам праведзена шмат экспедыцый, абследаваны сотні сельскіх паселішчаў, дваццаць восем гарадоў, узята на ўлік некалькі тысяч помнікаў беларускага дойлідства.

Атрыманыя вынікі навуковых даследаванняў А.I. Лакоткі маюць важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне. Яны адкрываюць новыя гарызонты для пошуку сучасных форм мастацка-стылёвай выразнасці планіроўкі і забудовы паселішчаў, для дэталёвага вывучэння рэгіянальнай і лакальнай спецыфікі беларускага дойлідства, ддя рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў Беларусі. Гэтыя вынікі адзначаны Прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1999), стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2000). Яны з'яўляюцца навуковай асновай для стварэння абагульняючай чатырохтомнай працы "Гісторыя архітэктуры Беларусі" і пятнаццацітомнай "Гарады і вёскі Беларусі". Падрыхтоўка абедзвюх фундаментальных прац пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта А.I. Лакоткі завяршаецца ў 2005 годзе. А.I. Лакотка асабіста шмат робіць для практычнага прымянення вынікаў сваіх навуковых даследаванняў, паказвае прыклад у гэтай справе. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праект сектара "Цэнтральная Беларусь" гэтага музея, праекты многіх сядзіб, арганізаваны перавозка, размяшчэнне і рэстаўрацыя грамадскіх, культавых, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ён з'яўляецца ініцыятарам стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і ў вёсцы Моталь Іванавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Вялікую ўвагу Аляксандр Іванавіч Лакотка надае падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. 3 1990 года ён выкладае ў некалькіх вышэйшых навучальных установах -- Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Ім падрыхтаваны і прачытаны курсы лекцый "Этнаграфія Беларусі", "Мастацкая культура Беларусі", "Гісторыя архітэктуры Беларусі", "Беларускае народнае дойлідства", "Ахова і рэстаўрацыя архітэктурнай спадчыны". Ён кіруе падрыхтоўкай кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, з'яўляецца членам двух саветаў па абароне доктарскіх дысертацый, членам экспертнага савета Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі. За паспяховую падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі А.I. Лакотку ў 2003 годзе было прысвоена вучонае званне прафесара.

Аляксандр Іванавіч Лакотка актыўна прапагандуе вынікі навуковых даследаванняў, рэгулярна публікуе артыкулы ў газетах. Ён аўтар і вядучы серыі тэлеперадач "Беларускі мерыдыян", прымае актыўны ўдзел у серыі радыёперадач "Культура", напісаў сцэнарый фільма "Неруш", створанага кінастудыяй "Беларусьфільм".

Плённую навуковую і асветніцкую дзейнасць А.I. Лакотка спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён уваходзіць у склад Савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, з'яўляецца членам Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, членам Саюза архітэктараў Беларусі, віцэ-прэзідэнтам камісіі па архітэктуры і дызайну міжнароднай арганізацыі народнай творчасці ЮНЕСКА.

Свой юбілей Аляксандр Іванавіч Лакотка сустракае ў росквіце творчага таленту. Калегі па творчай працы шчыра віншуюць яго з 50-гадовым юбілеем і жадаюць яму здзяйснення ўсіх планаў і задум.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 5 июня 2008 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2005-2008 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2005 Издательство "Беларуская навука"