Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.06.2021

Выстава «Белагра-2021» урачыста адкрылася ў «Вялікім Камені»

Урачыстае адкрыццё 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2021» прайшло 1 чэрвеня ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі Камень».

У цырымоніі прыняў удзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. У прывітальным слове ён адзначыў, што Акадэмія навук – традыцыйна актыўны ўдзельнік выставы «Белагра». У гэтым годзе навука прадстаўляе на выставе больш за 150 найноўшых распрацовак, у ліку якіх ёсць перспектыўныя гатункі кармавых і збожжавых культур.

Больш за 40 арганізацый НАН Беларусі прымаюць удзел у 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА-2021». У гэтым годзе экспазіцыя праходзіць пад дэвізам «Навука для жыцця. Тэхналогіі для людзей». Яна размясцілася на адкрытай (больш за 750 кв.м) і закрытай (больш за 250 кв.м) выставачнай плошчы. Экспазіцыя ўключае тэматычныя блокі: «Біятэхналогіі для сельскай гаспадаркі», «Лічбавае земляробства», «Тэхналогіі і абсталяванне для жывёлагадоўлі», «Харчовая бяспека». На «БЕЛАГРА-2021» прадстаўлены шэраг апошніх распрацовак вучоных.

Экспазіцыю 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «БЕЛАГРА-2021» дапаўняюць выстаўкі «Белферма» (апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі) і «Белпрадукт» (прадукты харчавання). Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. У гэтым годзе ўдзел у выставе прымаюць звыш 400 кампаній з 16 краін: Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Нідэрландаў, Літвы, Кітая, Польшчы, Сербіі, Швецыі, Эстоніі, Італіі, Даніі, Чэхіі, Іарданіі. Асобнымі экспазіцыйнымі блокамі прадстаўлены прадпрыемствы Германіі і абласцей Расіі: Варонежскай, Растоўскай і Кіраўскай.


Тэгi
#выставы