Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.06.2021

Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі

10.06.2021 г. а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі Т. В. Габрусь “Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі” (Мінск, “Беларуская навука”, 2020).

У прэзентацыі прымуць удзел прадстаўнікі Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытута гісторыі, Інстытута філасофіі, Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рэспубліканскага выдавецкага дома “Беларуская навука”, рэдакцый часопісаў “Роднае слова”, “Наша вера”.

Даследаванне прысвечана ўнікальнаму культурнаму феномену – драўлянаму сакральнаму дойлідству Беларусі, складанасці яго гістарычнага лёсу і мастацкай адметнасці. Аўтарам разглядаюцца помнікі драўлянага храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульная культурная спадчына беларускага народа, прапануецца новая мастацтвазнаўчая сістэматызацыя і класіфікацыя храмаў паводле іх архітэктонікі і канцэпцыі формаўтварэння. Для навуковага аналізу прыцягнуты як існуючыя помнікі, так і вядомыя паводле дакументальных архіўных крыніц. Вылучаны адметныя базавыя архетыпы, прааналізаваны генезіс і творчая эвалюцыя кампазіцыйных мадыфікацый айчынных драўляных храмаў і асобна пастаўленых званіц. Акрэслены самабытныя эстэтычныя і канструкцыйныя прыёмы, звязаныя з этнічным жыллёвым і крапасным будаўніцтвам, рознабаковыя рэлігійна-семантычныя каноны і мастацка-стылявыя ўплывы. Адзначаны рэгрэс нацыянальных традыцый драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі ў часы Расійскай імперыі, савецкі і постсавецкі перыяды, адлюстраваны перспектыўныя магчымасці творчага выкарыстання нацыянальнай будаўнічай традыцыі ў сучаснай сакральнай архітэктуры.

Работа выканана ў адпаведнасці з планавай тэмай аддзела архітэктуры ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ» “Архітэктурная і гісторыка-культурная спадчына ў развіцці традыцый і культурнай ідэнтычнасці Беларусі” на 2015-2020 гг. Матэрыялы даследавання могуць быць карыснымі для навукоўцаў у галіне мастацтвазнаўства, гісторыі архітэктуры і рэлігіі, а таксама для шырокага кола чытачоў. Выданне адзначана дыпломам другой ступені Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі: Залаты фаліянт” у намінацыі “Навука і веды”.

Да мерапрыемства рыхтуецца кніжная выстава, на якой будуць прадстаўлены выданні, прысвечаныя архітэктуры Беларусі, помнікам драўлянага дойлідства. У асобным раздзеле будуць экспанавацца працы Тамары Віктараўны Габрусь. Чакаем па адрасе: Мінск, вул. Сурганава, 15, ЦНБ НАН Беларусі

Кантакты: + 375 29 6744533 – Ала Сяргееўна Шамрук, заг. аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,
+ 375 29 6528038 – Вольга Панасіна, ЦНБ НАН Беларусі.