9 красавіка 2021 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «60 гадоў з першага палёту чалавека ў космас. Стан і перспектывы беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы».
У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі Уладзімір Гусакоў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік, кіраўнік Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі; Пётр Віцязь, кіраўнік апарата НАН Беларусі, акадэмік, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі; Аляксандр Тузікаў, генеральны дырэктар ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі»; Сяргей Залатой, дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (НІРУП) «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі.
Удзельнікі прэс-мерапрыемства расказалі пра сучасны стан аэракасмічнай галіны ў нашай краіне і ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі, а таксама пра перспектыўныя праекты і сумесныя беларуска-расійскія праграмы.
Як сцвердзіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «на сённяшні дзень можна з упэўненасцю казаць пра стварэнне ў Беларусі касмічнай галіны, у якой задзейнічаны больш за 20 навуковых і вытворчых арганізацый, дзе атрымалі працу каля 4 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў, пабудавана буйная стратэгічная сістэма даследаванняў космасу». Ён падкрэсліў, што беларускія вучоныя і работнікі вытворчасці яшчэ з часу Савецкага Саюза актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні новых матэрыялаў, оптыкі, электронікі, інфармацыйных тэхналогій касмічнага прымянення. У Акадэміі навук створана і паспяхова функцыянуе Агенцтва па касмічных даследаваннях, сфарміравана моцная каманда спецыялістаў
Уладзімір Гусакоў адзначыў, што асноўным партнёрам Беларусі ў рамках супрацоўніцтва ў касмічнай сферы з’яўляецца Расія: «За шматгадовы перыяд супрацоўніцтва склалася ўстойлівая расійска-беларуская навукова-тэхнічная і вытворчая кааперацыя ў касмічнай сферы». Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі таксама паведаміў, што паспяховая рэалізацыя пяці праграм Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы, заказчыкам якіх ад Беларусі выступала Акадэмія навук, стала тэхналагічнай асновай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.