Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.12.2020

Адбылася цырымонія перадачы Тураўскага крыжа

26 лістапада 2020 года ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ўзноўленага напрастольнага крыжа Тураўскай епархіі XII-XIII стст. Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі перадаў крыж Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміру Гусакову. Мерапрыемства адбылося ў рамках VI Беларускіх Калядных чытанняў.

Тураўскі крыж адносіцца да напрастольных крыжоў візантыйскіх і старажытнарускіх храмаў, да якіх належыць і яшчэ адна вядомая беларуская святыня – крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Гісторыя ўзнаўлення Тураўскага крыжа пачалася ў 1962 годзе, калі падчас раскопак тураўскага гарадзішча ў пласце XII-XIII стст. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, археолаг Пётр Лысенка, знайшоў чатыры свінцовыя выявы: Прасвятой Багародзіцы і трох святых. Вучоны выказаў меркаванне, што выявы мелі дачыненне да напрастольнага крыжа кафедральнага сабора Турава, зруйнаванага землятрусам у першай палове XIII ст. Сам крыж быў галоўнай святыняй тураўскай епархіі і захоўваўся на прастоле кафедральнага сабора горада. У жніўні 2019 года канцэпцыю Тураўскага крыжа зацвердзіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, і ўжо восенню пачаліся работы па вырабе крыжа па вызначаных памерах з адпаведнага матэрыялу. Па сярэдневяковых тэхналогіях былі выраблены два ідэнтычныя крыжы – для тураўскай епархіі і для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Плануецца, што Крыж будзе захоўвацца ў музеі гісторыі НАН Беларусі.


Тэгi
#падзеі