Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line



90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательский дом Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 4, 2007 (С. 122--124)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Мікуліч М.У.
Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння)

Максім Танк Споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых яркіх і самабытных пісьменнікаў у гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры, вядомага і аўтарытэтнага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, дзяржаўных і літаратурных прэмій СССР і БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка НАН Беларусі Яўгена Іванавіча Скурко (Максіма Танка). Усім нам, хто меў радасць і шчасце сустракацца з ім, абмяркоўваць важныя грамадска-сацыяльныя і літаратурна-творчыя праблемы, ён запомніўся як чалавек вялікага прыроднага дару, надзвычайнай зместавай ёмістасці і гарманічнасці мастацкага таленту, рэдкай духоўна-маральнай арганізацыі, душэўнай чысціні і прыцягальнай сілы -- падкрэслена сціплы, чулы, добразычлівы, высакародны.

Нарадзіўся Максім Танк 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына на Мядзелынчыне ў дружнай і працавітай сялянскай сям'і. Дзяцінства і юнацтва будучага выдатнага паэта прыпалі на вірлівыя, складаныя і супярэчлівыя падзеі першай сусветнай вайны і бежанства ў Расіі, Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, разгортвання заходнебеларускага народна-вызваленчага руху 20-х гадоў Ён вучыўся ў Вілейскай рускай, Радашковіцкай беларускай, Віленскіх беларускай і рускай гімназіях (ніводнай з іх не закончыў з-за ўдзелу ў падпольнай барацьбе), працаваў у легальных і нелегальных перыядычных выданнях, інструктарам ЦК камсамолу Заходняй Беларусі, неаднаразова затрымліваўся і арыштоўваўся польскай дэфензівай, знявольваўся ў віленскую турму "Лукішкі".

Пісаць вершы М. Танк пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназістам, друкавацца -- з 1932 года. У 1936 годзе ён выдаў першы зборнік вершаў "На этапах" (адразу канфіскаваны паліцыяй), які сведчыў, што малады аўтар выхоўваў сябе на трывалых народных духоўна-сацыяльных каштоўнасцях. Творчасць паэта характарызавалі высокая ступень нацыянальна-патрыятычнай свядомасці і грамадзянскай адказнасці лірьгчнага героя, яго арыентацыя на адвечныя маральна-этычныя прынцыпы і нормы жыцця працоўнага асяроддзя, багатыя залежы калектыўнага вопыту і традыцый. Ён імкнуўся асэнсоўваць з'явы і працэсы заходнебеларускай рэчаіснасці ў іх анталагічным змесце, бачыць іх духоўна-сацыяльную прыроду, аснова-творную сутнасць і напоўненасць, перспектывы далейшага развіцця. Духоўна-мастацкая свядомасць М. Танка актывізавалася балючай думкай пра зняволены родны край, спакутаваную зямлю, прыгнечаны і занядбаны народ, пра кінутых у змрочныя турэмныя лёхі братоў па змагарнаму руху і падпольнай дзейнасці.

Адзначаныя асаблівасці знайшлі сваё развіццё ў наступных зборніках М. Танка -- "Журавінавы цвет" (1937) і "Пад мачтай" (1938). Мастацкі стыль паэта характарызаваўся падкрэсленай ёмістасцю і шматграннасцю зместу: лірыка-апавядальны, падзейна-эпічны пачатак спалучаўся ў ім з рэфлексіўна-медытатыўным, філасофскім, выкрывальна-сатырычная плынь дапаўнялася і падсвечвалася прамоўніцка-публіцыстычнай. Многім яго вершам, напрыклад, такім, як "Калі няма на свеце маёй мовы...", "У падзямеллі", "Шэрыя хаты, платы і вароты...", "Лісце каштанаў" і інш., была ўласціва значная ступень рэалістычнай канкрэтнасці адлюстравання, прадметнай выразнасці жывапіснага малюнка, непасрэднасці і дакладнасці душэўна-псіхалагічнага перажывання. Яны з'яўляліся носьбітамі засяроджанага філасофскага роздуму аўтара, іранічнага высмейвання, лірасатырычнага выкрыцця ім апанентаў і непрыяцеляў, крытычна-з'едлівай іскрамётнасці і палемічнага пафасу. М. Танк распрацоўваў кананічны, сабраны і разняволены верш, верлібр, выкарыстоўваў традыцыйныя, добра апрацаваныя шматлікімі папярэднікамі і наватарскія, індывідуальна-аўтарскія сродкі мастацкай выразнасці.

