Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2020

У Акадэміі навук адкрываецца Цэнтр электронна-прамянёвых тэхналогій

6 лістапада 2020 года (пятніца) у 11:00 у НАН Беларусі (Мінск, вул. Купрэвіча, 12) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Навукова-вытворчага цэнтра электронна-прамянёвых тэхналогій.

Цэнтр аснашчаны ўнікальным тэхналагічным абсталяваннем, прызначаным для электронна-прамянёвай зваркі (далей – ЭПЗ). Гэты від зваркі дазваляе злучыць за адзін праход металы і сплавы таўшчынёй ад 0,1 да 400 мм. ЭПЗ адносіцца да метадаў зваркі канцэнтраванымі крыніцамі энергіі і валодае шырокімі тэхналагічнымі магчымасцямі. Гэта найбольш перспектыўны спосаб злучэння вырабаў з тугаплаўкіх металаў і тэрмічна ўзмоцненых матэрыялаў, калі наступная тэрмаапрацоўка непажаданая, цяжкая ці немагчымая; вырабаў пасля завяршальнай механічнай апрацоўкі пры неабходнасці мінімізаваць зварачныя дэфармацыі; шэрагу таўстасценных і тоўсталіставых канструкцый адказнага прызначэння. Найбольш шырока электронна-прамянёвая зварка прымяняецца ў авіякасмічнай прамысловасці, ядзернай энергетыцы, турбабудаванні, электравакуумнай вытворчасці, прыборабудаванні і шэрагу іншых галін прамысловасці. Падобнага зварачнага абсталявання ў Рэспубліцы Беларусь больш няма.

Прымяненне тэхналогій паслойнага электронна-прамянёвага плаўлення ці спякання металаў або кампазіцый дазваляе ствараць вырабы найскладанейшай формы, якія немагчыма атрымаць другімі метадамі. Прымяняюцца зыходныя матэрыялы ў выглядзе дроту ці парашку з атрыманнем дэталяў памерам ад некалькіх міліметраў да 1 – 3 м і болей (памеры вызначаюцца толькі габарытамі вакуумнай камеры). Сёння з выкарыстаннем электронна-прамянёвых 3D-тэхналогій найбольш развіта вытворчасць вырабаў для патрэб авіякасмічнага комплексу і атрымання медыцынскіх імплантатаў.