Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2020

Інстытут прыкладной фізікі і БелДІСС падпісалі дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве

14 кастрычніка, у Сусветны дзень стандартызацыі, Інстытут прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь падпісалі дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі арганізацый Міхаіл Хейфец і Аляксандр Скуратаў.

Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва па дагаворы намечаны падрыхтоўка і правядзенне сумесных навукова-даследчых работ, навукова-практычных семінараў, канферэнцый, праектаў, конкурсаў у галіне тэхнічнага нарміравання, стандартызацыі і ацэнкі адпаведнасці.

Дагаворам прадугледжана прыцягненне навукова-даследчага, прафесарска-выкладчыцкага і інжынернага саставу інстытутаў для кансультацый, засваення методык правядзення выпрабаванняў, а таксама абмен вопытам і неабходнымі інфармацыйна-аналітычнымі дакументамі, публікацыямі, вучэбна-метадычнай і іншай інфармацыяй.

У Рэспубліцы Беларусь тэхнічнае нарміраванне, стандартызацыя і ацэнка адпаведнасці ідуць па інавацыйным шляху развіцця, у аснову якога пакладзены актуальныя навуковыя даследаванні, лепшая практыка вядучых вытворцаў і крэатыўныя рашэнні.

У дэвізе Сусветнага дня стандартызацыі 2020 года – «Стандартызацыя для аховы планеты» – глыбока адлюстроўваецца тое глабальнае значэнне, якое адыгрываюць стандарты ў ахове ад негатыўнага ўздзеяння чалавека на планету і ў садзейнічанні ўстойліваму развіццю.