Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.01.2022

НАН Беларусі праводзіць Дні адчыненых дзвярэй, прысвечаныя 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі

З 17 студзеня па 11 лютага 2022 года ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускай навукі, 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі і 100-годдзю Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), НАН Беларусі праводзіць Дні адчыненых дзвярэй.

Мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх навуковых арганізацыях Акадэміі навук. Асобную праграму прапануюць арганізацыі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Так, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў: тэматычныя кніжныя выставы «Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, прыярытэты» і «Навуковая спадчына Інстытута беларускай культуры», паказ навукова-папулярных і мастацкіх фільмаў пра жанчын ў навуцы, аглядная экскурсія па бібліятэцы. З гісторыяй Інбелкульта можна пазнаёміцца дзякуючы віртуальнаму праекту «Інбелкульт100» (https://csl.bas-net.by/inbelcult/), дзе ў адкрытым доступе размяшчаецца лічбавая калекцыя выданняў Інбелкульта з фондаў ЦНБ НАН Беларусі. Усе ахвотныя могуць бясплатна наведаць Музей гісторыі НАН Беларусі, які з’яўляецца мемарыяльным комплексам гісторыі галоўнай навуковай арганізацыі Рэспублікі Беларусь і адначасова культурна-асветніцкай установай. На плошчы каля 250 кв. м. размясціліся больш за 3,5 тыс. экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця навукі ў Беларусі, стварэнне і развіццё навуковых напрамкаў, навуковую і навукова-практычную дзейнасць вучоных.

Госці змогуць наведаць і пастаянную выставу «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці», Археалагічную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Экскурсіі праводзяцца для арганізаваных груп па папярэднім запісе.

Напярэдадні Дня беларускай навукі Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі 26 студзеня 2022 года правядзе Дзень адчыненых дзвярэй, на які запрашаюцца студэнты выпускных курсаў, супрацоўнікі навуковых інстытутаў і арганізацый НАН Беларусі, зацікаўленыя ў атрыманні вышэйшай адукацыі ІІ ступені. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па спасылцы: https://ipnk.basnet.by/

Свой план мерапрыемстваў да Дня адчыненых дзвярэй рыхтуе і Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Маладыя даследчыкі будуць не толькі праводзіць экскурсіі па сваіх навуковых арганізацыях, але і сустракацца са школьнікамі і студэнтамі ў школах і ВНУ. А 21 студзеня 2022 года адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў IX гарадскога фестывалю праектных і даследчых работ сярод навучэнцаў пачатковых класаў «Спасціжэнне і творчасць».