Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.02.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная прыярытэтным напрамкам навуковых даследаванняў

25 студзеня 2021 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў у 2021 годзе», прымеркаваная да Дня беларускай навукі.

У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі Сяргей Чыжык, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік, і Андрэй Іванец, Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі. Яны падрабязна расказалі пра прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў, па якіх працуюць беларускія вучоныя. Сяргей Чыжык падкрэсліў, што важная галіна дзейнасці беларускіх вучоных – удзел у навукова-тэхнічных праграмах Саюзнай дзяржавы: «Зараз выконваюцца некалькі праграм, але ў патэнцыяле закладзены яшчэ два дзясяткі. Мы павінны выбраць самыя перспектыўныя напрамкі. Дарэчы, упершыню разглядаецца магчымасць рэалізацыі саюзнай праграмы, прысвечанай фундаментальным даследаванням. Па саюзнай праграме “Адытыўнасць” плануецца распрацаваць тэхналогіі, матэрыялы і абсталяванне для 3D-друку. Таксама ў планах працягваць работы ў галіне космасу».

Андрэй Іванец у сваю чаргу адзначыў: «Акрамя таго, мы цяпер сумесна з расійскімі калегамі працуем над стварэннем новай праграмы па даследаванні адзінай сацыягуманітарнай прасторы. У Беларусі і Расіі ёсць агульная гісторыка-культурная спадчына. Мы сёння бачым, якія трансфармацыі адбываюцца ў грамадстве, якія негатыўныя грамадска-палітычныя наступствы выцякаюць з гэтага. Таму мы з нашымі расійскімі калегамі павінны стварыць добры навуковы фундамент для фарміравання сталага погляду на нашу гісторыка-культурную спадчыну і дзяржаўнасць».