Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.02.2021

У НАН Беларусі ўзнагародзілі лепшых вучоных і даследчыкаў краіны

29 студзеня 2021 года ў НАН Беларусі адбыўся рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі.

Лепшым вучоным і даследчыкам уручылі ўзнагароды вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Ад НАН Беларусі былі ўзнагароджаны лаўрэат звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2020», загадчык аддзела ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі», доктар хімічных навук, прафесар, акадэмік Уладзімір Агабекаў і аўтарскія калектывы, работы якіх увайшлі ў ТОП – 10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2020 год.

Віншаванне дзеячам навукі, работнікам навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў вышэйшай адукацыі зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Віншаванне Прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі з Днём беларускай навукі зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Назараў. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядучыя вучоныя краіны, прадстаўнікі навуковай грамадскасці.

29 студзеня 2021 года ў будынку Прэзідыума НАН Беларусі была арганізавана маштабная выстава дасягненняў і найбольш значных рэзультатаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Вучоныя і даследчыкі краіны прэзентавалі каля 400 новых інавацыйных і навуковых распрацовак.

Урачыстасці, прысвечаныя Дню беларускай навукі, працягнуліся 1 лютага 2021 года, калі былі ўручаны ўзнагароды лаўрэатам шэрагу конкурсаў НАН Беларусі.