Пазнанне рэчаіснасці ў М. Танка было прасякнута рамантычнай чысцінёй духу лірычнага героя, да верлівай шчырасцю ўспрымання з'яў і прадметаў, глыбокім пранікненнем у іх духоўна-маральны змест. Яно грунтавалася на акце здзіўлення, працэсе адкрыцця і, як вынік, -- душэўнай узрушанасці. Мастацка-вобразныя структуры паэта вызначаліся такімі асаблівасцямі, як нечаканасць супастаўленняў, суадня сенне розных па свайму характару і маштабу фактаў і працэсаў, кантрастнасць колераў і адценняў, перапад рытміка-інтанацыйнага гучання: "Згубяць коні ў вадапоі Раскаваны маладзік" ("Як задрэмлюць"), "Хутка пойдуць дзяўчаты грамадою вясёлай, Каб з крыніцы сцюдзёнай чэрпаць вёдрамі золак" ("Ой, калышацца вецер"), "восень агонь распаліла з асенняга лісця" ("Каля мора"), "зачапіўшыся за сасновы грэбень, Калышацца сіняе неба..." ("Казка пра Музыку") і інш.

Аналізуючы мастацкія пошукі М. Танка ў артыкуле "На раздарожжы", заходнебеларускі крытык С. Каліна, несумненна, меў падставы адзначыць: "Асабліва вялікую ўвагу зьвяртае паэт на вобразнасьць і плястычнасьць сваей творчасьці, якія асягівае пры помачы сьмелай і сконкрэтызаванай мэтафорычнасьці паэтыцкага языка. У сувязі з гэтым творы ягоныя прамаўляюць да чытача перадусім сакавітымі й пукатымі абразамі, моцна насычанымі шчырым і глыбокім лірызмам". Блізкія назіранні знаходзім і ў некаторых іншых крытыкаў, напрыклад, Атоса. Унутрана палемізуючы з С. Калінам адносна асаблівасцей развіцця творчай індывідуальнасці М. Танка, у артыкуле пад назвай "На ўласны шлях!" ён тым не менш падкрэслі ваў наступнае: "Характар паэзіі Танка прыпамінае стыль барока. Бо-ж і там -- такая-ж пышнасьць і багацьце формаў і там -- кожная дэталь у будоўлі, разьбе, малюнку створана так, як творацца мэтафары ў радках Танкавых вершаў I там -- у пэўнай меры стыхійнасьць у тварэньні, якая ў вырослым з барока стылю рококо дае папросту оргію формаў і матываў: гэткае тамака мноства іх, гэткія яны віхрыстыя, неспакойныя".

Натуральна, М. Танк звяртаўся да трывала ўгнездаваных у мастацкай практыцы паэтаў-рамантыкаў вобразаў вясны, сонца, навальніцы, пажару і інш. Яго ўмоўна-рамантычныя, сімволіка-алегарычныя вобразы і малюнкі неслі сацыяльную праўду жыцця, насычаліся цяжкімі пластамі заходнебеларускай рэчаіснасці, фактамі падпольнай дзейнасці лірычнага героя, грунтаваліся на ідэі непрыняцця прыгнёту і не справядлівасці. Яны падпарадкоўваліся высокаму духоўна-маральнаму ідэалу паэта, асаблівасцям яго вострага асацыятыўна-метафарычнага светабачання, раскаванасці мастацкага мыслення, разняволенасці і нязмушанасці вершаванага радка: "Цягнуцца думы барознамі, Чорны змываючы пот" ("Палавічнік"), "будуць вашы дзеці Араць бяду з пракляццем на шнурах", "Нехта з песняй залатым скрабе нарогам Грудзі чорныя, ўраджайныя зямлі", "Змоўкла песня, толькі звоняць недзе слёзы На палетках за скрыпучаю сахой" ("Сказ пра Вяля"), у батрацкага сына багацця -- "душа пад кашуляй, Сілы поўная буйнай" ("Ой, калышацца вецер") і інш.

Лірычны герой М. Танка, вязень "цэлі астрожнай", імкнуўся "Песню падрыхтаваць, Каб было з чым на барознах Вырай страчаць" ("Сцены і неба кавалак між кратаў..."). Ён не меў "сціла і паперы", дык песні пісаў "на маўклівых мурах", "на калючых дратах, На хмарах, што па-над турмой Прылятаюць". Яго песні-сны блудзілі "Між дарог чужых, Між муроў і крат, Між дратоў стальных", дзе ім было "Душна, цесна", благотна-цяжка ("Ці падуць калі..."). Яны рваліся "ўдаль, Ўдаль -- на волю з пут", "Полымем сваім" палілі ланпугі, будзілі, клікалі "на шляхі" прыгнечаных і абяздоленых.

