Bel  ·  Eng  ·  Rus   |    Только текст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Telegram НАНБ в Viber НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
НАН Беларуси on-line

90 лет НАН Беларуси
Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь
Официальный интернет-сайт Совета Министров Республики Беларусь
Перечень административных процедур, выполняемых НАН Беларуси и ее организациями
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Интернет-портал Молодёжь Беларуси
Газета Навука
Журнал Наука и инновации
Республиканский Центр Трансфера Технологий

Ученые Беларуси: Віктар Антонавіч Каваленка (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Главная страница / Издания академии / Научные журналы

Ученые Беларуси: Віктар Антонавіч Каваленка (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Известия Национальной академии наук Беларусu
СЕРИЯ ГУМАНИТАРНЫХ НАУК

Издательство Беларуская навука, Минск, Республика Беларусь

Статья из номера 3, 1999 (С. 136--138)

Журнал

УЧЕНЫЕ БЕЛАРУСИ

Тычына М.А.
Віктар Антонавіч Каваленка (Да 70-годдзя з дня нараджэння)

Акадэміку НАН Беларусі, доктару філалагічных навук, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Я. Коласа, заслужанаму дзеячу навукі БССР Віктару Антонавічу Каваленку 21 ліпеня 1999 г. споўнілася 70 гадоў. Узрост, калі з вышыні пражытага можна ўбачыць і ацаніць пройдзены жыццёвы і творчы шлях, спакойна і непаспешліва ўзважваючы задуманае і здзейсненае, не робячы скідкі на неспрыяльныя акалічнасці і міжвольныя ўпушчэнні. Менавіта такім, паэтычна ўзрушаным і мудра ўраўнаважаным, чулым да ўсяго новага і ўважлівым да патаемньтх тэктанічных зрухаў у духоўным жыцці краіны, засяроджаным на вырашэнні актуальных праблем літаратуразнаўства і практычным ажыццяўленні любімых ідэй у сучасным літаратурным працэсе, і ўяўляецца гэты прыкметны ў любым асяродку сваім вонкавым спакоем, добразычлівасцю і ўсмешлівасцю чалавек, які звычайна па-беларуску сціпла трымаецца ў баку. Але як змяняецца ён у хвіліну, калі адчувае, што навокал адбываецца нешта надзвычай важнае і ад яго пазіцыі і ўзважанага слова залежыць многае! Тады нават і раўнадушнага не могуць не ўразіць яркі прамоўніцкі стыль, аргументаванасць вынесеных на абмеркаванне палажэнняў, жалезная логіка разваг і высноў, заўсёды падмацаваныя ўнутранай перакананасцю прамоўцы ў сваёй праваце, а самае галоўнае -- у грамадскай значнасці моманту, у гістарычнай важкасці сучасных падзей, здольных уплываць на стан рэчаў у вялікім свеце.

Многае ў жыццёвай і навуковай пазіцыі В.А. Каваленкі тлумачыцца яго біяграфіяй, дзе няма нічога выпадковага, не пазначанага меткай лёсу. Нарадзіўся В.А. Каваленка 21 ліпеня 1929 г. у вёсцы Сакаўшчына Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер гэта Валожынскі раён Мінскай вобласці) у сям'і малазямельнага селяніна, які марыў вывесці свайго сына ў людзі і наўрад ці ўяўляў, што ў яго беднай хаце расце будучы акадэмік, аўтар шматлікіх навуковых даследаванняў, соцень крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў. У 1939 г. В.А. Каваленка скончыў 3 класы польскай школы і зрабіў першыя самастойныя крокі ў жыццё, азораныя радаснай падзеяй уз'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў адзінай дзяржаве. Менавіта гэты яркі момант беларускай гісторыі здаўся пазней ужо сталаму навукоўцу В.А. Каваленку вартым асаблівай увагі і быў вобразна і ўражліва ўзноўлены ў рамане "Падвышанае неба" (1978) -- назва глыбока сімвалічная, бо водсвет даўняй падзеі азарыў усё жыццё і творчасць вучонага, надаў яго грамадскай і літаратурнай дзейнасці вялікі зарад энергіі, гуманістычна змястоўнай і ідэйна мэтанакіраванай, нарадзіў веру ў вялікія магчымасці духоўна вызваленага чалавека. Чакаюць свайго вобразнага асэнсавання і цяжкія выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі падлетак жыў у роднай вёсцы з бацькамі пад нямецкай акупацыяй і займаўся сельскай гаспадаркай, пазбаўлены магчымасці па-сапраўднаму аддавацца вучобе. Падзеі гэтага часу, адлюстраваныя ў нашай выдатнай беларускай ваеннай прозе, з асаблівай увагай даследуюцца В.А. Каваленкам у многіх яго навуковых працах. Да некаторых духоўных і маральных праблем гэтага спецыфічнага перыяду нацыянальнай гісторыі даследчык вяртаецца зноў і зноў, добра ўсведамляючы ўсечалавечае значэнне і гістарычную каштоўнасць набытага цяжкай цаной вопыту вайны і міру. Скончыўшы ў 1945 г. Шчаўканаўскую сямігодку, падлетак паступіў у Лідскае педагагічнае вучылішча, а ў 1948 г., атрымаўшы дыплом, ужо працаваў у Дабравольскай сямігодцы настаўнікам. Прага да ведаў і разуменне таго, што разбуранае вайной жыццё патрабуе найперш прафесіяналізму ва ўсіх сферах, прывялі юнака ў Мінскі педінстытут на факультэт мовы і літаратуры, які ён скончыў у 1953 г. і пасля гэтага два гады настаўнічаў у Сырмежскай сярэдняй школе. У 1953--1954 гг. В.А. Каваленка быў дырэктарам спачатку Камелішскай, а затым Жукойненскай сярэдніх школ на Астравеччыне.

