Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.10.2020

Вучоныя з чатырох краін прынялі ўдзел у пасяджэнні Навуковага савета па аграрных праблемах МААН

6 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі ў фармаце відэаканферэнцыі адбылося арганізацыйнае пасяджэнне Навуковага савета па аграрных праблемах Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (далей – МААН) пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, члена-карэспандэнта П. П. Казакевіча, які з’яўляецца Старшынёй дадзенага савета. У мерапрыемстве прынялі актыўны ўдзел вучоныя з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана і Грузіі. З дакладам «Роля і задачы аграрнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь» выступіў акадэмік-сакратар Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі, член-карэспандэнт У. А. Азаранка. На пасяджэнні быў разгледжаны праект Палажэння аб Навуковым савеце па аграрных праблемах МААН.

У склад Навуковага савета па аграрных праблемах увайшлі 17 чалавек, у тым ліку 12 – з Беларусі. Сярод іх генеральныя дырэктары пяці навукова-практычных цэнтраў Акадэміі навук, акадэмікі і члены-карэспандэнты, дырэктары навуковых арганізацый Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі, якія актыўна праводзяць навуковыя даследаванні па ўсіх напрамках аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь: земляробства, раслінаводства і вытворчасць кармоў, жывёлагадоўля і ветэрынарная медыцына, механізацыя сельскай гаспадаркі, вытворчасць прадуктаў харчавання, аграрная эканоміка.

У склад Навуковага савета ўвайшлі таксама тры прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі: намеснік Старшыні Навуковага савета па аграрных праблемах МААН, акадэмік Сібірскага аддзялення РАН А. С. Дончанка, акадэмік РАН У. М. Касалапаў і акадэмік РАН Я. П. Лабачэўскі.

Ад акадэміі навук Азербайджана членам Навуковага савета стаў член-карэспандэнт НАН Азербайджана Зяйнал Ібуаглы Акпераў, ад Акадэміі сельскагаспадарчых навук Грузіі ў Аджарскай аўтаномнай рэспубліцы – акадэмік З. Н. Путкарадзэ.

Старшынёй Навуковага савета па аграрных праблемах МААН П. П. Казакевічам былі ўнесены прапановы па пошуку сумесных напрамкаў даследаванняў вучоных краін-удзельніц і кропак судакранання па актуальных пытаннях у галіне сельскай гаспадаркі. У далейшым плануецца пашырэнне геаграфіі ўдзельнікаў Навуковага савета па аграрных праблемах МААН праз запрашэнне вядучых вучоных у сферы аграрнай навукі з Казахстана, Малдовы і іншых краін.