М. Танк стварыў рамантычна-ідэалізаваны вобраз лірычнага героя, цалкам звернутага да высокага духоўна-эстэтычнага ідэалу, скіраванага ў будучыню роднага краю. Гэта вобраз маладога падполынчыка-рэвалюцыянера, прыгожага сваёй высакароднай ахвярнасцю змагара за інтарэсы народа, шырокай працоўнай грамады. Ён падвяргаў сумненню маральна-прававую практыку, сацыяльна-эканамічныя асновы заходнебеларускай рэчаіснасці, ставіў на мэце пераўзнавіць іх у адпаведнасці з сацыялістычнымі ідэйнымі прынцыпамі і каштоўнасцямі.

Паэзія М. Танка вызначалася чысцінёй і свежасцю, непасрэднасцю ўспрымання свету, гуманістычна чалавечай чуйнасцю, але ў той жа час і ўнутранай адмабілізаванасцю, грамадзянскай страснасцю, своеасаблівым драматычна-аптымістычным характарам мастацкага абагульнення. Гэта была паэзія чорных скіб, як падкрэсліваў М. Арочка, "шурпатых далоняў, незагойных ран, стогнаў у катоўнях", гневу і бунту, смелага выкліку, якая грунтавалася на тонкай назіральнасці і ўражлівасці, эмацыянальна-псіхалагічнай пранікнёнасці лірычнага героя, услаўленні высокіх праяў святла і красы ў прыродным свеце, грамадскім асяроддзі і душы чалавека. Характэрная летуценнасць, умоўна-рамантычная мройлівасць, душэўная высакароднасць спалучаліся ў ёй з наступальнай бескампраміснасцю, рэвалюцыйным гартам, ахвярнай мужнасцю. 3 асаблівай выразнасцю гэта раскрылася ў вершах "Чорныя скібы", "Начная цішыня", "Спатканне", "Над Прыпяццю", "Песня кулікоў", "Паслухайце, вясна ідзе..." і інш.

Вялікае месца ў паэзіі М. Танка належала такім ёмістым сацыяльна-маральным катэгорыям, як матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, звон кайданоў, чорныя скібы, паднебныя шляхі, каласістае гора, жалезны вырай, этапныя дарогі, світальная зара, полымя волі, сталёвы сонечны паход і інш. Яны ўвасаблялі адметныя рысы грамадскага жыцця і прыродна-геаграфічнага ландшафту Заходняй Беларусі, ладу мыслення і філасофіі, духоўна-сацыяльнай свядомасці яе народа, раскрывалі характэрныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу Гэта былі своеасаблівыя каардынаты прыгнечанага і за нядбанага роднага краю паэта, у кантэксце якіх і разгортвалася жыццядзейнасць яго лірычнага героя.

Развіццё творчай індывідуальнасці М. Танка было працягнута ў вогненна-халепныя гады ваенных нягод і выпрабаванняў Пад час вайны паэт працуе ў газеце "За Савецкую Беларусь", агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", стварае і публікуе паэму "Янук Сяліба" (1943), зборнікі вершаў "Вастрыце зброю" і "Праз вогненны небасхіл" (1945).

Дужа насычаным, падкрэслена плённым і выніковым на духоўна-мастацкія здабыткі, а таксама ў плане грамадскай і дзяржаўнай дзейнасці з'явіўся для М. Танка пасляваенны перыяд жыцця і творчасці. 3 1948 па 1966 год ён працуе галоўным рэдактарам часопіса "Полымя", з 1966 па 1990 год -- спачатку першым сакратаром, пасля старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі. Абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947--1971) і СССР (1969--1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI -- VII скліканняў (1963--1971), з'яўляецца членам шматлікіх грамадскіх арганізацый. Зборнік вершаў паэта "Каб ведалі" (1948) быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, "След бліскавіцы" (1957) -- Літаратурнай прэміяй Янкі Купалы, "Мой хлеб надзённы" (1962) -- Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, высокую ацэнку крытыкі і літаратуразнаўства, усёй тагачаснай грамадска-культурнай супольнасці атрымалі яго кнігі "Глыток вады" (1964), "Перапіска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972),"Дарога, закалыханая жытам" (1976) і інш.