Пошукі творчага і навуковага асяроддзя прывялі В.А. Каваленку ў аспірантуру Інстытута літаратуры беларускай Акадэміі навук дзе ён навучаўся з 1955 па 1958 г. Пасля заканчэння аспірантуры малады навуковец быў залічаны на працу ў гэтым жа навукова-даследчым інстытуце, дзе ён працуе больш за сорак гадоў, па сённяшні дзень. Менавіта ў гэты час фарміраваліся і ўмацоўваліся лепшыя якасці характару вучонага: мужнасць і чалавечнасць, адданасць справе і ісціне, вера ў светлы пачатак у людской натуры, высокая прынцыповасць і рэдкая патрабавальнасць да самога сябе, заўсёдная юнацкая прага самаўдасканалення. У сваіх навуковых даследаваннях В.А. Каваленка выяўляе грамадскія і эстэтычныя ідэалы, уласцівыя такой унікальнай у нашай гісторыі і маналітнай сваёй духоўнай акрыленасцю з'яве, як пакаленне "шасцідзесятнікаў", абуджанае да жыцця і творчасці рэвалюцыйным абнаўленнем грамадскай атмасферы ў краіне. Гэта пакаленне надоўга захавала ў сваёй душы імпэт да змен і перакананасць у гістарычнай неабходнасці ідэалаў гуманістычнага абнаўлення свету. П ошукі беларускай літаратурай і літаратурнай навукай шляхоў ішлі паралельна, у адзіным парыве да ісціны зліліся высілкі і воля кожнага. Ужо ў першых публікацыях В.А. Каваленкі, яго манаграфіях "Пошукі і здзяйсненні" (1963), "Давер" (1967), "Голас чалавечнасці" (1970) выразна выявіліся асноўныя асаблівасці яго як навукоўца: эстэтычны аналіз мастацкіх твораў натуральна спалучаўся з публіцыстычным пафасам адмаўлення вульгарызатарскіх поглядаў на літаратуру, з мэтанакіраваным сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей у духоўным руху грамадства. Нават самі назвы кніг сведчылі аб тым, што маладога даследчыка як асобу і творцу вызначаў абсалютны "давер" да жыцця, а яго "голас чалавечнасці" быў заўсёды добра чутны ў асяродцзі калег і чытачоў. Тым самым яго "прага духоўнасці", выяўленая ў кнізе з такой назвай, стварала славу чалавека, які ў самых складаных варунках клапоціцца найперш пра тое, каб захоўваць і памнажаць чалавечае ў чалавеку, няспынна дбаць аб высокай духоўнасці, без якой сучаснік задыхаўся б, як без кіслароду ў ваколзямной атмасферы.

Літаратурная навука разглядваецца В.А. Каваленкам як адзін з відаў творчай дзейнасці, які, акрамя эстэтычнай ацэнкі і вытлумачэння мастацкіх вобразаў і ідэй, мае на мэце пазнанне свету і чалавека ў свеце. Асновай маральнага аўтарытэту вучонага-літаратуразнаўцы, зарукай яго дзейнага ўплыву на творчы працэс з'яўляецца спалучэнне навуковай аб'ектыўнасці з грамадскай актыўнасцю, строгай патрабавальнасці з узважанасцю тэарэтычных высноў, якія робяцца з улікам карэнных сацыяльных і маральных праблем сучаснасці. У 70-я гады ў цэнтры ўвагі В.А. Каваленкі як даследчыка, асабліва ў яго кнігах "Вытокі. Уплывы. Паскоранасць" (1975), "З пазіцый сучаснасці" (1975), "Праблемы сучаснай беларускай крытыкі" (1977), "Жывое аблічча дзён" (1979), знаходзіліся навуковыя і тэарэтычныя асновы ўзнікнення новай і навейшай беларускай літаратуры, мінулае нацыянальнай літаратуры ў цесным кантакце з суседнімі славянскімі літаратурамі, прасякнутае інтэнцыямі сусветнай мастацкай і філасофскай думкі, што было дастаткова новым у тыя часы і ўспрымалася неадназначна літаратурным асяроддзем.

