Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line

90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательский дом Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 1, 2006 (С. 119--120)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Русецкая В.І.
Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння).

Сярод вучоных-гуманітарыяў сустракаецца нямала людзей, якія валодаюць шматлікімі здольнасцямі і талентамі. Адзін славіцца глыбокай навуковай распрацоўкай фундаментальных філасофскіх праблем, з'яўляецца першапраходцам у тых ці іншых напрамках даследчыцкай думкі. Другі становіцца вядомым дзякуючы скрупулёзным, дакладна вывераным, навукова абгрунтаваным і доказным эмпірычным сацыялагічным даследаванням. Трэці чытае цудоўныя лекцыі ў студэнцкіх аўдыторыях ці выступае з цікавымі дакладамі на навуковых канферэнцыях. Чацвёрты славіцца дасціпным розумам, трапнымі выказваннямі, перасыпанымі гумарам, што робіць яго душой кампаніі. I ўсімі гэтымі здольнасцямі амаль у аднолькавай ступені валодае надзвычай цікавы і неардынарны чалавек -- Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў. Да таго ж, ён умее за будзённасцю жыцця прадбачыць контуры блізкага і больш далёкага будучага. А яшчэ ён выдатна танцуе і цудоўна спявае, у маладосці актыўна займаўся спортам, не абыходзіць увагай цікавых жанчын, многа чытае не толькі навуковай, але і мастацкай літаратуры, любіць і добра разумее класічную і сучасную музыку, умее весці палеміку па вострых пытаннях сучаснасці. Такая шматграннасць асобы плённа праяўляецца ў яго навукова-даследчай, прафесарска-выкладчыцкай і грамадскай дзейнасці.

Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў -- адзін з адметных і яркіх прадстаўнікоў выдатнай плеяды вядомых філосафаў, сацыёлагаў, тэарэтыкаў культуры, якія сфарміраваліся ў паслясталінскі перыяд, у "часы хрушчоўскай адлігі", адгранілі свой талент у гады брэжнеўскага "застою", гарбачоўскай перабудовы, а затым суверэннага і незалежнага дзяржаўнага і сацыякультурнага развіцця Расіі і Беларусі, іншых пост-савецкіх краін.

Навуковая спадчына Я.М. Бабосава шырока вядома сярод вучоных-грамадазнаўцаў не толькі Беларусі, краін СНД, але і ў далёкім замежжы. Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў -- адзін з вядучых вучоных-грамадазнаўцаў Беларусі і краін СНД, буйнейшы спецыяліст у галіне сацыялогіі і філасофіі, заснавальнік сацыялагічнай школы ў Беларусі. Для развіцця сучасных даследаванняў у галіне сацыялогіі выключна каштоўнымі з'яўляюцца распрацаваныя ім канцэптуальныя падыходы даследавання сацыяльнай структуры сучаснага грамадства, трансфармацыйных працэсаў у соцыуме і іх уплыву на развіццё асобы, асаблівасцей узаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Шырокую вядомасць у нашай краіне і за яе межамі атрымалі яго працы, у якіх даследуюцца філасофска-метадалагічныя праблемы навуковага пазнання, гнасеалагічныя механізмы навуковых рэвалюцый, а таксама работы, прысвечаныя аналізу сучасных філасофскіх, тэалагічных і сацыяльна-палітычных канцэпцый.

