Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.08.2020

Адбылася прэзентацыя выставы «Беларусь інтэлектуальная»

7 жніўня 2020 года ў НАН Беларусі адбылася прэзентацыя выставы «Беларусь інтэлектуальная» і выставачнай канцэпцыі «Беларусь інтэлектуальная». Арганізатары мерапрыемства – НАН Беларусі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата (БелГПП).

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў расказаў журналістам, што ў беларускіх вучоных ёсць распрацоўкі па самых розных напрамках – ад касмічных тэхналогій да сельскай гаспадаркі: «Гэта найноўшыя прэпараты для сферы аховы здароўя, біятэхналогіі, распрацоўкі ў галіне машынабудавання, новыя матэрыялы для розных галін прамысловасці, а таксама ўнікальныя лазеры, якія прадаюцца ва ўсім свеце – ад Японіі да ЗША. У нас ёсць біятэхналагічны, касмічны, аграпрамысловы, машынабудаўнічы кластары, мы ідзём шляхам аб’яднання намаганняў». Кіраўнік Акадэміі навук адзначыў, што на выставе прадстаўлены не толькі дасягненні Акадэміі навук, але ВНУ і другіх арганізацый. «У апошні час мы актыўна працуем з БелГПП на ўсіх выставах, каб яны набывалі сучасны прывабны выгляд. Гэта ўплывае на аўтарытэт і імідж нашай навукі. Сёння на выставе мы прадставілі найноўшыя, найбольш эфектыўныя распрацоўкі. Многія з іх з’яўляюцца ўнікальнымі. Канечне, гэта далёка не ўсё, у НАН кожны дзень з’яўляецца нешта новае», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч у сваю чаргу адзначыў: «У Акадэміі навук ёсць каласальны патэнцыял, рэсурс, напрацоўкі, у нас – свае магчымасці, сетка партнёраў па ўсім свеце. Таму нарадзіўся сумесны праект «Беларусь інтэлектуальная». За гэтыя два з паловай гады мы сумесна з Акадэміяй навук правялі 24 выставы. На іх было падпісана звыш 120 кантрактаў, пагадненняў і мемарандумаў. Прывяду яшчэ адну лічбу: толькі на гэтых выставах арганізацыі НАН падпісалі кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі на розныя рынкі на суму больш за 0,5 млрд».

На выставе «Беларусь інтэлектуальная» было прадстаўлена больш за 150 апошніх распрацовак і тэхналогій вучоных краіны. Экспазіцыя складаецца з трох кластараў, звязаных з найбольш актуальнымі прыярытэтамі развіцця навуковай сферы: «IT-краіна. Навуковае забеспячэнне лічбавізацыі эканомікі», «Пераадоленне COVID-19» і «Тэхналогіі будучыні». Так, Інстытут фізікі НАН Беларусі дэманструе лазерна-аптычны аналізатар дэфектаў «Луч-54», прызначаны для кантролю паверхні паліраваных пласцін, якія выкарыстоўваюцца для стварэння мікраэлектроннай прадукцыі (чыпы, датчыкі, у тым ліку для касмічнай, ваеннай прамысловасці). «НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве» дэманструе электрамагнітныя і радыяцыйныя ахоўныя экраны на аснове кампазіцыйных матэрыялаў. Яны ўяўляюць інтарэс для дасягнення мінімізацыі ўздзеяння іанізаванага выпраменьвання (электроны, пратоны, гама-кванты) на паўправадніковую кампанентную базу, што працуе ў экстрэмальных умовах зямной і калязямной прасторы (геастацыянарная арбіта Зямлі).

З шэрагам унікальных распрацовак вучоных можна было пазнаёміцца на экспазіцыі «Пераадоленне COVID-19». Так, Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі прадставіў абсталяванне для кіслародна-геліевай сумесі, якая падаграваецца і выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі паталогій дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм для клінічнага і амбулаторнага лячэння SARS CoV-2 і праграмна-апаратны комплекс GPS-Кардыя. Інстытут механікі металапалімерных сістэм НАН Беларусі прадэманстраваў электрэтныя валакністыя фільтравальныя melt-blown матэрыялы для аховы органаў дыхання і перспектыўны фільтрацыйны матэрыял для медыцынскіх масак і картрыджаў для рэспіратараў на аснове валакніста-сітаватага фтарапласту «Грыфтэкс». У экспазіцыі «Тэхналогіі будучыні» УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі паказаў шматузроўневую сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і расійска-беларускі касмічны апарат высокага раздзялення на стадыі праектавання.

Фота М. Гулякевіч, газета Навука


Тэгi
#выставы