1 ліпеня ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбыўся Круглы стол «Гуманітарная навука – беларускаму грамадству», прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковых арганізацый Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
Як адзначыў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, беларускі народ заўсёды імкнуўся да развіцця нацыянальнай культуры і здабывання дзяржаўнасці, што беларускія вучоныя ясна і пераканаўча паказалі ў пяцітомным выданні «История белорусской государственности». «Вопыт паказвае, што нягледзячы на шматлікія ўзрушэнні, якія пастаянна суправаджалі жыццё, беларускі народ не толькі змог захаваць і пранесці праз тысячагоддзі сваю мову, духоўныя і культурныя традыцыі, але і здолеў пабудаваць сваю дзяржаўнасць. Сёння беларускае грамадства ўпэўнена будуе суверэнную дзяржаву, развівае нацыянальныя духоўныя і культурныя традыцыі, навуку, грамадска-палітычны строй і сацыяльна-эканамічную сферу», – падкрэсліў Аляксандр Каваленя.
На пасяджэнні Круглага стала было адзначана, што ў сучасных умовах цывілізацыйнага развіцця гуманітарныя навукі абавязаныя ўзмацняць свой уплыў на стан духоўнага, культурнага, сацыяльна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця асобы. Іменна над гэтымі складанымі пытаннямі вучоныя Акадэміі навук працавалі ў 2016–2020 гадах, выконваючы задачы дзяржаўнай даследчай праграмы «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства». Сёння плённыя даследаванні працягваюцца ў новай праграме «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы».
За гады незалежнасці нашай краіны вучоныя-гуманітарыі значна актывізавалі навуковыя даследаванні, накіраваныя не толькі на асвятленне гісторыі беларускага народа, але і на ўмацаванне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, развіццё культуры і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. Падрыхтаваны і апублікаваны такія фундаментальныя выданні, як «Беларусы», «Гарады і вёскі Беларусі», «Нарысы гісторыі культуры», «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы», «Вклад белорусского народа в Победу в Великой Отечественной войне», «Страна в огне», першы ў Еўропе «Вялікі гістарычны атлас», першы і адзіны ў свеце 37-томны «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», арыгінальныя выданні «История белорусской государственности», «Республика Беларусь - 25 лет созидания и свершений». Толькі ў 2016–2020 гадах вучонымі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі было апублікавана больш за 20 тысяч навуковых прац, з якіх амаль 4500 апублікаваны ў замежных навуковых выданнях. Падрыхтавана і выдадзена 2066 кніжных выданняў, у тым ліку 626 манаграфій, 248 даведнікаў і энцыклапедый, 403 зборнікі навуковых прац.
Прэс-служба НАН Беларусі