Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.01.2021

У НАН Беларусі пройдуць урачыстасці, прысвечаныя Дню беларускай навукі

29 студзеня 2021 г. у НАН Беларусі ў 15.00 адбудзецца Рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. У мерапрыемстве прымуць удзел каля 250 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, маладыя вучоныя, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды. Ад НАН Беларусі будуць узнагароджаны лаўрэат звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2020», загадчык аддзела ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі» доктар хімічных навук, прафесар, акадэмік Уладзімір Агабекаў, аўтарскія калектывы, працы якіх увайшлі ў ТОП-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2020 год.

З 10 гадзін на дзвюх пляцоўках (фае 1-га паверха і пастаянная выстава НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» ў правым крыле першага паверха) будзе арганізавана выстава дасягненняў і найбольш значных рэзультатаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі, пройдзе з выкананнем усіх супрацьэпідэмічных патрабаванняў.


Тэгi
#анонсы