64-я сесія Камітэта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па выкарыстанні касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі прайшла ў Вене з 25 жніўня па 3 верасня 2021 года.
З-за распаўсюджання ў свеце каронавіруснай інфекцыі сесія праходзіла ў гібрыдным рэжыме, які прадугледжваў абмежаваны вочны і віртуальны фармат. У пасяджэнні Камітэта прымала ўдзел дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Сяргеем Кіліным, які выступіў 1 верасня 2021 года з дакладам «Інавацыі і касмічныя даследаванні: узаемаабагачальнае развіццё».
Як падкрэсліў кіраўнік беларускай дэлегацыі, Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем навукова-тэхнічнага развіцця. «Даследаванні ў галіне космасу адносяцца да асноўных нацыянальных прыярытэтаў. У касмічнай сферы наша краіна супрацоўнічае са многімі дзяржавамі. Найбольш актыўна такое супрацоўніцтва развіваецца з Расіяй, як у двухбаковым фармаце, так і на рэгіянальным узроўні ў рамках СНД і ЕАЭС», - сказаў Сяргей Кілін. Ён нагадаў, што Беларусь у складзе СССР была тэхналагічным цэнтрам оптыкі і мікраэлектронікі. Гэтыя два напрамкі і сталі асновай для развіцця нацыянальнай касмічнай праграмы. Сёння ў Беларусі працуе вытворчасць аптычнай мэтавай апаратуры для спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і электронных кампанентаў для касмічнай тэхнікі. Распрацоўваюцца таксама перадавыя тэхналогіі апрацоўкі інфармацыі, новыя вырабы і матэрыялы для касмічнага прымянення. «Распрацоўка і вытворчасць бартавой навуковай апаратуры дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, стварэнне праграмна-апаратных комплексаў лічбавай апрацоўкі касмічнай інфармацыі, унікальных стэндаў для даследавання цеплавой абароны касмічных апаратаў, сістэм і комплексаў тэлеметрычных і траекторных вымярэнняў характарыстык палёту ракет-носьбітаў - гэта далёка не поўны спіс нашых распрацовак для касмічнага выкарыстання», - звярнуў увагу намеснік Старшыні Прэзідыума НАН. Як адзначыў Сяргей Кілін, Беларусь, маючы нацыянальную касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, развітую навуку, робіць значны ўнёсак у міжнародныя праекты па вывучэнні працэсаў, што адбываюцца на зямной паверхні і ў касмічнай прасторы. Створаная для гэтых мэт навуковая апаратура працуе на борце Міжнароднай касмічнай станцыі. Беларускія вучоныя для міжнароднага касмічнага праекта па даследаванні Меркурыя стварылі шматслойныя электрамагнітныя экраны, усталяваныя на борце японскага касмічнага апарата Mercury Magnetospheric Orbiter, які ўдзельнічае ў даследчай місіі Bepi Colombo, падрыхтаванай Еўрапейскім касмічным агенцтвам (ESA) сумесна з Японскім агенцтвам аэракасмічных даследаванняў (JAXA). «З іншага боку, станаўленне нацыянальнай касмічнай галіны дазволіла нам развіць вытворчасць інавацыйных аптычных і мікраэлектронных вырабаў для прымянення і з іншымі мэтамі. Створаны новыя працоўныя месцы і ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў у высокатэхналагічных галінах. Навуковыя інавацыі і запатрабаванні касмічнай сферы ўзаемаабагачальныя, яны даюць унікальныя магчымасці для развіцця чалавечага патэнцыялу, адначасова выступаючы лакаматывам эканамічнага развіцця», - падкрэсліў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН.
Беларусь стала членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі ў 2014 годзе.