У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі кампетэнтных органаў у касмічнай сферы Беларусі, Казахстана, Расіі, Узбекістана і Таджыкістана, а таксама Выканаўчага камітэта СНД. Прадстаўнікі Арменіі і Азербайджана прынялі ўдзел у пасяджэнні ў якасці назіральнікаў. У склад дэлегацыі ад Рэспублікі Беларусь уваходзілі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне і каардынацыю касмічнай дзейнасці ў нашай краіне, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «адным з прыярытэтных напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў рамках СНД было і застаецца супрацоўніцтва ў галіне мірнага асваення космасу, і пацвярджэннем гэтага служыць прыняцце ў 2018 годзе новай нарматыўнай базы, якая рэгламентуе сумесную дзейнасць дзяржаў-удзельніц СНД у касмічнай сферы, і стварэнне ў студзені 2020 года Міждзяржаўнага савета па космасе. Рэспубліка Беларусь мела гонар старшынстваваць у Савеце на працягу першага года яго дзейнасці, па выніках якога можна з упэўненасцю канстатаваць, што рашэнне аб стварэнні Савета было правільным, своечасовым і адпавядала рэаліям сённяшняга дня. Сумесная работа пад эгідай Савета як органа галіновага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы дазволіць фарміраваць і рэалізоўваць сумесныя праграмы і праекты, садзейнічаць узаемнаму абмену навуковай і тэхнічнай інфармацыяй, рэзультатамі вопытна-канструктарскіх работ па розных адгалінаваннях касмічнай навукі, тэхнікі і тэхналогій, аказваць станоўчы ўплыў на працэс падрыхтоўкі кадраў, абмен спецыялістамі і вучонымі».
Як Старшыня Міждзяржаўнага савета ў 2020 годзе Уладзімір Гусакоў праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб выніках дзейнасці Савета за мінулы год пад старшынствам Рэспублікі Беларусь, а таксама аб далучэнні НАН Беларусі ў студзені гэтага года да Міжнароднай Хартыі «Космас і буйныя катастрофы» ў якасці паўнамоцнага члена.
На пасяджэнні былі разгледжаныя і прынятыя рашэнні аб неабходнасці далейшай распрацоўкі дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД многамэтавай аэракасмічнай сістэмы прагнознага маніторынгу надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, інтэграцыі наземных інфраструктур дзяржаў-удзельніц СНД, якія выкарыстоўваюць сігналы сістэмы ГЛАНАСС, нарматыўна-тэхнічнага забеспячэння рэалізацыі сумесных праектаў дзяржаў-удзельніц СНД у сферы касмічнай дзейнасці, а таксама паказаны прэзентацыі дасягнутых рэзультатаў у галіне касмічнай дзейнасці.
Міждзяржаўным саветам падтрымана прапанова Расійскай Федэрацыі адносна практычнага развіцця супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД у галіне аказання і выкарыстання касмічных паслуг і па распрацоўцы з гэтай мэтай Міждзяржаўнай праграмы. Таксама Саветам прынята рашэнне аб неабходнасці кансалідацыі намаганняў і выпрацоўцы адзінай пазіцыі дзяржаў-удзельніц СНД па пытаннях, што стаяць у парадку дня Камітэта ААН па космасе і яго падкамітэтаў з мэтай агучвання яе на пляцоўцы ААН.
НАН Беларусі правяла прэзентацыю ўведзенай у эксплуатацыю Шматузроўневай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем касмічных авіяцыйных і наземных сродкаў і тэхналогій іх прымянення (ШБКСДЗ), створанай у рамках падпраграмы 6 «Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі» Дзяржаўнай праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» на 2016―2020 гады. Аб выніках эксплуатацыі падсістэмы «Маніторынг зямельнага фонду» ШБКСДЗ удзельнікаў пасяджэння праінфармавалі прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
У адпаведнасці з палажэннем аб Міждзяржаўным савеце старшынство ў Савеце ў 2021 годзе перайшло да Рэспублікі Казахстан. Старшынёй Савета абраны Міністр лічбавага развіцця, інавацый і аэракасмічнай прамысловасці Рэспублікі Казахстан Б.Б. Мусін. Правядзенне чарговага пасяджэння Савета запланавана на першае паўгоддзе 2022 года ў Расійскай Федэрацыі.
*Міждзяржаўны савет па космасе з’яўляецца органам галіновага супрацоўніцтва СНД і створаны ў рамках рэалізацыі Пагаднення аб сумеснай дзейнасці дзяржаў-удзельніц СНД у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі, падпісанага ў г. Астане 2 лістапада 2018 г. з мэтай развіцця супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД і каардынацыі іх сумеснай дзейнасці ў касмічнай сферы. Першае пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па космасе дзяржаў-удзельніц СНД адбылося ў НАН Беларусі 22 студзеня 2020 года.