Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.08.2021

НАН Беларусі і Курчатаўскі інстытут падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва да 2030 года

27 ліпеня 2021 г. адбыўся візіт дэлегацыі Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» пад кіраўніцтвам прэзідэнта НДЦ Міхаіла Кавальчука. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, кіраўніцтва НАН Беларусі і падведамасных арганізацый.

Госці пазнаёміліся з экспазіцыяй пастаяннай выставы НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці». Адбыліся перамовы па патаннях развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У ходзе сустрэчы была падпісана дарожная карта супрацоўніцтва на перыяд да 2030 года. Подпісы пад дакументам паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і прэзідэнт НДЦ Міхаіл Кавальчук. Дарожная карта супрацоўніцтва ўключае ў сябе больш за 40 мерапрыемстваў, у тым ліку ў ядзернай энергетыцы, ядзернай медыцыне, генетычных даследаваннях, распрацоўцы беспілотных лятальных апаратаў, іншых напрамках.
Як падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, «супрацоўніцтва з Курчатаўскім інстытутам уяўляе для нас вялікі інтарэс. Гэта не толькі ядзерныя даследаванні, атамная энергетыка. Інстытут займаецца шэрагам праблем (матэрыялазнаўства, геномныя тэхналогіі, медыцына, генетыка ў сельскай гаспадарцы) і ўвесь час пашырае тэматыку сваіх даследаванняў. Сёння мы падпісалі дарожную карту, якая адкрывае больш шырокія гарызонты для буйных сумесных праектаў». Міхаіл Кавальчук звярнуў увагу, што цяпер разгортваюцца надзвычай моцныя праекты, звязаныя з новай даследчай інфраструктурай на базе магутных установак – мегасайенс. «Такая праграма цяпер запушчана ў Расіі, інфраструктура на працягу 5-7 гадоў павінна будзе стаць самай дасканалай у свеце. У сувязі з гэтым уяўляецца вельмі важным, з улікам патэнцыялу Беларусі, аднавіць адзіную навукова-даследчую прастору ў рамках Саюзнай дзяржавы. З гэтай мэтай мы сёння падпісалі з кіраўніком Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дарожную карту», – патлумачыў ён. Па ягоных словах, было прапанавана адкрыць філіял Курчатаўскага інстытута на базе НАН Беларусі для ўзмацнення інтэграцыі і кааперацыі. Таксама сярод прапаноў – адкрыццё ў Беларусі філіяла Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута. «Акрамя гэтага, мы дамовіліся, што будзе рыхтавацца праект міждзяржаўнага пагаднення аб уступленні Беларусі ў міжнародны цэнтр на базе рэактара ПДК у Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам», – дадаў кіраўнік НДЦ «Курчатаўскі інстытут».

Нацыянальны даследчы цэнтр «Курчатаўскі інстытут» – адзін з вядучых навуковых цэнтраў свету, міждысцыплінарная нацыянальная лабараторыя. У ХХ стагоддзі ён адыграў ключавую ролю ў гарантаванні бяспекі і развіцці найважнейшых стратэгічных напрамкаў, уключаючы распрацоўку і стварэнне ядзернай зброі, атамнага падводнага і надводнага флотаў, атамнай энергетыкі. Сёння Курчатаўскі інстытут валодае ўнікальнай даследча-тэхналагічнай базай, ажыццяўляе даследаванні і распрацоўкі па шырокім спектры напрамкаў сучаснай навукі і тэхналогій: ад энергетыкі, канвергентных НБІКС-тэхналогій і фізікі элементарных часціц да высокатэхналагічнай медыцыны і інфармацыйных тэхналогій.


Тэгi
#візіты