Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.07.2020

Адбылася прэс-прэзентацыя першай кнігі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх»

8 ліпеня 2020 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-прэзентацыя першай кнігі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх». У прэс-мерапрыемстве прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч і загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Літвін.

Акцыя па стварэнні народнага летапісу была ініцыявана Нацыянальнай акадэміяй навук у сакавіку і адразу ж знайшла водгук сярод беларусаў. У першую кнігу народнага летапісу ўвайшлі 40 матэрыялаў, якія паступілі ў Інстытут гісторыі раней за астатнія. Як правіла, у адным матэрыяле размова ідзе пра ўнёсак некалькіх людзей у Перамогу, таму ў выданні ў цэлым прадстаўлены каля 60 удзельнікаў вайны. Акрамя асабістых архіваў грамадзян пры падрыхтоўцы першай кнігі былі выкарыстаны навуковыя дакументы, карты, матэрыялы з мастацкай літаратуры і выяўленчага мастацтва.

Дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч адзначыў: «Акцыя доўгая, збор матэрыялаў працягваецца. Іх можна накіроўваць па электроннай ці звычайнай пошце або прыносіць прама ў інстытут. На сёння да нас паступіла ўжо больш за 200 зваротаў, у тым ліку з Расіі».

Загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Аляксей Літвін падкрэсліў, што ў адным матэрыяле, як правіла, расказваецца пра некалькіх людзей: «Я як гісторык выразна разумею: тое, што ляжыць у архівах, – гэта пастаянная памяць, але чым далей мы адыходзім ад часу Вялікай Айчыннай вайны, тым больш размываецца памяць людская. Вывучаючы гісторыю, адлюстроўваючы яе, я бачу, што нам не хапае гісторыі па персаніфікацыі. У дакументах звычайна гэтага няма».

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя праінфармаваў, што 7 ліпеня 2020 года адбылася анлайн-сустрэча гісторыкаў краін СНД, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку вынікі беларускіх даследаванняў, прысвечаных перыяду Вялікай Айчыннай вайны. «Мы адправілі ў Інстытут усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук прапанову аб сумеснай падрыхтоўцы падручніка ці дапаможніка для выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ краін СНД. Думаю, гэтая работа будзе праведзена», – лічыць ён.


Успаміны, сведчанні сваякоў і блізкіх, што перажылі жахі Вялікай Айчыннай вайны, дакументы, фатаграфіі можна дасылаць на электронную ці звычайную пошту Інстытута гісторыі НАН Беларусі (указаны на сайце http://history.by/). Калі такой магчымасці няма, матэрыялы можна перадаць асабіста супрацоўнікам інстытута, прыехаўшы па адрасе: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1. Абавязкова ўказвайце свае імя, прозвішча, імя па бацьку і адрас. Добрым дадаткам будзе ваш аповед пра сябе і фота. Пасля апрацоўкі матэрыялаў гісторыкі вернуць іх уладальнікам.


Фота С. Дубовік, газета Навука