Яўгеній Міхайлавіч нарадзіўся ў сям'і служачага ў г. Разані. Яго бацька быў спецыялістам сельскай гаспадаркі, а маці працавала на фабрыцы. Перад вайной бацька быў пераведзены на работу ў г. Мінск. Дзесяцігадовым хлопчыкам Я.М. Бабосаў з маці перанёс усе жахі акупіраванага фашыстамі Мінска, а бацька яго пайшоў дабравольцам на фронт і распісаўся на калоне Рэйхстага ў Берліне. Пасля вайны, скончыўшы з залатым медалём школу, Яўгеній Міхайлавіч паступіў на філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і скончыў яго з адзнакай у 1955 г. Яшчэ тады за поспехі ў вучобе быў імянным стыпендыятам, а яго навуковая работа, выкананая на 4-м курсе, атрымала першую прэмію на ўсесаюзным конкурсе студэнцкіх работ. У 1957--1960 гг. Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў вядзе выкладчыцкую дзейнасць па філасофіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Мінскім медыцынскім інстытуце. У 1961 г. ён абараніў кандыдацкую (у Мінску), а ў 1971 г. (у Маскве) -- доктарскую дысертацыі па філасофіі. 3 1962 па 1977 г. Я.М. Бабосаў працуе намеснікам загадчыка аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК Кампартыі Беларусі і працягвае актыўна займацца навуковай дзейнасцю. У гэтыя тады ён апублікаваў такія фундаментальныя працы, як "Тэйярдызм -- спроба сінтэзу навукі і хрысціянства", "Сацыяльныя аспекты навукова-тэхнічнай рэвалюцыі", "Навукова-тэхнічная рэвалюцыя і мадэрнізацыя каталіцызму", "Дыялектыка аналізу і сінтэзу ў навуковым пазнанні" і інш.

Вядомы вучоны Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў узбагаціў філасофскую і сацыялагічную навуку працамі сусветнага значэння. Ім глыбока даследаваны метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, прааналізаваны асаблівасці развіцця яе асноўных кампанентаў (навукі, рэлігіі, этыкі, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры). Як чалавек яркі і таленавіты, ён валодае незвычайнай навуковай інтуіцыяй і з глыбокай цікавасцю і надзвычай паспяхова засвойвае ўсё новыя і новыя пласты філасофскіх і сацыялагічных ведаў. Калі на вялікай постсавецкай прасторы і далёка за яе межамі ажыўлена абмяркоўваліся фактары, прычыны і вынікі катастрафічнага распаду Савецкага Саюза для Беларусі, падмацаваныя Чарнобыльскай катастрофай і яе наступствамі, з'явілася фундаментальная праца Я.М. Бабосава "Катастрофы: сацыялагічны аналіз", у 1997 г. -- "Асновы канфлікталогіі", у 2000 г. -- "Канфлікталогія".

Апошнюю чвэрць XX ст. яго творчы лёс непарыўна звязаны з сацыялогіяй. А яна, як вядома, не толькі вывучае мінулае і сучаснасць, але на падставе выяўленых тэндэнцый спрабуе зазірнуць у будучае, пабудаваць больш ці менш верагодныя трэнды будучага развіцця сацыяльных працэсаў. I тут трэба ўспомніць, што ў 1993 г. часопіс "Беларусь" у сваім студзеньскім нумары аб'явіў конкурс на самую дакладную версію прагнозу пад дэвізам "Ваш прагноз аб развіцці падзей паміж годам мінулым і будучым". У гэтым конкурсе прагнозаў пераможцам стаў Я.М. Бабосаў. А праз год ён жа спрагназаваў вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, з дакладнасцю да дзесятых долей працэнта прадказаўшы на іх перамогу маладому палітыку А. Р. Лукашэнку.

Я.М. Бабосаў не лічыў і не лічыць сябе палітолагам, хаця ў некаторых яго працах, напрыклад у кнізе "Ідэалагічныя асновы сучаснай дзяржавы", апублікаванай двума выданнямі ў 2004 г., ці ў інтэрв'ю "Хто яны -- галоўныя ігракі XXI стагоддзя" (часопіс "Сацыялогія". 2005. №2) даецца паглыблены палітычны аналіз сучасных палітычных працэсаў у Беларусі і Расіі, а некаторыя яго вучні абаранілі дысертацыі па палітычных навуках.

Я.М. Бабосаў з'яўляецца аўтарам больш чым 35 манаграфій па розных напрамках сацыялогіі і філасофіі. Сярод іх такія фундаментальныя працы, як "Ісціна і багаслоўе" (1989 г.), "Сацыяльная экалогія і экстрэмальныя сітуацыі" (1993 г.), указаныя вышэй "Катастрофы: сацыялагічны аналіз", "Асновы канфлікталогіі", "Канфлікталогія", "Сацыялогія кіравання" (2000 г.), "Сацыяльна-стратыфікацыйная панарама сучаснай Беларусі" (два выданні -- у 2002 г. і ў 2004 г.), "Структурная трансфармацыя ўкладу жыцця насельніцтва Беларусі ў канцы XX—XXI ст." (2005 г.). У апошнія гады ім апублікаваны шэраг вучэбных дапаможнікаў, якія можна назваць аднымі з лепшых у краінах СНД. Гэта "Сацыялогія. Ч. 1. Агульная сацыялагічная тэорыя", "Агульная сацыялогія", "Прыкладная сацыялогія", "Эканамічная сацыялогія" і іншыя, якія высока ацэнены калегамі-сацыёлагамі з Расіі і іншых краін СНД. Вядомы вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 800 навуковых работ. Пра што б ні пісаў акадэмік Я.М. Бабосаў, у яго працах мы знаходзім глыбокія філасофскія разважанні, сацыялагічныя эксплікацыі і пошукі, якія характарызуюць псіхалагічную і сацыяльную структуру асобы, яе светапогляд, этычныя нормы, жыццёвыя каштоўнасці, палітычны выбар і антыпатыі, усю шматграннасць яе духоўнага свету, што бясконца змяняецца.

Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў вядзе актыўную навуковую дзейнасць, яго навуковыя даклады былі ўключаны ў праграмы сямі Сусветных філасофскіх, сацыялагічных і палітычных кангрэсаў. Яго працы выдаваліся на англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, польскай, балгарскай мовах. Ім падрыхтавана больш за 70 кандыдатаў і больш за 18 дактароў філасофскіх і сацыялагічных навук. Сярод іх такія вядомыя вучоныя, як дактары сацыялагічных навук С. А. Шавель, Г. М. Сакалова; член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук А. М. Данілаў; дэпутат беларускага парламента, доктар сацыялагічных навук I. В. Катляроў; дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук Г. М. Явелькін; доктар сацыялагічных навук Г. А. Несвятайлаў, дактары філасофскіх навук У. К. Лукашэвіч, Я. X. Капелян і іншыя. Я.М. Бабосаў таксама актыўна займаецца выкладчыцкай дзейнасцю, распрацоўвае і чытае курсы сацыялогіі, сацыялогіі кіравання, філасофіі культуры, канфлікталогіі, рэлігіязнаўства ў вышэйшых навучальных установах краіны. Ён з'яўляецца членам рэдакцыйных калегій шэрагу навуковых часопісаў, што выдаюцца ў Мінску, Маскве, Варшаве, Кракаве, Гродне.

Яшчэ адна адметная грань таленту Я.М. Бабосава -- яго незгасальны аптымізм як жыццесцвярджальны і мэтанакіраваны светапогляд, напоўнены шчырай, добрай верай у лепшае будучае нашага народа, якая сагравае людскія душы.

Лаурэат Дзяржаўнай прэміі, прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за высокія дасягненні ў навуковай дзейнасці, прэміі Міністэрства адукацыі за лепшы падручнік па гуманітарных навуках, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Я.М. Бабосаў і зараз плённа працуе над праблемамі сацыялогіі, філасофіі, культуралогіі, сацыяльных крызісаў, канфліктаў і катастроф, сацыяльна-структурнай трансфармацыі сучаснага беларускага грамадства.

Ушаноўваючы выдатнага вучонага з 75-годдзем, ёсць усе падставы сцвярджаць, што і сёння ён поўны ідэй, якія ўвасоблены ў канцэптуальных філасофскіх і сацыялагічных творах, таму хочацца пажадаць яму далейшага творчага даўгалецця і здароўя.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 26 августа 2006 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2006 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2006 Издательский дом "Беларуская навука"