Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.07.2020

У Інстытуце філасофіі НАН Беларусі распрацаваны і запатэнтаваны дзве карысныя мадэлі

У Інстытуце філасофіі НАН Беларусі распрацаваны і запатэнтаваны дзве карысныя мадэлі: «Канструкцыя для трэніроўкі цягліц» пад назвай «Power Hoop» і «Шматфункцыянальны трэнажор дынамічнай і ізаметрычнай нагрузкі». Трэнажоры прызначаны для спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі спартсменаў-адзінаборцаў у відах спорту з тэхнікай, заснаванай на ўдарах і кідках, а таксама для развіцця цягліц, што ўдзельнічаюць у кідальных рухах, і для агульнага фізічнага развіцця ў масавых відах спорту. Асобнай сферай прымянення «Шматфункцыянальнага трэнажора дынамічнай і ізаметрычнай нагрузкі» з’яўляецца рэабілітацыя і лячэбная фізічная культура.

Аўтар распрацовак – аспірант Інстытута філасофіі Іван Скіба, які з’яўляецца таксама кандыдатам у майстры спорту па тайландскім боксе і магістрам педагогікі. Іван Скіба ўжо больш за 7 гадоў займаецца распрацоўкай інавацыйных трэнажораў і метадалогіі спартыўнага ўдасканальвання.

Абодва трэнажоры па-свойму ўнікальныя. «Power Hoop» просты і зручны па канструкцыі, але пры гэтым забяспечвае максімальна эфектыўную прапрацоўку груп цягліц і рабочых дзеянняў для ажыццяўлення ўдараў, кідкоў і іншых спаборніцкіх рухаў. «Шматфункцыянальны трэнажор дынамічнай і ізаметрычнай нагрузкі» дае магчымасць адначасовага спалучэння інтэнсіўнай індывідуальна падабранай трэніровачнай нагрузкі і высокага ўзроўню бяспекі для таго, хто займаецца.

Праваўладальнік патэнта – Інстытут філасофіі НАН Беларусі.

Дырэкцыя Інстытута сумесна з аўтарам актыўна генерыруе метадалогію ўкаранення трэнажора ў спартыўную і агульнафізічную дзейнасць як дзяржаўных, так і камерцыйных устаноў, якія аказваюць фізкультурна-аздараўленчыя паслугі. Таксама плануецца правядзенне экспертызы запатэнтаваных канструкцый з мэтай укаранення ў сферу рэабілітацыі і лячэбнай фізічнай культуры.

На працягу ўсёй гісторыі філасофскія веды былі цесна звязаны з фізічнай культурай. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі Платон і Піфагор удзельнічалі ў спаборніцтвах па панкратыёне – разнавіднасці адзінаборстваў. Вядомы нямецкі філосаф ХХ ст. Марцін Хайдэгер цікавіўся горнымі лыжамі і футболам, а прызнаны беларуска-расійскі спецыяліст у галіне філасофіі навукі акадэмік Вячаслаў Сцёпін гуляў у баскетбол. Інтарэс да фізічнай культуры і спорту ўласцівы і для сучасных беларускіх філосафаў.