Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.12.2020

ЦНБ запрашае наведаць экспазіцыю, прысвечаную 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

З 24 лістапада па 31 снежня 2020 года ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі дзейнічае юбілейная экспазіцыя «Сын зямлі пад белымі крыламі», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі з’яўляецца захавальніцай самай вялікай часткі дакументальнай спадчыны пісьменніка. Сярод экспанатаў – чарнавікі, аўтографы паэтычных твораў: ад першай публікацыі вершаў у газеце «Ленинский призыв» да апошняй – верша, прысвечанага Васілю Быкаву, а таксама рукапісы твораў 1950-х гг. з малюнкамі пісьменніка, раманаў «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», шматлікіх апавяданняў, эсэ, казак.

Асобныя тэматычныя блокі ствараюць уяўленне аб У. Караткевічу як драматургу, кінасцэнарысце. На выставе можна пазнаёміцца з рукапісамі п’ес «Маці ўрагану», «Калыска чатырох чараўніц», «Кастусь Каліноўскі», афішай прэм’еры гэтага спектакля, пастаўленага ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, з аўтографамі ўдзельнікаў спектакля.

Кінематаграфічную дзейнасць У. Караткевіча адлюстроўваюць сцэнарыі мастацкіх фільмаў, фатаграфіі асобных кадраў з кінафільмаў.

Запрашаем наведаць экспазіцыю ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі па адрасе: Мінск, вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, п. 601.

Для чытальнікаў ЦНБ НАН Беларусі ўваход вольны. Усе ахвочыя маюць магчымасць заказаць прагляд выставы разам з куратарам па тэл.: +  375 17 284 27 06 (пн-чц 9:00-18: 00, пт. 9:00-16:30).


Тэгi
#выставы