Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2020

Адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра электронна-прамянёвых тэхналогій

6 лістапада 2020 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра электронна-прамянёвых тэхналогій. Цэнтр аснашчаны ўнікальным тэхналагічным абсталяваннем, прызначаным для электронна-прамянёвай зваркі.

Як расказаў журналістам Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «гэтая ўнікальная вытворчасць створана па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Яе ўдалося арганізаваць у кароткі тэрмін, фактычна за тры месяцы. Разлічваем, што рэнтабельнасць складзе 15-20%. Тут можна выконваць буйнагабарытную, паслойную зварку, без праблем зварваць розныя металы: медзь з алюмініем, медзь з жалезам. Усё аўтаматызавана, таму будзе няшмат супрацоўнікаў, каля 20. Калі раней трэба было заказваць дэталі за мяжой, то цяпер зможам вырабляць іх самі ў сябе ў краіне. Мы лічым гэта прарывам».

Гаворачы пра значнасць адкрыцця Цэнтра і выкарыстання электронна-прамянёвых тэхналогій, першы намеснік міністра прамысловасці Сяргей Гунько прадкрэсліў: «Дадзеныя тэхналогіі ў першую чаргу неабходныя сёння машынабудаўнічым прадпрыемствам краіны, такім, як БЕЛАЗ, МТЗ. У іх будуць зацікаўлены і прыватныя кампаніі. Такія тэхналогіі дапамогуць павысіць якасць і надзейнасць вырабаў для эксплуатацыі ў складаных умовах, напрыклад, у падземных рудніках. Пры дапамозе камп’ютарнага мадэлявання, вымярэння хібнасці рэзультату зваркі гэтыя тэхналагічныя рашэнні дазваляюць дасягнуць значнага змяншэння кошту вытворчасці».

Па словах акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Аляксандра Ласкоўнева, сёння ва ўсім свеце імкнуцца выкарыстоўваць новыя метады апрацоўкі дэталяў. «Электронна-прамянёвыя тэхналогіі дазваляюць дасягнуць высокай трываласці. Адкрыццё гэтага цэнтра – важны крок для нашага машынабудавання, які мае вялікія перспектывы», – падкрэсліў ён.

Найбольш шырока электронна-прамянёвая зварка прымяняецца ў авіякасмічнай прамысловасці, ядзернай энергетыцы, турбабудаванні, электравакуумнай вытворчасці, прыборабудаванні і шэрагу іншых галін прамысловасці. Падобнага зварачнага абсталявання ў Рэспубліцы Беларусь больш няма.