Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.04.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная 90-годдзю Інстытута філасофіі

8 красавіка 2021 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «ФІЛАСОФІЯ, запатрабаваная жыццём. Да 90-годдзя Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі Анатоль Лазарэвіч, дырэктар Інстытута філасофіі, Тадэвуш Адула, загадчык Цэнтра сацыяльна-філасофскіх і антрапалагічных даследаванняў Інстытута філасофіі, Наталля Кутузава, загадчык Цэнтра даследаванняў глабалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва Інстытута філасофіі.

Сярод тэм, што былі асветлены ў ходзе прэс-мерапрыемства, – асаблівасці эвалюцыяніравання і развіцця Інстытута філасофіі НАН Беларусі ў савецкі і постсавецкі перыяд, станаўленне навуковых школ і напрамкаў даследавання, найважнейшыя навуковыя рэзультаты, грамадска значныя кніжныя выданні, лічбавая эпоха і яе філасофскае вымярэнне, ключавыя праблемы сучаснай сацыяльнай практыкі і роля філасофіі ў іх асэнсаванні/рашэнні, філасофскія веды ў іх практычным значэнні і прымяненні і інш.

Як адзначыў Анатоль Лазарэвіч, «90 гадоў – знакавая дата, за якой стаіць вялікі перыяд развіцця як Нацыянальнай акадэміі навук, так і Інстытута філасофіі. У цывілізацыі чалавецтва філасофія нясе вялікую гуманітарную місію, якой больш за дзве тысячы гадоў. Сёння лічбавая эпоха змяняе свет кардынальна, аднак філасофія запатрабавана жыццём, аб’ектам яе даследавання становяцца новыя тыпы рэальнасці».

Інстытут больш за 25 гадоў працуе ў міжнародным кірунку. Вялікая доля сумесных даследаванняў вядзецца ў кааперацыі з Расійскай акадэміяй навук, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы. «Мы рыхтуем аналітычную запіску аб вобразе Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў медыя. Гэта будзе параўнальны аналіз прадстаўленага ў медыярэсурсах вобразу дзвюх краін», – адзначыла загадчык Цэнтра даследаванняў глабалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва Наталля Кутузава.