Больш за 40 арганізацый НАН Беларусі прымуць удзел у 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА-2021». Усяго вучоныя і спецыялісты Акадэміі навук прадэманструюць звыш 150 інавацыйных распрацовак і тэхналогій.
У гэтым годзе экспазіцыя пройдзе пад дэвізам «Навука для жыцця. Тэхналогіі для людзей». Яна размесціцца на адкрытай (больш за 750 кв.м) і закрытай (больш за 250 кв.м) выставачнай плошчы. Экспазіцыя ўключае тэматычныя блокі: «Біятэхналогіі для сельскай гаспадаркі», «Лічбавае земляробства», «Тэхналогіі і абсталяванне для жывёлагадоўлі», «Харчовая бяспека».
На «БЕЛАГРА-2021» будзе прадстаўлены шэраг апошніх распрацовак вучоных.
РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» сумесна з ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі» прадэманструюць аўтаматычную кіраваную навясную сістэму (АКНС) для адсочвання ахоўнай зоны культурных раслін пры міжраднай апрацоўцы цукровых буракоў. Распрацаваная з мэтай павышэння якасці міжраднай апрацоўкі сістэма тэхнічнага зроку на аснове выкарыстання тэхналогіі штучных нейронных сетак глыбокага навучання здольная дакладна вызначаць лісце цукровых буракоў, а спецыяльна распрацаваны алгарытм выяўлення цэнтра міжраддзя – накіроўваць рухомую частку культыватара ў патрэбны бок для нівеліравання недакладнасці ходу трактара. Яшчэ адна навінка ад РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» праграмна-апаратны комплекс сістэмы ідэнтыфікацыі і кантролю фізіялагічнага стану жывёл. Спецыяльнае ўстройства мацуецца на ашыйнік жывёлы. Інфармацыя перадаецца на галаўное ўстройства. Радыус дзеяння – да 1 км. Важыць такі перадатчык 150 грамаў, што абсалютна незаўважна для жывёлы. Комплекс прызначаны для забеспячэння цэнтралізаванага камп’ютарнага ўліку і сістэматызацыі параметраў, кантролю над фізіялагічнымі паказчыкамі кожнай жывёлы ў статку, групавання іх па розных паказчыках, адсочвання дынамікі ўплыву фактараў і мерапрыемстваў.
У РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» выведзена Галштынская парода малочнай скаціны айчыннай селекцыі. Валодаючы выдатнымі прадукцыйнымі якасцямі, жывёлы Галштынскай пароды айчыннай селекцыі спецыялізаванага малочнага тыпу адрозніваюцца шэрагам спецыфічных гаспадарчых і біялагічных характарыстык. Так, напрыклад, на кожныя 100 кг жывой вагі яны здольныя даваць 1500 кг малака.
РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» прадэманструе ў рамках выставы насенне новых гатункаў асноўных сельскагаспадарчых культур, створаных вучонымі-аграрыямі на базе цэнтра. У гэтым годзе прадстаўлены 11 гатункаў збожжавых культур (азімых і ярыны), а таксама 1 гатунак азімага рапсу, дапушчаныя да выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь з 2021 года. Новыя гатункі яравога ячменю (Вядзьмар, Дзева, Карнет), азімага жыта (Камея 16), азімай трыцікале (Атлет 17, Гродна), яравой трыцікале (Новае), яравой пшаніцы (Вена, Вестачка 17), азімай пшаніцы (Вялена) валодаюць патэнцыяльнай урадлівасцю да 120 ц/га, характарызуюцца высокай якасцю зерня, устойлівасцю да палягання, хвароб, талерантнасцю да абіятычных стрэсавых фактараў.
РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» толькі за мінулы год распрацаваў 10 новых гатункаў і гібрыдаў: 3 гатункі бульбы (Дзясятка, Баярскi, Сапфір); новыя гатункі чарэшні – Беліца, малін рэмантантных – Вераснёвая, персіка – Лойка; гібрыды белакачаннай капусты – Сансара, рэпчатай цыбулі – Тутэйшы, тамата – Зубронак, агурка – Пачастунак. У 2020 годзе ў Дзяржаўны рэестр гатункаў уключаны 11: 2 – бульбы (Рубін, Карсан), 2 – яблыні пурпурнай (Верас, Карунак – дэкаратыўныя), 2 – грушы (Вілія, Купала), 1 – слівы дамашняй (Волат), 1 – алычы (Ветразь-2), 1 – вішні (Нясвіжская), 1 – чарэшні (Мінчанка), 1 – глогу (Сваяк). Таксама распрацаваны дапаўненні ў тэхналагічныя рэгламенты апрацоўкі яблыні, слівы дамашняй і чарэшні; раздзел у рэкамендацыі па ўнясенні комплексных угнаенняў пры вырошчванні бульбы; тэхналогія захоўвання харчовай бульбы з выкарыстаннем абсталявання пятага тэхналагічнага ўкладу.
Навукова-тэхналагічны парк «БелБіяград» прадставіць на выставе «БЕЛАГРА-2021» новае арганічнае ўгнаенне для ўсіх відаў сельскагаспадарчых культур (вадкі канцэнтрат), прызначанае для павышэння ўраджайнасці і аднаўлення ўрадлівасці зямель. Ураджайнасць, у залежнасці ад культуры, дае прырост ад 10 да 20% з 1 га.
ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які ўжо шмат гадоў супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствамі краіны, прадэманструе на выставе «БЕЛАГРА-2021» сярод іншых навінак комплексны мікробны прэпарат БІЯПРАДУКТЫН для паляпшэння фітасанітарнага стану пасеваў, павелічэння прадукцыйнасці збожжавых культур, павышэння біялагічнай актыўнасці глебы. Дзеянне бактэрый у саставе прэпарату не толькі накіравана на паляпшэнне фітасанітарнага стану пасеваў збожжавых, паскарэнне працэсаў мінералізацыі раслінных астаткаў, аднаўленне глебавых мікрабацэнозаў, паляпшэнне фосфарнага і азотнага жыўлення раслін, але і дазваляе знізіць кратнасць апрацовак фунгіцыдамі, паменшыць дозы мінеральных угнаенняў, павялічыць прадукцыйнасць збожжавых культур на 10%. Яшчэ адна навінка – мікробны прэпарат БІЯКІТ для ачысткі водных раствораў ад ксілолу і талуолу. Эфектыўнасць ачысткі водных раствораў ад ксілолу складае 75-99%, талуолу – 80-100% у залежнасці ад канцэнтрацыі таксікантаў. Ступень ачысткі шматкампанентных сцёкаў з утрыманнем ксілолу, талуолу і спадарожных рэчываў складае 80-95%. Прымяненне мікробнага прэпарату ў абсарбцыйна-біяхімічных устаноўках дазваляе знізіць матэрыяльныя выдаткі і рызыку прафесіянальных захворванняў супрацоўнікаў, задзейнічаных на шкоднай вытворчасці, а таксама папярэдзіць экалагічны ўрон ад выкідаў у атмасфернае паветра высокатаксічных злучэнняў.
ДП «Цэнтр святладыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» прадставіць мнагаярусную абпрамяняльную фітаўстаноўку стэлажнага тыпу, распрацаваную з мэтай кіравання светлавым перыядам шляхам падаўжэння натуральнага светлавога дня пры дапамозе штучнага асвятлення (фотаперыядычнае асвятленне), а таксама для поўнай замены дзённага святла штучным асвятленнем (вырошчванне без дзённага святла).
31-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА-2021» пройдзе на новай пляцоўцы ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» у рамках Беларускага аграпрамысловага Тыдня з 1 па 5 чэрвеня 2021 года. Удзел у выставе прымуць больш за 410 кампаній, якія прадставяць сельскагаспадарчую прадукцыю, абсталяванне і тэхніку з 16 краін свету.