Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.02.2021

Адбыўся Круглы стол «Беларусь інтэлектуальная: адукацыя, інавацыі і высокія тэхналогіі»

28 студзеня 2021 года ў НАН Беларусі ў рамках грамадскага абмеркавання праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады адбыўся Круглы стол «Беларусь інтэлектуальная: адукацыя, інавацыі і высокія тэхналогіі». У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя вучоныя, эксперты-эканамісты, кіраўнікі навуковых устаноў НАН Беларусі. Мэта круглага стала – экспертны абмен меркаваннямі, выпрацоўка прапаноў па інавацыйным развіцці грамадства, аб’яднанні намаганняў спецыялістаў розных напрамкаў навукі ў рашэнні важных задач, што стаяць перад грамадствам.

Галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Іванец перад пачаткам круглага стала нагадаў прадстаўнікам СМІ, што Акадэмія навук прымала ўдзел у падрыхтоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады. «Адным з яе прыярытэтаў з’яўляецца пабудова інтэлектуальнай краіны. Гэта не новая задача, мы ідзём па гэтым шляху апошнія дзве пяцігодкі і актыўна ў гэтым кірунку працуем. Сягоння падчас круглага стала абмяркуем асноўныя тэхналагічныя напрамкі і прарывы, якія, з аднаго боку, могуць стаць новымі драйверамі развіцця эканомікі, з другога, дазволяць выйсці на новы тэхналагічны ўзровень у цэлым у нашай краіне», – паведаміў ён.

Для рашэння гэтых задач НАН далучае вядучых вучоных, якія працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій, авіякасмічных даследаванняў, у аграпрамысловым комплексе, ствараюць лекавыя прэпараты новага пакалення. Дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Васілій Гурскі адзначыў, што Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады ўлічвае ўсе нацыянальныя інтарэсы краіны. Паводле яго слоў, НАН Беларусі, у прыватнасці Інстытут эканомікі, сумесна з органамі дзяржаўнага кіравання актывізавала работу па падрыхтоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы. «Гэта комплексны і сістэмны дакумент, які ўлічвае нацыянальныя інтарэсы краіны. Ён распрацаваны на аснове сістэмнага аналізу рэсурснага забеспячэння Беларусі. І на дадзены момант важнейшым з’яўляецца пытанне пра тое, якім чынам патрэбна мабілізаваць рэсурсы краіны для рашэння пастаўленых задач і развіцця стратэгічна важных напрамкаў», – пракаментаваў Васілій Гурскі.

Дырэктар цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў у сваю чаргу падкрэсліў, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як адзін з ключавых драйвераў сучаснага развіцця эканомікі забяспечвае навукова-тэхналагічнае суправаджэнне развіцця вядучых галін і відаў дзейнасці. «У сувязі з гэтым мы сягоння на круглым стале хочам больш дэталёва расставіць акцэнты, абмеркаваць, як нам палепшыць узаемадзеянне з галінамі эканомікі. Яшчэ раз ацэнім нашы магчымасці і перспектывы па прасоўванні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў», – паведаміў кіраўнік цэнтра.

Асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады будуць разгледжаны на VI Усебеларускім народным сходзе 11-12 лютага 2021 года. Ухваленая з улікам прапаноў дэлегатаў рэдакцыя дакумента ляжа ў аснову будучай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады.