Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.04.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы і выпуску энцыклапедычных выданняў

2 красавіка 2021 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Перспектывы падрыхтоўкі і выпуску энцыклапедычных выданняў».

Ад НАН Беларусі ў прэс-мерапрыемстве прынялі ўдзел Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Аляксандр Груша, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук; Станіслаў Нічыпаровіч, намеснік дырэктара РУП «Выдавецкі дом “Беларуская навука”»; Соф’я Самуэль, кіраўнік Цэнтра энцыклапедычных выданняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На мерапрыемстве было адзначана, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мае намер адрадзіць энцыклапедычнае кнігавыданне ў Беларусі на базе НАН Беларусі. Як падкрэсліў Станіслаў Нічыпаровіч, «размова ідзе пра тое, каб не толькі вярнуць у сцены Акадэміі навук выданне энцыклапедый, але і вярнуць брэнд беларускай энцыклапедыі і развіваць яго далей. Для гэтага ў структуры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі створаны Цэнтр па падрыхтоўцы энцыклапедычных выданняў». У Беларусі плануецца стварыць вялікую даведачную энцыклапедычную сістэму пад назвай «Беларусь» або «Беларуская энцыклапедыя», праз якую кожны карыстальнік зможа атрымаць дакладную, пэўную інфармацыю аб краіне.

Кіраўнік Цэнтра па падрыхтоўцы энцыклапедычных выданняў Соф’я Самуэль упэўнена, што энцыклапедыя абавязкова павінна прысутнічаць у сетцы інтэрнэт: «Усе энцыклапедыі свету выйшлі ў інтэрнэт, гэта стала неабходнасцю і выклікана тым, што выданні на папяровых носьбітах – вельмі дарагія, дакладныя, вывераныя – хутка старэюць, і абнаўленне магчымае толькі ў выглядзе грувасткага, дарагога перавыдання». Першы том будучай энцыклапедыі Беларусі будзе прысвечаны прыродзе і геаграфіі краіны.