В.А. Каваленка заўсёды быў чалавекам прынцыповых перакананняў, якія ён адстойваў і адстойвае бескампрамісна і ў жыцці, і ў творчасці, не зважаючы на палітычную кан'юнктуру, звяртаючыся з праўдай жыцця і ўласным сумленнем літаратара-гуманіста. У супярэчлівыя часы перабудовы яго творчыя паводзіны і дзейнасць у якасці дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі (1982--1997 гг.) падтрымлівалі і абвастралі ў калег імкненне да чалавечнасці, чысціні і сумленнасці, разуменне небывалай складанасці падзей і унікальнай шматзначнасці духоўных працэсаў, дзе прычыны і вынікі часта мяняюцца месцамі, а перамогу цяжка адрозніць ад паражэння, і наадварот. Ужо тады ў В.А. Каваленкі выявіліся лепшыя рысы сапраўднага лідэра літаратурнага працэсу. Менавіта ў гэты перыяд гісторыі беларускай літаратурнай навукі пад ідэйным кіраўніцтвам В.А. Каваленкі грунтоўна распрацоўваліся такія складаныя праблемы, як "Беларуская ваенная літаратура ў кантэксце сусветнай літаратуры", "Беларуска-рускія літаратурныя сувязі", "Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры" і інш. Беларускае літаратуразнаўства выходзіла на новы тэарэтычны ўзровень свайго развіцця і набывала новую энергію для далейшага руху -- з'ява сама па сабе незвычайная ў цяжкіх умовах.

Капітальныя акадэмічныя распрацоўкі В.А. Каваленкі сталі этапнымі ў развіцці беларускай літаратурнай навукі і з'явіліся аб'ектыўнай падставай для надання яму высокага звання акадэміка АН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Коласа (1980 г.) за ўдзел у 2-томным даследаванні "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" (1977, на рускай мове), прысуджэння Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў СССР за кнігу "Прага духоўнасці" (1976). Агульная колькасць напісаных В.А. Каваленкам кніг перасягнула двухзначную лічбу, колькасць навуковых артыкулаў і публікацый перавышае дзве сотні, а ў выніку атрымліваецца, што іх аўтар сапраўды жыве, кіруючыся славутым прынцыпам "ні дня без радка". Гэта кнігі пра пісьменнікаў і літаратуру, але ў іх заўсёды ёсць і нешта большае, што надае ўсяму напісанаму акадэмікам В.А. Каваленкам асаблівую маральную і філасофскую вагу, а менавіта: чалавек, гісторыя, нацыя, гуманізм, духоўнасць. Духоўны змест літаратуры, маральнае аблічча ўдзельнікаў гісторыі, чалавек у плыні Вялікага Часу, праца на гуманістычнае абнаўленне свету -- вось ключ да ўсяго створанага пісьменнікам і навукоўцам, сакрэт той павагі, з якой успрымаецца яго слова чытачамі. У якасці дырэктара Інстытута літаратуры В.А. Каваленка стварыў знітаваны пафасам навуковага спасціжэння ісціны калектыў, захаваў лепшыя інстытуцкія традыцыі, умацоўваў атмасферу дэмакратызму, волевыяўлення розных думак і поглядаў, павагі і зычлівасці. Як крытык ён актыўна ўдзельнічае ў літаратурных баях, дэманструе зайздросную энергію і трываласць, цікаўнасць да ўсяго новага, з'яўляючыся сапраўдным настаўнікам, сябрам і дарадцам навуковай моладзі.

Грамадская пазіцыя В.А. Каваленкі, ідэйныя прынцыпы, прафесійная падрыхтоўка, душэўная шчодрасць, па-сялянску цягавітая працавітасць, высокая інтэлігентнасць, малады аптымізм апошнім часам знайшлі сваё выяўленне ў складанай працы ў якасці навуковага рэдактара новай "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.", першы том якой ужо выйшаў з друку, -- любімым дзецішчы нашага сённяшняга юбіляра.

Журнал Top

Главная страница / Издания академии / Научные журналы / К началу страницы


Разработана и поддерживается Николаем Н. Костюковичем. Последнее обновление: 21 июля 2009 г.
Создана при участии Игнатия И. Корсака
Копирайт © 1999-2009 Национальная академия наук Беларуси
Копирайт © 1999 Издательство "Беларуская навука"