Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2021

Стварэнне чатырох касмічных апаратаў прадугледжваецца сумеснай праграмай ЕАЭС па космасе

29―30 красавіка ў Казані адбылося пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета, на якім было разгледжана пытанне аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы «Інтэграваная сістэма дзяржаў-членаў ЕАЭС па вытворчасці і прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных прадуктаў і паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі» і перспектывах супрацоўніцтва краін саюза ў сферы касмічных паслуг. НАН Беларусі з’яўляецца нацыянальным заказчыкам Міждзяржпраграмы ад Рэспублікі Беларусь.

Адным з вынікаў праграмы Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы космасу павінна стаць стварэнне сумеснай касмічнай сістэмы з чатырох новых касмічных апаратаў. Гэта прадугледжвае аб’яднанне групіроўкі спадарожнікаў краін ЕАЭС, фарміраванне адзінага банка даных па матэрыялах аб’яднанай касмічнай здымкі, а таксама мадэрнізацыю наземных комплексаў прыёму і апрацоўкі інфармацыі. Кіраўнікі ўрадаў разгледзелі пытанне рэалізацыі першых этапаў праграмы.

Вызначана, што праграма будзе рэалізоўвацца з 2021 па 2025 год у тры этапы. Першы этап прадугледжвае аб’яднанне рэсурсаў дзейсных і перспектыўных групіровак спадарожнікаў, створаных на аснове нацыянальных касмічных праграм дзяржаў саюза. Другі этап будзе прадугледжваць стварэнне адзінага інфармацыйнага партала банка даных па матэрыялах касмічнай здымкі. Плануецца, што завяршальны этап праграмы дазволіць стварыць перспектыўную сумесную касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі краін саюза.