Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2021

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова са Святам працы

Паважаныя калегі!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з 1 мая!

Няхай з часам змянілася назва, але само свята засталося для нас светлым сімвалам Вясны і Працы. Гэтыя два паняцці ніколі не згубяць сваёй значнасці. Ад вясны, якая задае новы рытм жыцця, мы заўсёды чакаем добрых змен, звязваем з ёй надзеі на абнаўленне. І цвёрда ведаем, што толькі ўпартай працай і можа быць дасягнута наша будучыня, дабрабыт кожнага з нас. Павага да людзей працы ляжыць у аснове нашага менталітэту і характару.

Вучоныя заўсёды ўмелі працаваць на карысць грамадства. Акадэмія навук рабіла і робіць істотны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, штогод павялічваючы аб’ёмы работ па навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Беларускія даследчыкі паспяхова працуюць па найважнейшых прыярытэтных напрамках. Пры дапамозе найноўшых навуковых дасягненняў Беларусь забяспечвае рашэнне маштабных задач. Так, цеснае ўзаемадзеянне акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі дае рэзультаты, запатрабаваныя ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, іншых важных сферах грамадскага развіцця.

Вясна і Праца даюць новыя сілы і аб’ядноўваюць розныя пакаленні. Гэта свята па-ранейшаму ўвасабляе салідарнасць працоўных, сімвалізуе адзінства і мэтанакіраванасць стваральных сіл, згуртаваных агульным імкненнем да міру, стабільнасці, дабрабыту, шчасця і ўстойлівага развіцця.

Жадаю вам мірнай працы, моцнага здароўя, дастатку ў кожнай хаце, добрага веснавога настрою. Няхай аптымізм і вера ў лепшае ніколі не пакідаюць вас!

Уладзімір ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік