Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.01.2022

У Антарктыдзе праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў БАЭ

Па інфармацыі начальніка 14-й БАЭ Аляксея Гайдашова, 13-15.01.2022 г. у рэжыме аўральных работ праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў БАЭ з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Трэшнікаў» на Беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя».

Генеральны груз БАЭ (31 тона) дастаўлены без пашкоджанняў і страт. Тры супрацоўнікі БАЭ (Уладзімір Несцяровіч, Сяргей Люты, Юрый Падшывалаў) прыбылі з борта навукова-даследчага судна на БАС «Гара Вячэрняя». Паспяховаму правядзенню паветранай грузавой аперацыі садзейнічала зладжанае прафесіянальнае ўзаемадзеянне паміж камандным саставам, членамі экіпажа і супрацоўнікамі НЭС, авіяатрада, РАЭ і БАЭ. Прыборы для навуковых назіранняў, сістэмы жыццезабеспячэння, сродкі транспарту і сувязі працуюць у штатным рэжыме.

Асабовы састаў 14-й БАЭ працягвае выкананне зацверджаных НАН Беларусі навуковых праграм, планаў тэхнічных работ і прыродаахоўных мерапрыемстваў. На БАЭ ёсць неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў.

З замежнымі антарктычнымі станцыямі, міжнароднымі каардынацыйнымі цэнтрамі, бортам НЭС «Акадэмік Трэшнікаў» і НЭС «Акадэмік Фёдараў» падтрымліваецца ўстойлівая спадарожнікавая сувязь.