Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.05.2021

У НАН адкрыўся ІІ Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі

27 мая 2021 года ў НАН Беларусі адбылася цырымонія адкрыцця ІІ Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі. У мерапрыемстве, якое праходзіць адначасова як у рэальным, так і анлайн фармаце, прымаюць удзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Абхазіі і Францыі.

Як адзначыў у прывітальным слове ад імя Прэзідыума НАН Беларусі галоўны вучоны сакратар Андрэй Іванец, «беларускі казачны эпас адрозніваецца сюжэтнай і ідэйна-тэматычнай разнастайнасцю, прыгожай і сакавітай мовай. Ён па праве ўваходзіць у сусветную скарбонку казак і стаіць поруч з такімі ўнікальнымі з’явамі, як арабская «Тысяча і адна ноч», нямецкія казкі ў апрацоўцы братоў Якаба і Вільгельма Грым, серыя індыйскіх казак. Вучоныя падлічылі, што каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак не маюць аналагаў у міжнародным індэксе казачных сюжэтаў».

Андрэй Іванец падкрэсліў, што «беларускія казкі – гэта мудрасць, філасофія і светапогляд усяго народа. Таму яны заслугоўваюць больш пільнай увагі сучасных вучоных, пісьменнікаў і выдаўцоў. Неабходна рэгулярна праводзіць падобныя форумы, больш глыбока вывучаць народную казку і шырэй папулярызаваць яе ў нашым грамадстве».

27 – 28 мая 2021 года Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць ІІ Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. У рамках форуму адбудзецца падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай казкі, выступленні майстроў казачнага жанру старэйшага пакалення з розных рэгіёнаў Беларусі, майстар-клас па выцінанцы «Казкі з паперы» народнага майстра Наталлі Сухой. Удзельнікі мерапрыемства прымуць удзел у рабоце Круглага стала «Сучасная мастацкая казка: паміж выдумкай і праўдай», пазнаёмяцца з выставамі і прэзентацыямі тэматычных выданняў, унікальнымі архіўнымі зборнікамі казак з калекцыі фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, фонду фальклорных матэрыялаў БДУ, збораў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Першы Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі адбыўся ў НАН Беларусі 17–18 мая 2018 года і сабраў вучоных Беларусі, Расіі, Эстоніі, Украіны і Балгарыі.


Тэгi
#форумы