Будучы надзвычай багатай на актыўна-творчыя пошукі і выніковыя знаходкі, паэзія Максіма Танка 60--90-х гадоў мінулага стагоддзя заключае ў сабе вялікія духоўна-эстэтычныя каштоўнасці. Кнігі паэта з цікавасцю чытаюцца не толькі на Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне, у Полынчы, Балгарыі, іншых еўрапейскіх краінах. Уражваюць абсягі, багацце і шматграннасць яго мастацка-творчага свету, ступень заангажаванасці ў надзённа-вострыя, актуальна-набалелыя праблемы часу, супярэчнасці грамадска-сацыяльных працэсаў М. Танк імкнецца спасцігнуць няпросты сэнс дыялектыкі глыбінных гістарычных працэсаў, асэнсоўвае духоўна-маральныя каштоўнасці чалавечага жыцця на зямлі.

Характар яго лірычнага героя вызначаюць, з аднаго боку, абвостраная грамадзянска-патрыятычная ўстурбаванасць, адданасць асновам народнай самасвядомасці, а з другога -- вышыня і размах рамантычных парыванняў, душэўна-псіхалагічная пранікнёнасць, гуманістычная чуйнасць. Прынцыпы аналітычна-даследчага асэнсавання працэсаў рэчаіснасці, лагізаванасць гістарычнага мыслення, зварот да драматычных і трагічных старонак нацыянальнага мінулага і сучаснасці дапаўняюцца ў вершах паэта абагульнена-сінтэзаваным успрыманнем з'яў і прадметаў, эмацыянальна-пачуццёвай непасрэднасцю. Лірычная споведзь суседнічае ў іх з прамоўніцкім пафасам і публіцыстычнасцю, народна-песенныя матывы пераплятаюцца з заглыбленай медытатыўнай роздумнасцю і крытычна-выкрывальнай іроніяй. I вельмі часта ўсё гэта пры характэрнай танкаўскай "расхрыстанасці" структурных элементаў твораў

М. Танк як паэт, асоба, несумненна, з'яўляўся дзяржаўным чалавекам. Але яго мастацкі талент быў настолькі магутны, яркі і шматгранны, што не ўкладваўся ў тагачасную дзяржаўна-ідэалагічную сістэму і палітыку. М. Танк хоць і з'яўляўся шчырым камуністам, членам ЦК КПБ, але не столькі паэтызаваў камуністычныя ідэалагемы, прынцыпы і нормы жыццядзейнасці, колькі іх маніфеставаў ці канстатаваў Яго мастацкі талент не вельмі паддаваўся абмежаванням, рэгламентацыі і уніфікацыі, бо развіваўся ў рэчышчы дабрыні і чалавечнасці, праўды і справядлівасці, высокай духоўнасці і маралі.

Вялікая і плённая грамадска-культурная дзейнасць і багатая і шматгранная літаратурна-творчая праца М. Танка былі адзначаны прысваеннем яму высокіх званняў народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаннем шматлікімі дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі. Ён з'яўляўся акадэмікам НАН Беларусі (1972), ганаровым грамадзянінам г. Мінска (1987). У 1978 годзе за зборнік вершаў у перакладзе на рускую мову "Нарочанские сосны" (Масква, 1977) паэту была прысуджана Ленінская прэмія.

Памёр М. Танк 7 жніўня 1995 года.

М. Танк заўсёды выпраменьваў дабратворную, пазітыўную энергетыку, быў настроены на кампраміс, згоду і ўзаемаразуменне. Яго асоба цэнтралізавала нацыянальны літаратурны працэс, дынамізавала мастацкія пошукі пісьменнікаў Творчасць М. Танка шчыра і пранікнёна паэтызавала родную зямлю, Бацькаўшчыну-Беларусь, цяжкую, але пачэсную, жыццядайную прапу земляроба, аратага, сейбіта, раскрывала духоўны свет беларуса -- чалавека лагоднага, памяркоўнага, добразычлівага, сцвярджала высокія сацыяльна-маральныя, грамадзянска-патрыятычныя прынцыпы і каштоўнасці жыцця. Сённяшняе маладое літаратурнае пакаленне звяртаецца да яе як да крыніцы цяпла і дабрыні, веры і аптымізму, духоўнасці і маралі.

Гэта быў дар ад Бога -- рэдкі, унікальны чалавек, самабытны, непаўторны паэт, каларытная, дзяржаўная асоба. Ён жыў самымі светлымі думкамі і ідэямі, якімі можа жыць чалавек, парывіста адгукаўся на чужы боль, людское гора, дапамагаў усім, каму мог і чым мог, і пакінуў яркі след у душах і сэрцах сваіх суайчыннікаў, у гісторыі роднай Беларусі.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 16 октября 2007 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 2007 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 2007 Издательский дом "Беларуская навука"