Агульны сход Савета маладых вучоных НАН Беларусі адбыўся ў НАН Беларусі 21 студзеня 2021 г. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Саветаў маладых вучоных Аддзяленняў акадэміі (адзін дэлегат ад 25 маладых даследчыкаў), акадэмікі-сакратары, кіраўніцтва Акадэміі навук. Напярэдадні ва ўсіх аддзяленнях прайшлі справаздачныя сходы Саветаў маладых вучоных.
З дакладам «Аб выніках дзейнасці Савета маладых вучоных за 2020 год» выступіў старшыня СМВ Андрэй Іванец. Нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю моладзь зрабіла нямала. Прайшлі цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя (часта ў анлайн-рэжыме), вялася актыўная работа з таленавітай моладдзю, навучэнцамі сярэдніх вучэбных устаноў. Маладыя даследчыкі актыўна праявілі сябе ў Рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі». У мінулым годзе быў створаны Савет маладых вучоных МААН, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Мінску. Вялікае значэнне надаецца рабоце ў навуковых арганізацыях. Аб сваёй дзейнасці паведамілі старшыні Саветаў маладых вучоных аддзяленняў навук.
Другім пытаннем на сходзе былі выбары вучонага сакратара СМВ НАН Беларусі. У выніку адкрытага галасавання ім стала малодшы навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Ганна Карпенка.
У акадэміі навук будзе створана адзіная інфармацыйна-камунікацыйная пляцоўка па падрыхтоўцы дысертацыйных прац. З такой ініцыятывай выступіла старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення біялагічных навук Вікторыя Галавенчык. Плануецца, што на гэтым рэсурсе будзе ў даступнай і зразумелай форме размешчана ўся неабходная для маладых даследчыкаў у працэсе падрыхтоўкі дысертацый інфармацыя.
Старшыня СМВ Інстытута лесу Людміла Мажараўская расказала пра маладзёжныя навуковыя ініцыятывы, напрамкі даследаванняў і перспектывы развіцця сваёй арганізацыі.
За актыўную работу многім маладым вучоным былі ўручаны падзякі.