Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.01.2022

Званне «Вучоны года НАН Беларусі – 2020» прысвоена акадэміку Уладзіміру Агабекаву

Прэзідыум НАН Беларусі 15 студзеня 2021 года зацвердзіў вынікі конкурсу «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2020», праведзенага Камісіяй экспертаў, і прыняў рашэнне прысвоіць званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2020» загадчыку аддзела ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі» доктару хімічных навук, прафесару, акадэміку Уладзіміру Агабекаву за значны асабісты ўнёсак у развіццё навуковых даследаванняў і стварэнне перспектыўных навукаёмістых распрацовак у галіне малатанажнай хіміі, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дасягненні ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Уладзімір Янокавіч Агабекаў – вядомы ў нашай краіне і за яе межамі вучоны ў галіне малатанажнай хіміі. Акадэмік НАН Беларусі (2003; член-карэспандэнт з 1996), замежны член НАН Арменіі (2009), ганаровы акадэмік Акадэміі навук Чачэнскай Рэспублікі (2009), доктар хімічных навук (1981), прафесар (1987). Ганаровы доктар Гомельскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (2017). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2008).

Больш за 20 гадоў Уладзімір Янокавіч Агабекаў нязменна ўзначальваў ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі». Дасягненні, за якія Агабекаў удастоены шматлікіх узнагарод і прэмій, заключаюцца ў рашэнні фундаментальных і прыкладных праблем па стварэнні новых відаў матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэння. Сярод напрамкаў навуковых даследаванняў вучонага – узнаўляльныя крыніцы энергіі, мясцовыя і другасныя энергарэсурсы, новыя шматфункцыянальныя матэрыялы, спецыяльныя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі, оптаэлектроніка і аптычныя сістэмы, вытворчасць новых хімічных прадуктаў, нанатэхналогіі, устойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і ахова навакольнага асяроддзя. Сягоння пад яго кіраўніцтвам праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні айчынных і замежных вучоных, у выніку якіх ствараюцца навукаёмістыя матэрыялы, кампаненты, хімічныя прадукты і перспектыўныя тэхналогіі.

Заслугі акадэміка атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Сярод узнагарод прэмія НАН Беларусі (2005) за цыкл прац «Айчынныя плёначныя палярызатары рознага функцыянальнага прызначэння», прэмія НАН Беларусі (2015) за цыкл прац «Сінтэз, структура і ўласцівасці нанакампазіцыйных функцыянальных пакрыццяў на аснове палімераў», прэмія НАН Беларусі (2017) за цыкл прац «Фарміраванне і ўласцівасці новых тыпаў метал-дыэлектрычных нанаструктур для стварэння аптычных метаматэрыялаў». Акадэмік узнагароджаны ордэнам Гонару (2015), медалём Францыска Скарыны (2000), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2007).

Уладзімір Агабекаў – аўтар больш як 1000 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 170 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

У 2020 годзе Уладзімір Агабекаў дасягнуў значных навуковых рэзультатаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны нанакаталізатары новага пакалення на аснове галуазітавых нанатрубак для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю ў адпаведнасці з крытэрыямі «зялёнай хіміі» (нізкая тэмпература рэакцыі, адсутнасць растваральнікаў, выкарыстанне прыроднай сыравіны). Упершыню на аснове пекціну створаны новыя біясумяшчальныя порыстыя матэрыялы з зададзенымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі і рэгулюемай хуткасцю біядэградацыі, высокім проціспайкавым эфектам, перспектыўныя ў якасці матрыксаў для трансплантацыі мезенхімальных стваловых клетак (сумесна з доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Траццяком С.І., Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Створаны біяфункцыянальныя нанакаталізатары глыбокай гідратэрмічнай перапрацоўкі сумесі рэшткавай нафтавай, альтэрнатыўнай і ўзнаўляльнай расліннай сыравіны з мэтай павелічэння глыбіні перапрацоўкі нафты. Па распрацоўцы Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі на ААТ «СветлагорскХімвалакно» канцэрна «Белнафтахім» створана доследна-прамысловая ўстаноўка сінтэзу браміраванага валакна «Арселон», зроблена і рэалізавана 42 тоны мадыфікаванай (браміраванай) арселонавай прадукцыі. Распрацавана тэхналогія для доследна-прамысловай вытворчасці мадыфікаваных светластабілізатараў для поліоксадыязольных валокнаў.

Званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» прысуджваецца штогод. Конкурс «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» заснаваны ў студзені 2018 года. Яго мэта – выяўленне і ўзнагарода вучоных з ліку акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, якія найбольш эфектыўна працавалі ў конкурсным годзе, а таксама навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі з арганізацый НАН Беларусі, якія маюць значныя асабістыя дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці, робяць значны ўнёсак у развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Акадэміі навук Беларусі, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

Званне «Вучоны года» прысвойваецца штогод напярэдадні святкавання Дня беларускай навукі на падставе вынікаў конкурснага адбору.

У папярэднія гады ўжо былі праведзены тры конкурсы, па выніках якіх званне «Вучоны года» атрымалі трое вучоных: член-карэспандэнт Каламіец Эмілія Іванаўна (2017), акадэмік Казак Мікалай Станіслававіч (2018), член-карэспандэнт Каваленя Аляксандр Аляксандравіч (2019).

Прэс-служба НАН Беларусі