Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.10.2020

Акадэмія навук выступіць у якасці саарганізатара ў Міжнароднай прамысловай анлайн-выставе TeMEx, якая стартуе ў кастрычніку

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступіць у якасці саарганізатара ў Міжнароднай прамысловай анлайн-выставе TeMEx. Выстава пачне работу 14 кастрычніка 2020 года і аб’яднае на адной пляцоўцы кампаніі з розных краін свету, а таксама навінкі шырокага тэматычнага спектра – ад буйнагабарытных машын і пастаўшчыкоў сыравіны для прамысловасці да навукова-тэхнічных распрацовак, ІТ-рашэнняў і аўтаматызацыі вытворчасці.

Назва выставы расшыфроўваецца як Technology and Machinery Expo, г.зн. «выстава тэхналогій і абсталявання». Асноўны слоган выставы – «Кожнае звяно важнае!» – закліканы падкрэсліць ідэю ўзаемасувязі нацыянальнай прамысловасці кожнай краіны з глабальнай эканамічнай экасістэмай.

Свае навінкі тэхналагічных рашэнняў і прадукцыі прадставяць падведамныя арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па такіх напрамках, як беспілотныя лятальныя комплексы, інавацыйнае машынабудаванне, горназдабыўная прамысловасць, біятэхналогіі і тэхналогіі для аховы навакольнага асяроддзя, тэхналогіі ў галіне харчовай бяспекі.

У рамках выставы ў анлайн-фармаце будзе праведзены шэраг спадарожных дзелавых мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў з розных краін.

Мы запрашаем нашых патэнцыяльных партнёраў і ўсіх зацікаўленых наведаць віртуальны стэнд НАН Беларусі. Наведванне выставы бясплатнае (з абавязковай рэгістрацыяй). Спасылка на сайт рэгістрацыі: www.temex2020.com Выстава будзе доўжыцца да 14 студзеня 2021 г.


Тэгi
#выставы