Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.07.2020

Адбылося ўрачыстае адкрыццё мадэрнізаванага Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій

21 ліпеня 2020 года ў ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» адбылося ўрачыстае адкрыццё мадэрнізаванага Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій.

«Геномныя біятэхналогіі лічацца вельмі перспектыўнымі ва ўсім свеце і актыўна развіваюцца. Даследаванні беларускіх вучоных не саступаюць замежным, у нас магутная біятэхналагічная навука. Адкрыццё мадэрнізаванага цэнтра дазволіць выйсці на новы ўзровень у галіне вывучэння геному чалавека, раслін і жывёл», – сказаў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на ўрачыстым адкрыцці цэнтра.

Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі адзначыў, што мадэрнізацыя дазволіць больш чым удвая павялічыць аб’ём генетычных аналізаў, аказваць дапамогу ўрачам, спецыялістам у галіне аховы навакольнага асяроддзя, крыміналістам, селекцыянерам і спартсменам.

«Абсталяванне ў нашым мадэрнізаваным цэнтры ўнікальнае і дарагое. Каб спецыялісты навучыліся на ім працаваць, мы іх адпраўлялі на стажыроўкі ў Германію, Вялікабрытанію, ЗША», – дадаў дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Руслан Шэйко.

Будаўнічыя работы працягваліся два гады і закончыліся з’яўленнем мадэрнізаваных лабараторый, аснашчаных самым сучасным навуковым абсталяваннем. Цяпер цэнтр цалкам адпавядае сусветным патрабаванням да ПЛР-лабараторый. У адпаведнасці з задачамі, якія будуць вырашаць у мадэрнізаваным цэнтры, зроблена заніраванне памяшканняў, прадугледжана спецыяльная сістэма вентыляцыі, шлюзы і г.д.

Мадэрнізацыя цэнтра дазволіць істотна павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць работ, намножыць аб’ёмы і спектр паслуг па генетычным аналізе, створыць спрыяльныя ўмовы для міжнароднага супрацоўніцтва.

Сёння ў цэнтры аказваюцца паслугі па генетычным тэсціраванні схільнасці больш як да 20 сацыяльна значных захворванняў (сардэчна-сасудзістыя, астэапароз, дыябет 2-га тыпу, тромбафілія і інш.).

Мадэрнізаваны цэнтр пашырыць спектр паслуг: стане магчымым вызначэнне індывідуальных генетычных асаблівасцей метабалізму вітамінаў, алкаголю, халестэрыну, старэння скуры, стану валасоў, расшыфроўка поўнага геному чалавека.