1 красавіка 2021 года пачала работу Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства: канцэпцыі, напрамкі, навуковыя школы (да 90-годдзя з дня заснавання Інстытута літаратуразнаўства)».
У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 120 даследчыкаў. У цяперашні час Інстытут уваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Асноўнымі напрамкамі яго навукова-даследчай дзейнасці з’яўляюцца вывучэнне вядучых тэндэнцый і заканамернасцей гісторыка-літаратурнага працэсу як стрыжнёвага кампанента нацыянальнай культуры, даследаванне беларускай літаратуры ў яе сувязях з другімі еўрапейскімі літаратурамі з мэтай выяўлення ідэйна-мастацкай спецыфікі духоўна-нацыянальнай ментальнасці і канцэптасферы, аналіз творчых метадаў і мастацкіх стратэгій ідэйна-эстэтычных пошукаў беларускіх пісьменнікаў, літаратурна-мастацкіх напрамкаў, плыняў і школ, усёй родава-жанравай сістэмы літаратуры, раскрыццё сацыяльнай місіі і грамадскіх функцый мастацкага слова як ключавога энергетычнага ядра духоўна-культурных працэсаў, што ўтвараюць адзіную нацыянальную прастору і садзейнічаюць росквіту беларускага народа і яго культуры, захаванне айчыннай літаратурна-мастацкай спадчыны, выданне збораў твораў класікаў беларускай літаратуры.
Абмеркаванню гэтых і іншых пытанняў сучаснага літаратуразнаўства, навуковых дасягненняў даследчыкаў-юбіляраў М. Арочкі, М. Мушынскага, В. Жураўлёва, Г. Кісялёва, П. Дзюбайлы прысвечана работа канферэнцыі.
У рамках канферэнцыі адбудуцца прэзентацыі выдадзеных тамоў збору твораў Янкі Брыля (у 10 т.), а таксама «Выбраных твораў» Міколы Арочкі (2020).
Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы за ўсю сваю гісторыю развіцця шмат разоў рэарганізоўваўся, істотна змяняліся прыярытэтныя напрамкі яго дзейнасці, навуковы і кадравы патэнцыял. У 1930 1940-х гадах Інстытут разам з іншымі навуковымі і вучэбнымі ўстановамі Беларусі перажыў цяжкі, драматычны і трагічны перыяд. Глыбокія раны, нанесеныя беларускай культуры і навуцы рэпрэсіямі і вайной, нагадвалі пра сябе да сярэдзіны ХХ ст. І толькі ў 1960 1970-я гады акадэмічныя вучоныя-літаратуразнаўцы ажыццявілі глыбокія, этапныя, фундаментальныя навуковыя даследаванні: А. Адамовіч «Белорусский роман», «Маштабнасць прозы», «Здалёк і зблізку», «Літаратура, мы і час»; В. Каваленка «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», «Жывое аблічча дзён»; М. Мушынскі «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады», «Беларускае савецкае літаратуразнаўства», М. Арочка «Беларуская савецкая паэма», «История белорусской дооктябрьской литературы», «История белорусской советской литературы», манаграфіі А. Мальдзіса, П. Дзюбайлы, Г. Кісялёва, В. Жураўлёва, А. Яскевіча і інш. Гэтыя даследаванні падрыхтавалі глебу для напісання прац, якія склалі залаты фонд усёй айчыннай навукі аб літаратуры, абумовілі стратэгічныя шляхі яе развіцця на доўгую перспектыву: «Очерки по истории белорусско-русских литературных связей» у 4-х кнігах, «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4-х тамах 6-ці кнігах, «Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў» у 2-х тамах, «Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова XVIII стагоддзя» і інш., зборы твораў М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, І. Шамякіна і інш.