Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.10.2020

На выставе «БЕЛАГРА-2020» НАН Беларусі дэманструе амаль 240 новых распрацовак і тэхналогій

Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў прыняў удзел у адкрыцці ХХХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «БЕЛАГРА-2020». У гэтым годзе ў ёй прымаюць удзел 36 арганізацый НАН Беларусі. Усяго вучоныя і спецыялісты Акадэміі навук дэманструюць амаль 240 новых распрацовак і тэхналогій. Упершыню на выставе «БЕЛАГРА-2020» РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» прадстаўляе мясное марожанае «Icemeat». Марожанае ўяўляе сабой арыгінальны і карысны прадукт, што асвяжае і ідэальна падыходзіць для лёгкага перакусу. Інавацыйнае мясное марожанае з’яўляецца высакаякасным збалансаваным вырабам дзякуючы адборнай мясной сыравіне і другім паўнацэнным інгрэдыентам у яго саставе. Сярод навінак РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» НАН Беларусі – сухія сумесі для прыгатавання кулінарных вырабаў і паўфабрыкатаў з выкарыстаннем адзітыўных тэхналогій (3д-тэхналогій).

РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» прадэманструе ў рамках выставы насенне новых гатункаў асноўных сельскагаспадарчых культур з высокім патэнцыялам прадуктыўнасці і ўраджайнасці, атрыманае вучонымі-аграрыямі на базе цэнтра.

РУП «Інстытут лёну» пакажа новыя гатункі лёну-даўгунцу з высокім патэнцыялам ураджайнасці і прадуктыўнасці. РУП «Інстытут аховы раслін» прадставіць фунгіцыдныя прэпараты на аснове выкарыстання прамысловых адходаў гальванічнай вытворчасці, прызначаныя для аховы пладовых, ягадных культур, агародніны і бульбы ад узбуджальнікаў грыбковых хвароб (фітафтароз, альтэрнарыёз, парша, каранёвыя гнілі і інш.). Прэпараты па тэхналагічных характарыстыках і спектры дзеяння не саступаюць аналагам у рэспубліцы, па кошце таннейшыя за замежныя.

На выставачных стэндах РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» наведвальнікі могуць пазнаёміцца з новымі гатункамі бульбы, унікальнымі па ўраджайнасці, таварнасці і тэрміне захоўвання.

РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» прадставіць найноўшыя біятэхналогіі ў племянной жывёлагадоўлі, сярод якіх – пацвярджэнне пэўнасці паходжання жывёл па мікрасатэлітных локусах (буйной рагатай жывёлы, свіней, коней); маркёр-залежная селекцыя (вызначэнне генатыпа жывёлы незалежна ад полу, узросту, фізіялагічнага стану) і інш.

На выставе «БЕЛАГРА-2020» Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі прадстаўляе бульбасартавальную машыну, на якой усталявана камера сістэмы машыннага зроку і аўтаматычная інспекцыя, што робіць дзясяткі кадраў за секунду. На клубнях бульбы распазнаюцца пазеляненні, сляды хвароб, механічныя пашкоджанні, нарасты і чарвяточыны. Аўтаматычна адбываецца ідэнтыфікацыя такіх клубняў як некандыцыйных, і яны прыбіраюцца з канвеера струменем сціснутага паветра. Вучоныя цэнтра дэманструюць комплекс спецыялізаваных машын для механізацыі працэсаў уборкі лёну. Тэхніка сабрана на беларускіх прадпрыемствах з узроўнем лакалізацыі каля 80-90%. Наведвальнікаў зацікавіць і эксперыментальная мадэль індукцыйнага падагравальніка, распрацаванага ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Выкарыстоўваючы індукцыйны нагрэў, унікальная сістэма падагравае камбікорм да 70, што значна павышае яго якасць. Сярод навінак прадпрыемства – камбайн прычапны паўрадны ягадаўборачны, камбайн церабільнага тыпу для ўборкі морквы, камбайн для ўборкі капусты, падборшчык валунных камянёў, сеялка пнеўматычная камбінаваная для агародніны і інш.

30-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА-2020» пройдзе з 29 верасня па 4 кастрычніка на тэрыторыі Футбольнага манежа на праспекце Пераможцаў 20/2 у Мінску. Паводле інфармацыі арганізатараў, удзел у форуме прымаюць каля 400 кампаній з 15 краін.


Тэгi
#выставы