Рашэннем Бюро Прэзідыума НАН Беларусі зацверджаны спіс лаўрэатаў штогадовага конкурсу «100 маладых талентаў НАН Беларусі» за 2020 год.
Лаўрэатамі сталі:
Сяргей Корзан, старшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік групы ўпакоўкі аддзела новых тэхналогій і тэхнікі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні», кандыдат тэхнічных навук;
Ірына Мацукевіч, загадчык лабараторыі магніевых злучэнняў дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат хімічных навук;
Антон Патапенка, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенна парушаных лясных зямель дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат сельскагаспадарчых навук;
Дзмітрый Семяновіч, старшы навуковы супрацоўнік аддзела вітаміналогіі і нутрыцэўтыкі рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат біялагічных навук;
Дар’я Цішкевіч, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі магнітных плёнак дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве», кандыдат фізіка-матэматычных навук;
Станіслаў Юрэцкі, галоўны спецыяліст аддзела навукова-аналітычнай работы апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук.
Штогадовы конкурс «100 маладых талентаў НАН Беларусі» заснаваны ў 2018 годзе НАН Беларусі з мэтамі: рэалізацыі мер па прыцягненні і замацаванні таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах; стварэння маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэння кадравага саставу навуковых арганізацый; забеспячэння пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца кандыдаты навук ва ўзросце да 30 гадоў і дактары навук ва ўзросце да 40 гадоў, якія працуюць у арганізацыях НАН Беларусі. Лаўрэаты конкурсу ўключаюцца ў банк даных «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (з выдачай адпаведнага сертыфіката) і ў рэзерв кіруючых кадраў НАН Беларусі, атрымліваюць штогадовы грант на ўдзел у міжнародным навуковым, навукова-арганізацыйным ці навукова-практычным мерапрыемстве (канферэнцыі, сімпозіумы, навуковыя школы, кароткатэрміновыя стажыроўкі і інш.) і штогадовую прэмію ў памеры да 7 базавых ставак у перыяд уключэння ў банк даных. Агульная лічба маладых вучоных, якія адначасова ўваходзяць у банк даных «100 маладых талентаў НАН Беларусі», не можа перавышаць 100 чалавек, а штогадовая колькасць лаўрэатаў конкурсу – не больш за 20 чалавек. Знаходжанне ў банку даных кандыдатаў навук – да дасягнення імі 35 гадоў, дактароў навук – 45 гадоў.
Прэс-служба НАН Беларусі