27 студзеня 2021 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі. У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец. Яны падрабязна расказалі пра апошнія дасягненні акадэмічных вучоных, пра работу СМВ.
Як падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, Акадэмія навук – буйны даследчы цэнтр, што развіваецца як навукова-вытворчая карпарацыя. Практычна кожная акадэмічная арганізацыя мае вытворчыя кропкі росту – участкі, на якіх выпускаюць запатрабаваную прадукцыю. Напрыклад, прадпрыемства «Акадэмфарм» і НПЦ «ХімФармСінтэз» Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі выпускаюць лекі, неабходныя для лячэння розных захворванняў. Для прафілактыкі і пераадолення наступстваў COVID-19 у НАН распрацаваны і знаходзяцца ў вытворчасці антысептычныя сродкі, фільтрацыйныя матэрыялы для рэспіратараў і ачысткі паветра, тэст-сістэмы па знаходжанні антыцелаў, наборы рэагентаў для біяхімічных даследаванняў ДНК-ВК, панэлі для аналізу каронавіруснай РНК. Распрацаваны і прайшоў сертыфікацыю апарат ультрафіялетавага экстракарпаральнага апрамянення крыві. Акрамя таго, у Акадэміі навук уведзены ў эксплуатацыю сучасныя вылічальныя магутнасці, нацэленыя на распрацоўку і практычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту. У прыватнасці, вядуцца работы па праграмным забеспячэнні дзяржаўнай медыцынскай інфармацыйнай сістэмы з функцыямі падтрымкі прыняцця рашэнняў урачоў на аснове сродкаў штучнага інтэлекту для ўстаноў аховы здароўя стацыянарнага тыпу («Клініка+»).
Андрэй Іванец расказаў пра падтрымку маладых вучоных з боку Акадэміі навук. «Штогод праводзіцца конкурс “100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Нашы лаўрэаты дэманструюць вельмі добрыя рэзультаты. Яны распрацавалі тэхналогію вытворчасці мадыфікаваных малых РНК-прэпаратаў для тэрапіі сацыяльна значных захворванняў, працуюць у галіне біяінфарматыкі, у тым ліку ўдзельнічаюць у камп’ютарным мадэляванні патэнцыяльных лекаў ад COVID-19», – адзначыў старшыня СМВ.